Беларуская музыка з моды вузкага кола ператвараецца ў масавую

Дэбюты

На апошнім «Басовішчы» яскравых дэбютантаў было шмат. Берасьцейская «Сьцяна» прыемна зьдзівіла якаснымі аранжаваньнямі з выкарыстаньнем духавых інструмэнтаў. «IQ 48» выдалі пару ўдалых нумароў, але што ў пэрспэктыве? Асабліва калі музычная мода зьменіцца. Вельмі няблага выглядала сёлета група «Indigo». З блюзавых камандаў, якія набіраюць абароты, назаву «Mary Long», хоць найбольш яркім дэбютам я назваў бы блюзава-бугавую суполку «Big Val, Svet & Al»: тут і перамога ў міжнародным конкурсе, і сапраўдная актыўнасьць у клюбным жыцьці.

Кабзон не прыехаў

Заблытаная гісторыя з адменай выступу Іосіфа Кабзона мае сама меней два тлумачэньні. Першая вэрсія — ліст вядомых дзеячоў беларускага мастацтва з просьбай адмяніць канцэрт, які выпадаў на Дзень Волі. Але больш рэальна выглядае іншая вэрсія: білеты папросту не «пайшлі». Як і на многія іншыя канцэрты раней запатрабаваных у Беларусі расейскіх зорак. Тэндэнцыя, аднак!..

«Каза» ломіцца

А канцэрты беларускіх выканаўцаў зьбіраюць усё больш слухачоў. Аншлягі на некаторых канцэртах прымушаюць клапаціцца пра набыцьцё квіткоў загадзя. І ня толькі на такія добра рэклямаваныя паказы, як «Крамбамбуля» ці «Сьвяты Вечар», для якіх і «Казы» на 1300 месцаў замала. А аншляг на «Грыфаманіі-2003»? Беларуская музыка перастала быць модай у вузкіх колах апантаных, а пачала карыстацца куды больш шырокай папулярнасьцю. Канцэрты сталіся больш відовішчныя. На выступе «Крамбамбулі» ў кастрычніку вакол рок-каралёў вальсавала пара, скакала балерына, ім падпявала салістка опэры Ніна Цішко. На «Сьвятым Вечары» ў сьнежні побач з рок-музыкамі выступаў хор «Арханёл».

Слава Мінінфармацыі!

Мінінфармацыі, якое сёлета вызначылася нечуваным раней «наездам» на недзяржаўную прэсу, у галіне папулярнай музыкі зрабіла тое, чаго ня здолелі зрабіць за ўсе гады ні прыватныя асобы, ні дзяржаўныя структуры. Загад аб рэглямэнтацыі прысутнасьці беларускай музыкі ў этэры даў прыкметны плён: прымус адбіўся і на наведваньні канцэртаў, і на росьце накладаў дыскаў. Калі Мінінфармацыі пойдзе далей і зарэглямэнтуе абмежаваную прысутнасьць у этэры трэцясортнай расейскай папсы, прыбыткі беларускага шоў-бізнэсу (а такім чынам, і падатковыя адлічэньні ў бюджэт) яшчэ падрастуць. І выйграе ад гэтага, як кажа Аляксандар Рыгоравіч, беларускі народ. А музыкі — народ таксама.

Страты

Год 2003 быў багаты на страты. Аднаго сыходу Ўладзімера Мулявіна, знакавай постаці ня толькі ў маштабах Беларусі, зь лішкам хапіла б на тое, каб афарбаваць 2003-і ў самыя змрочныя фарбы. «Песьняры» страцілі яшчэ й барабаншчыка Ўладзімера Бяляева. А група «Сузор’е» канчаткова набыла статус невяртальнай легенды: амаль адначасова зь Бяляевым, у тым самым веку, у той жа Амэрыцы пайшоў з жыцьця Валянцін Пучынскі, аўтар большасьці гітоў «Сузор’я».

