Абсалютная большасьць дэлегатаў зьезду БНФ падтрымала Вячорку і ўдзел у «Народнай кааліцыі 5+».

Апанэнты выступалі за адмову ад хаўрусу зь лібэраламі й камуністамі ды гуртаваньне з нацыянальнымі сіламі.

Зьезд БНФ адбыўся 20 сьнежня пад Менскам. Памяшканьне шукалі сьпехам, бо «Раўбічы» скасавалі папярэднюю дамову арэнды. Ахову папярэдзілі не пускаць у залю паседжаньняў чужынцаў кшталту Севярынца ды Сіўчыка, якія, на думку арганізатараў, маглі сарваць работу. У прэзыдыюме быў заўважаны нядаўна вызвалены Віктар Івашкевіч. Дэлегаты і госьці, агульнай колькасьцю пад трыста чалавек, заслухалі справаздачу старшыні і намесьнікаў. Выступалі як дэлегаты, так і госьці сходу.

Прадстаўніца АГП Людміла Гразнова ўхваліла ўдзел БНФ у стварэньні «пяцёркі». Мастак Марачкін выказаў абурэньне паводзінамі Лукашэнкі на сустрэчы з інтэлігенцыяй. Сп.Яўменаў з Асіповіч адзначыў, што цяжка растлумачыць людзям, чаму немагчымы эканамічны рост без адраджэньня Беларушчыны. Чуліся прапановы адкрыць партыйную газэту, падтрымаць (хоць маральна) дэпутатаў Фронту ў мясцовых саветах.

З трыбуны гучала й рэзкая крытыка. Амаль не праводзяцца масавыя акцыі, замест працы з насельніцтвам — размовы ў кабінэтах. Фронт рассыпаецца, губляе знакавыя фігуры і актыўную, дзейную моладзь. Слова «БНФ» незваротна забруджанае прапагандай. Трэ мяняць назву арганізацыі (сьмех у зале). Дасталося Вячорку за кантакты з калякінцамі, за тое, што Фронт саступае ў папулярнасьці АГП. Гучалі заклікі зьмяніць тактыку, стратэгію і кіраўніцтва. Вінцук слухаў гнеўныя тырады моўчкі, амаль не перабіваючы нават тады, калі адведзены прамоўцу час сканчаўся. Калі ж яго занадта нахвальвалі асобныя прыхільнікі, старшыня званіў у званочак. Сапраўдны палітык.

Хвалілі за тое ж, за што й лаялі: за пашырэньне міжнародных стасункаў партыі, супрацоўніцтва зь іншымі дэмсіламі, пераход ад вулічных формаў барацьбы, як малапэрспэктыўных, да спробаў стварыць сыстэмную апазыцыю. Прыхільнікі Вячоркі адзначалі, што Севярынец сам бачыў «Малады фронт» самастойнай арганізацыяй. «Давайце будзем сябрамі», — заклікалі выступоўцы. Пагадзіцца з тэзысам, што Беларусь акупаваная, што выбары трэба байкатаваць, няма ніякай магчымасьці. «Увогуле, грамадзтва нашае нармальнае. Трэба толькі пазбавіцца лукашызму», — адзначаў Вячорка.

Алесь Астроўскі з Горадні наракаў на слабы ўдзел Фронту ў курапацкай справе. Вінаваціў кіраўніцтва ў правале сьвяткаваньня 85-й гадавіны БНР, няўменьні захоўваць адзінства з ідэйна блізкімі сіламі. Галоўнае, на яго думку, не адхіленьне Лукашэнкі, а пабудова беларускай дзяржаўнасьці: «Мы павінны быць службоўцамі-прафэсіяналамі, а ня вулічнымі змагарамі. Трэба набываць веды. Грамадзтва павінна адчуць, што ёсьць альтэрнатыва ўладзе. І гэта — мы!» Адчувалася, што крытыкі Вячоркі ня маюць ідэалягічных разыходжаньняў зь ім, але не ўхваляюць ягонае практыкі кіраваньня і сумняюцца ў ягоным лідэрскім патэнцыяле. Іхным прапановам не ставала канкрэтыкі. «Перайсьці да дзеяньняў па дэлегітымізацыі рэжыму», — прапаноўваў Анатоль Фёдараў. Але якіх? «Яднацца з патрыятычнымі сіламі». Але зь якімі, калі большасьць зь іх пабудавана на прынцыпе правадырызму? Хоць незадаволенасьць і боль, што гучалі ў іхных выступах, больш чым зразумелыя.

Пасьля гарачых дыскусій 151 дэлегат з 221 ацанілі дзейнасьць кіраўніцтва як здавальняючую. На пасаду старшыні партыі былі вылучаныя Алесь Астроўскі, Анатоль Фёдараў, які вінаваціў кіраўніцтва Фронту ў партыйных чыстках, Алесь Міхалевіч і Вінцук Вячорка. Фёдараў сваю кандыдатуру зьняў на карысьць Астроўскага. «Астроўскі разумны, адукаваны чалавек, але ж як ён будзе кіраваць з Горадні», — разважалі ў калідорах. Міхалевіч адмовіўся на карысьць Вячоркі. За Вячорку прагаласавалі 149 дэлегатаў, Астроўскі здабыў падтрымку 55 чалавек.

Старшыня прапанаваў кандыдатуры намесьнікаў. Хтосьці прапанаваў Астроўскага, але, згодна з рэглямэнтам, намесьнікам ня можа стаць чалавек, які балятаваўся на пасаду старшыні. У Фронце павінна быць строгая падпарадкаванасьць. Гэта вам не лібэральная АГП. Намесьнікамі абралі Віктара Івашкевіча, Юр’я Хадыку, Аляксея Янукевіча і Алеся Міхалевіча.

У рэзалюцыі зьезду патрабуецца спыніць прыніжэньне беларусаў «ва ўгоду палітыканскім задумам А.Лукашэнкі», заяўляецца, што нельга называць «выбарамі» спэктакль, які ладзіцца рэжымам, але ж вітаецца ўдзел у кампаніі з мэтай рэклямы ідэй партыі і руху ў грамадзтве. Рэзалюцыя зьмяшчае заклік да міжнароднай супольнасьці ажыцьцяўляць перадвыбарчы маніторынг у краіне. Будучыня Беларусі — у супольнасьці свабодных народаў Эўропы. Зьезд вітае стварэньне «Народнай кааліцыі 5+», заснаванай на прынцыпах дэмакратызацыі, сфармуляваных АБСЭ. Гэта спыненьне палітрэпрэсіяў, свабода СМІ, празрыстыя, роўныя і справядлівыя выбары, падзел уладаў. І, канечне, захаваньне незалежнасьці Беларусі.

Нельга не адзначыць сьмеласьці, зь якой Вячорка прывёў у кіраўніцтва партыі моладзь — Янукевіча й Міхалевіча. Гэта вястуе непазьбежную калісьці зьмену пакаленьняў.

Яўген Лагоўскі