Дзясятка грандыёзных мыльных бурбалак году

Зброя масавага зьнішчэньня

Найбольшую «бурбалку» году пусьцілі Джордж Буш і Тоні Блэр. Гэта інфармацыя пра наяўнасьць зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. Вайну распачалі, тысячы людзей палажылі, а зброі Садамавай не знайшлі. Урэшце амэрыканцы абвясьцілі, што зброя ўсё ж ёсьць, але ведае пра месца, дзе яна схаваная, толькі сам Садам. Садама злавілі — і паабяцалі, што ён будзе мець «ільготы» ў судзе, калі пакажа месца захаваньня той зброі. Ну, апраўдацца можна тым, што адным дыктатарам стала меней.

Без самавара і «Пагоні»

Шуму вакол «першага беларускага гістарычнага блякбастэру» было шмат. Аднак хутка выявілася, што ў фільме ня так і многа гістарычнага, а яшчэ менш беларускага. З ужо зьнятага фільму выкінулі згадкі пра захоплены расейцамі Смаленск і прамову Настасьсі да войска: «Мы — ліцьвіны і павінны абараняць сваю зямлю». Міністар культуры Гуляка, пабачыўшы ў кадры герб Слуцку — «Пагоню», загадаў: «Прыбраць!» Казалі, што дырэктар «Беларусьфільму» сам выразаў «крамольныя» кадры з кінастужкі.

Навуковыя кансультанты фільму кажуць, што магло быць горш. Кандыдат гістарычных навук Лявон Калядзінскі пераканаў кіношнікаў ня ставіць на стол літоўскіх князёў расейскі самавар ХІХ ст., пашыць вайсковую вопратку, адпаведную эпосе, зьняць фільм ня ў Мірскім замку, а ў драўляных дэкарацыях.

Слухай, а гэта сваё?

На пачатку году зьявілася рашэньне Саўміну пра тое, што з 1 чэрвеня ў радыёэтэры (у прыватнасьці, на цалкам расейскамоўных FM-станцыях) частка вяшчаньня павінна аддавацца беларускай музыцы і навінам альбо праграмам уласнае вытворчасьці. Сьпярша вялася гаворка пра 30—40%, потым — пра 50% беларускай музыкі. Загад выйшаў, але беларускай музыкі пабольшала ненашмат. Ня маючы дастаткова кампактаў, каб запоўніць імі палову этэрнага часу, радыёстанцыі сталі круціць запісы расейскіх сьпевакоў, зьвязаных зь Беларусяй: Юр’я Антонава (вучыўся ў Маладачанскай вучэльні), Барыса Маісеева (нарадзіўся ў Магілёўскай турме) і іншых.

Мухі, катлеты, рублі…

Расея патрабавала ад нашай краіны пераходу на расейскі рубель з 1 студзеня 2005 г. Лукашэнка падумаў — і даў згоду. Праўда, пераход на расійскі рубель у нашым Нацбанку бачылі ня так, як у расейскім Цэнтрабанку. «Толькі два эмісійныя цэнтры», — такая пазыцыя Нацбанку. Банкіры сварыліся доўга і выдалі ўрэшце грандыёзны пшык: увосень расейскі віцэ-прэм’ер Кудрын патлумачыў, што абмяркоўваць умовы пераходу на адну валюту з 2005 г. — позна.

«Падлужніца»

Гуманітарнікі першыя два месяцы году абмяркоўвалі новы варыянт правапісу, які распрацаваў Інстытут мовазнаўства пад кіраўніцтвам дырэктара Аляксандра Падлужнага. Новы варыянт меўся стаць прамежкавым паміж «тарашкевіцай» і «наркамаўкай». І слова «прэзыдэнт», паводле новага правапісу, мелася пісацца зь вялікай літары. Найбольшае абурэньне выклікала тое, што праект правапісу распрацоўваўся келейна, без шырокага абмеркаваньня. Саюз пісьменьнікаў нават прыняў адмысловы зварот: маўляў, чаму нават майстры слова адхіленыя ад магчымасьці абмеркаваньня? Да пісьменьнікаў прыслухаліся, праект ім пачытаць далі. А пасьля ён шчасьліва згубіўся недзе ў нетрах Адміністрацыі прэзыдэнта.

Бескаралеўе

Грамадзкі камітэт па сьвяткаваньні 750-годзьдзя каранацыі Міндоўга меў грандыёзныя пляны: прасіць аб афіцыйным перайменаваньні старажытнай сталіцы ў «Наваградак», паставіць помнік каралю, правесьці канцэрты й навуковыя канфэрэнцыі, выпусьціць адмысловую манэту й марку, аднавіць пастаноўку опэры «Князь Наваградзкі»… Рэальна грамадзкі камітэт адужаў правесьці толькі мастацкую выставу й невялікі канцэрт. Мінкульт ад удзелу ў сьвяткаваньні практычна ўхіліўся: афіцыйныя ўлады правялі толькі навуковую канфэрэнцыю ў Наваградку.

Бунт машынаў

24 лістапада мелася адбыцца першая відэатрансьляцыя прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі ў Інтэрнэце. Прадэманстраваць «прасунутасьць» не ўдалося: прэзыдэнцкі сайт ляснуўся ў першыя ж хвіліны трансьляцыі ад жахлівай перагрузкі. Доступ да віртуальнага «цела» быў вельмі абмежаваны і здаваўся запісаным загадзя.

Унівэрсытэцкае золата

Пры канцы году ў галоўнай ВНУ краіны — Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце — выявіліся зладзеі. Кіраўнікоў прыўнівэрсытэцкага прадпрыемства «Унікаштмэт» праз тэлевізію абвінавацілі ў крадзяжы 35 кіляў золата. Пад падозраньне ў суўдзельніцтве патрапіў нават рэктар Аляксандар Казулін. Пагатоў улады, здаецца, даўно шукалі, за што б яго зьняць. На ягонае месца перасеў экс-міністар адукацыі Васіль Стражаў. Праўда, хутка выявілася, што золата ніхто ня краў, хіба што мытныя дакумэнты афармлялі не зусім правільна. Дый з Казуліна абвінавачаньне зьнялі. Але на рэктарскае крэсла ўжо не вярнулі.

Дзяржаўная ідэалёгія

Яна ёсьць. Але яе няма.

Хто сказаў «рэфэрэндум»?

Чуткі пра рэфэрэндум аб трэцім прэзыдэнцкім тэрміне хадзілі ўвесь год. Незалежныя аналітыкі прагназавалі наступствы, з дакладнасьцю да гадзіны вылічвалі час яго правядзеньня, партыі прымалі пагрозьлівыя заявы. Лукашэнкавы фразы пра тое, што «я яшчэ і паловы другога тэрміну не адбыў», успрымаліся як дакладны знак. А рэфэрэндуму ўсё няма. І невядома, ці будзе.

Аркадзь Шанскі