«Песьняры»

патроіліся

Наступствы адыходу Мулявіна даюцца ў знакі: цяпер мы маем тры калектывы, так ці інакш зьвязаныя з спадчынай «дзеда» беларускага року. Леанід Барткевіч зарэгістраваў у Расеі гандлёвую марку «Песьняры» і тым самым назаўсёды закрыў Беларусь для канцэртаў свайго брэнду: з гэтай назвай Леаніда тут наўрад хто пацерпіць. Ёсьць жа свая, дзяржаўная капэла. Дый «Беларускія песьняры» нарэшце пераканалі стратэгаў зь Мінкульту, што закрываць для іх Беларусь было памылкай... Падобна, граблі сталі прадметам інтэр’еру прыёмнай Міністэрства: тое, што рабілася год таму ў дачыненьні да «БП», цяпер паўтараецца ў дачыненьні да ВІА Л.Барткевіча.

Кніга Барткевіча

Год пазначыўся ў гісторыі беларускай поп-музыкі першым грандыёзным скандалам, зьвязаным з прысабечваньнем чужой інтэлектуальнай уласнасьці. Барткевіч ушчаміў у кніжку нібыта ўласных успамінаў пра «Песьняроў» цэлыя блёкі тэкстаў, да аўтарства якіх ён, нібыта, ня мае дачыненьня. Працяг гісторыя плягіяту атрымае ў 2004 г. Пацярпелы былы «пясьняр» Уладзімер Мікалаеў свае выкарыстаныя Барткевічам успаміны зьбіраўся выдаваць сам. Леанід дамогся аднаго: у выніку скандалу кніжка разышлася вельмі хутка.

Нашы на «Эўрабачаньні»

Мастацкі ўзровень конкурсу «Эўрабачаньне» саступае камэрцыйнаму. Вось чаму на ім варта проста «засьвяціцца». Дэбют у дзіцячым конкурсе 2003 г. для Беларусі быў надзвычай пасьпяховы: зь першага разу — і адразу на чацьвертую пазыцыю. Невядома, ці зробіць кар’еру прафэсійнай сьпявачкі Вольга Сацюк, але пярэпалаху яе ўдалы выступ нарабіў. Як пройдзе дэбют Беларусі ў «дарослай» катэгорыі — пабачым у 2004-м. Колькі той зімы!

muzic.fromby.net

Найбольш дынамічны з усіх новых музычных праектаў у беларускім Cеціве. Робіцца апэратыўна, з выдумкай, інфармацыйна насычаны, нягледзячы на ўсе «хваробы росту». Адно, што пачынае турбаваць: як бы стваральнікі гэтага сайту не замкнуліся ў рокавай прасторы. Бо сваю аўдыторыю сайт ужо мае, а яна, як паказала практыка, агрэсіўна выступае супраць іншай (хоць бы папсовай) стылістыкі. Між тым задача гэтага рэсурсу — папулярызаваць усю палітру таго, што мы маем у музыцы. І, пажадана, бяз моўнай і стылёва-жанравай дыскрымінацыі.

У вядомыя — бязь візы?

Год прынёс трэці ў гісторыі беларускай музыкі трыб’ют. Перапетай аказалася група «NRM». Можна спрачацца адносна мастацкай вартасьці зробленага і разважаць, ці надышоў час адліваць прыжыцьцёвы бронзавы бюст Вольскага і кампаніі ды закладаць ганаровую зорку каля «Казы», аднак кіравацца ўсё ж варта рынкам: калі трыб’ют набываюць, значыць, права на жыцьцё ён мае. Выданьне пацьвярджае, што абсягі «легендарнасьці» ў нашым музычным шоў-бізнэсе пашыраюцца. Вось толькі ня пэўны, што працяг гэтага праекту можа быць гэткі ж пасьпяховы: усе ведаюць, у што ператвараецца гісторыя, якая паўтараецца.

Увогуле суцяшальных і аптымістычных тэндэнцый было ў 2003 годзе як ніколі шмат. З чым вас усіх і віншую!

Зьміцер Падбярэскі