У Польшчы 2004-ы абвешчаны годам Вітальда Гамбровіча, а ў Расеі — годам Міхала Глінкі. Дарэчы, у Беларускай энцыкляпэдыі Глінка называецца не расейскім, а проста кампазытарам — акцэнт робіцца на беларускім паходжаньні творцы. Зусім неабавязкова год называць імем гістарычнага дзеяча. Вось у Бразыліі 2004-ы абвешчаны годам памяці Айртана Сэны — акурат будуць дзясятыя ўгодкі гібелі гэтага гоншчыка «Формулы-1»… У Карэліі новы год будзе годам карэльскай тапанімікі, а ў Маскве — годам Астанкінскай тэлевежы. ААН абвесьціла наступны год годам рысу. Аказваецца, палова чалавецтва харчуецца амаль выключна рысам і рысу гэтага бракуе. Гэта будзе таксама год Алімпійскіх гульняў, парлямэнцкіх выбараў у Беларусі і 500-годзьдзя Будслаўскага касьцёлу.

Налета споўніцца 975 гадоў ад нараджэньня Ўсяслава Чарадзея. 600 гадоў — з моманту ўваходжаньня Смаленскага княства ў Вялікае Княства Літоўскае. 475 — з моманту выданьня першага Статуту ВКЛ на старабеларускай мове. 375 гадоў таму пачалося жыцьцё Сімяона Полацкага, беларускага асьветніка ды інсьпіратара расейскай прафэсійнай паэзіі. А 25 гадоў таму зьявілася Беларуская майстроўня — першае ў пасьляваеннай Беларусі арганізаванае адраджэнскае аб’яднаньне. Праз Майстроўню прайшлі дзясяткі людзей, якія сталі пасьля прафэсійнымі дзеячамі культуры або палітыкі.

Цяпер перагледзім наступны год больш дэталёва, за месяцам месяц. Ужо 1 студзеня 2004 г. споўнілася 75 гадоў Акадэміі навук Беларусі. Гэта не было фармальнае перайменаваньне Інстытуту беларускай культуры. Інбелкульт існаваў у часе нядоўгай савецкай беларусізацыі і быў яе флягманам, а Акадэмія навук ад пачатку ставілася да Беларушчыны бюракратычна. Тут часта служылі ня столькі навуцы, колькі ўладзе — што ў сталінскія часы, што пры цяперашнім аўтарытарызьме.

Было б дзіўна, калі б сярод соцень супрацоўнікаў АН не зьяўляліся сапраўдныя прафэсіяналы, паважаныя навукоўцы, а то й бунтаўнікі. Кожнаму даводзілася нямала сілаў траціць на змаганьне зь бюракратызмам. 12 студзеня споўніцца 75 гадоў Зьмітру Бугаёву — аднаму з галоўных прадстаўнікоў акадэмічнае плыні ў літаратурнай крытыцы. Ужо шмат гадоў студэнты вывучаюць беларускую літаратуру па кнігах прафэсара Бугаёва.

Наступны юбілей мог бы даць імя ўсяму году. 25 сту-дзеня споўніцца 200 гадоў ад нараджэньня паэта, мэмуарыста, аўтара «Песьні філярэтаў» Антона Адынца. Колькі ні пішы пра яго, усё напісанае будзе пра тагачасную Беларусь. Вось Гейстуны на Ашмяншчыне. Малюнак Напалеона Орды з подпісам аўтара: «Уласнасьць паэта Антона Эдварда Адынца. Тут ён нарадзіўся». А вось палац у Прылуках пад Менскам, якому Адынец прысьвяціў баляду. А вось касьцёл у Крашыне пад Баранавічамі. Тут у 1884 г., вярнуўшыся з Чылі, слухаў імшу Ігнат Дамейка. Яго суправаджаў сябар Антон Адынец. Два старыя пасадзілі тут два дубкі. Усталявалі памятны камень, на якім быў выбіты верш Адынца. Кажуць, выбіваў той верш крашынскі каваль Паўлюк Багрым... Вось такія легенды. Юбілей Адынца мог бы стаць у Беларусі прыгожай падзеяй. Калі б выйшлі па-беларуску ягоныя мэмуары ды зьявілася кніга пра яго самога.

31 студзеня споўніцца 75 гадоў гісторыку і грамадзкаму дзеячу Анатолю Грыцкевічу. Скончыў доктар Грыцкевіч мэдінстытут і інстытут замежных моваў, а стаў гісторыкам.

4 лютага — 75-гадовы юбілей Лявона Баразны. Баразна загінуў у 1972 г. Абставіны забойства ня высьветленыя, але многае паказвае на дачыненьне КГБ. Лявон Баразна — мастак, мастацтвазнаўца, адзін зь лідэраў адраджэнскага руху. Пад яго ўплывам выхоўваліся Зянон Пазьняк, Алесь Марачкін ды інш.

