Сёлета беларускія музыкі зьнялі чатыры дзясяткі кліпаў — удвая болей, чым летась
Слава Корань шліфаваў сваё «Люстэрка» два гады, і вось сёлета задаволіўся працай і выдаў плытку. Альбом атрымаўся вар’яцкім у добрым сэнсе гэтага слова. Што ні песьня — то шэдэўр. Толькі вось ня можа Корань зладзіць прэзэнтацыю праграмы.
Грымнуў «Паравінамі году» Зьміцер Вайцюшкевіч. Дзеля гэтага альбому ён нават адклаў працу над вершамі Маякоўскага. У «Паравінах» мы пачулі Тодара невядомага. Тодара-шансанье, Тодара-мэлядыста. Не жартаваў канфэрансье Віктар Шалкевіч на канцэрце «Сьвяты Вечар», калі назваў Тодара «вядомым беларускім кампазытарам».
Праект «Крамбамбуля 1 1/2» заангажаваў ня толькі рок-каралёў мінулых гадоў — Вольскага, Кулінковіча, Міхалка, але й беларускіх спартоўцаў. З «Крамбамбулі» беларускую музыку пачалі слухаць тыя, хто раней не зьвяртаў на яе ўвагі. Дыск «Каралі раёну» набылі больш за 5000 чалавек — гэта рэкорд для беларускага шоў-бізу.
У 2003 г. адусюль — з тэлевізара й радыё, з форткі суседа, з альтанкі ў двары — чулася: «Панаехала гасьцей з іншаземных абласьцей». Іншыя песьні не настолькі авалодалі грамадзкай сьвядомасьцю, але ў гіт-парадах першыя месцы трымалі «Дзень без гарэлкі» Памідора, «Устану ранкам» Кораня, палацаўская «Ў лузе» з саўндтрэку «Настасьсі Слуцкай». Затое «Бэля» ў выкананьні Вольскага, Кулінковіча і Міхалка пакуль ня стала гітом.
Сёлета беларускія музыкі зьнялі пад 40 кліпаў — удвая болей, чым летась. Усе яны трапілі ў тэлератацыю. І гэта нягледзячы на тое, што кліпавае мастацтва — дарагая забава: якасна зьняты ролік каштуе пад 6 тыс. даляраў. Музыкі выкручваліся хто як. «Дай дарогу» нарэзала кадраў з хранікальных і аматарскіх відэаздымкаў аж на чатыры кліпы. «Безь білета» здымалі дажджысты праспэкт Скарыны з акна таксоўкі. Модныя цяпер анімацыйныя кліпы — як у «Крамбамбулі» ці «Ляпіса Трубяцкога». Зазвычай энтузіязму ў маладых гуртоў хапае толькі на дэбютны кліп. Потым прыходзіць усьведамленьне, што лепей раз самому зьявіцца ў этэры, чым 150 разоў пракруціць кліп.
Сяргей Будкін