2003

Сьвятлана Зелянкоўская — актрыса году і сэкс-сымбаль беларускага кіно. У «Настасьсі Слуцкай» яна, ніводнага разу не агаліўшыся, увасобіла цалкам аголеную дзяржаўную ідэалёгію, а ў «Акупацыі» сыграла партызанскую Марыю Магдалену. Цяпер былая акторка Купалаўскага тэатру, Чорная панна Нясьвіжу, сьпявачка «Госьціцы» задумала з сваёй суперніцай па «Настасьсі» Веранікай Кругловай супольны музычны праект «Суперніцы». Настасься — адгалосак постсавецкай настальгічнай моды на ўсё славянскае. Славянскае ў нас усё — ад каўбасаў да шакаляду. Але то Настасься. Сьвятлана ж — густоўная артыстка і сапраўдны эталён беларускай прыгажосьці-2003.

Калега па цэху Ніколь Кідман у фільме Ларса фон Трыера «Догвіль» дэманструе, як кволая ахвяра чалавечай жорсткасьці можа ператварыцца ў бязьлітаснага забойцу, не пазбаўленага, аднак, прыцягальнасьці. Кар’ера акторкі заўважна пайшла ўгару пасьля разводу з Томам Крузам.

Плыўчыха Аляксандра Герасіменя стала беларускай Каралевай спорту’2003, нягледзячы на дыскваліфікацыю за ўжываньне допінгу. Яшчэ Аляксандра сёлета паспрабавала сябе ў кіно. Праўда, у анімацыйным: была заўважаная сярод «гасьцей з іншаземных абласьцей» у кліпе «Крамбамбулі».

Кітаянка Кі Гуан стала толькі трэцяй міс сьвету, хоць чэмпіянат праводзіўся акурат у яе на радзіме. Аўтарытэт Крыса дэ Бурга, бацькі галоўнай прызэркі, пераважыў упадабаньні кітайцаў, якія з усяе моцы любілі сваё. Пераможца — абсалютна стандартная бляндынка з банальнымі рысамі твару. Ці ня час углядзецца ў твар кітайскай прыгажуні, за якой — мільярды яе суайчыньнікаў і больш як тысячагадовая культура? Сёлета ж паляцеў у космас першы кітаец Ян Лівэй — і безь ніякіх качагараў.

Яшчэ адзін прыгажун-авіятар Раландас Паксас увайшоў у крутое піке: праз паўгоду пасьля абраньня прэзыдэнтам Літвы апынуўся на мяжы імпічмэнту праз карупцыю. Парлямэнт бушуе, а простым літоўцам Паксас даспадобы: мала таго што лётчык, яшчэ і сьпявае прыгожа.

На грузінскую сьпікерку Ніно Бурджанадзэ заглядаўся ў дні «шэварднадзэгейту» ўвесь сьвет. Нават плэйбой Саакашвілі да прэзыдэнцкіх выбараў 4 студзеня прызнаў яе царыцай.

Калі мяняе прычоску Дэвід Бэкхем, капітан ангельскай нацыянальнай зборнай па футболе, гэта робяць усьлед усе ягоныя фаны. Марадона кажа — Бэкхем занадта прыгожы для футбольнага поля; Ранальда кажа — Бэкхем пацее адэкалёнам, а ангельскія сацыёлягі падвялі пад яго папулярнасьць навуковую базу: маўляў, футбольная зорка ўдала спалучае рысы мужчынскасьці і хлапечасьці, ён працавіты спартсмэн і гаспадарлівы муж, ён зьмяніў стаўленьне ангельцаў да сям’і і прывіў ім талерантнасьць да гомасэксуалістаў.

На зьмену галівудзкаму шарагоўцу Раяну прыйшла цалкам рэальная амэрыканская ваярка Джэсыка Лінч. Яна трапіла ў палон у Іраку, і яе вызваленьне падавалася мэдыямі як сымбаль перамогі ў неспадзявана зацягнутым бліцкрыгу. 19-гадовая Джэсыка прызнавалася, што ў пустэльні ёй не хапала дрэваў: дзяўчына ўсё жыцьцё правяла сярод лясоў. Вось вам алюзія на Тарзана.

Ёшка Фішэр, 55-гадовы міністар замежных справаў Нямеччыны, сёлета разьвёўся з сваёй чацьвёртай (!) жонкаю. І ажэніцца ў пяты раз. З кожным разам ягоныя абраньніцы робяцца ўсё маладзейшыя. Адзін з слоганаў выбарчай кампаніі’2002 быў: «Зялёныя — сэксі». Пераканаўчасьці ў вачах выбаршчыц яму надало паказальнае пахуданьне на дзясяткі кіляграмаў.

Садама Хусэйна непазнавальна зьмянілі месяцы, праведзеныя ў схованках. Фатаздымкі раптоўна састарэлага на некалькі дзесяцігодзьдзяў Садама з павуціньнем у барадзе — страшылка для ўсіх дыктатараў.

ВД, СМ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0