А 15 лютага споўніцца 100 гадоў Ларысе Александроўскай. Ёй выпала стаць увасабленьнем шчасьлівай савецкай Беларусі, якая не зважае на масавыя рэпрэсіі, прыватныя чалавечыя трагедыі і татальную русіфікацыю. Яна сьпявала Сталіну пра Беларусь. Яна сьпявала дэлегатам XVI зьезду КПБ: Чарвякову, які праз тыдзень скончыць жыцьцё самагубствам, Галадзеду, які выкінецца з акна будынку НКВД, Шаранговічу, якога расстраляюць, як і большую частку дэлегатаў таго зьезду... Яна сьпявала ім «Бывайце здаровы». Гэта была прэм’ера песьні.

1 сакавіка споўніцца 75 гадоў паэтцы Еўдакіі Лось. Міхась Скобла ў сваёй паэтычнай анталёгіі ХХ ст. піша пра яе: «Перакладала каўкаскіх джыгітаў, сярэднеазіяцкіх акынаў і сьвята верыла ў савецкі літаратурны інтэрнацыянал». Баялася сваё любіць больш, чым чужое. Мабыць, таму ў 1967 г. проста ў Саюзе пісьменьнікаў спаліла зборнік вершаў Ларысы Геніюш «Невадам зь Нёману». Самапрыніжэньне і сёньня дае сябе знаць у Беларусі, што ў літаратуры, што ў палітыцы.

14 сакавіка ў сьвеце будуць адзначаць 125-годзьдзе бацькі сучаснай фізыкі Альбэрта Айнштайна. А 25 сакавіка — у Дзень Волі — споўніцца 50 гадоў Уладзімеру Кур’яну, кампазытару, які напісаў музыку да знакамітых спэктакляў Купалаўскага тэатру «Тутэйшыя» і «Ідылія».

У красавіку — два стогадовыя юбілеі: 6-га нарадзіўся паэт Мікола Хведаровіч, які 18 гадоў жыцьця правёў у сталінскіх лягерах, а 25-га — Васіль Барысенка, які з 1937 г. узначальваў Інстытут літаратуры АН БССР. Пры Барысенку сотні беларускіх літаратараў былі расстраляныя і высланыя.

Травень 2004 г. адзначыцца трыма юбілеямі. 6-га споўніцца сто гадоў Паўлюку Трусу — аднаму зь любімых беларускіх паэтаў, які памёр 25-гадовым і пахаваны на Вайсковых могілках у сталіцы. 11 траўня таксама 100 гадоў будзе каталёнскаму мастаку Сальвадору Далі. А 24-га — стогадовы юбілей Адама Русака, на вершы якога было напісана пад 300 песень, у тым ліку і згаданая «Бывайце здаровы». Пясьняр калгаснага шчасьця скончыў Ленінградзкую кансэрваторыю па клясе скрыпкі і валторны.

І яшчэ адна травеньская дата. 20 траўня 350 гадоў таму войскі расейскага цара Аляксея Міхайлавіча перайшлі мяжу ВКЛ. За 12 гадоў вайны насельніцтва Беларусі зьменшылася напалову.

1 чэрвеня споўніцца 200 гадоў ад нараджэньня згаданага ўжо Міхала Глінкі. А 27-га адзначыць свае 50-я народзіны паэт Павал Марціновіч.

Ушануйма таго, хто йдзе

Напярэймы глухім навалам,

Не губляючы анідзе

Веры ў гулкі акорд фіналу.

Але тройчы ўшануйма тых,

Хто ступаў на сваю дарогу

Зь непахіснасьцю праваты,

Без надзеі на перамогу!

4 ліпеня споўніцца 100 гадоў з дня нараджэньня Анатоля Альшэўскага. Яго, як і сотні іншых заходнебеларускіх камуністаў, польская ўлада кідае ў турму і пасьля абменьвае на палітвязьняў з СССР — краіны, пра якую яны марылі. А там іх папросту расстрэльваюць. Як польскіх шпіёнаў. Імем гэтага Альшэўскага названая ў Менску адна з прыкметных вуліц.

9 ліпеня споўніцца 50 гадоў скульптарцы Сьвятлане Гарбуновай, аўтарцы помніка Сымону Буднаму ў Нясьвіжы. Ейны юбілей папярэднічае стагодзьдзю адразу двух літаратурных Нобэлеўскіх ляўрэатаў. 12 ліпеня нарадзіўся чыліец Пабла Нэруда, а 14-га — амэрыканец Ісак Башэвіс Зынгер, які прыйшоў на сьвет на вуліцы Крухмальнай у Варшаве.

15 ліпеня споўніцца 100 гадоў з дня сьмерці расейскага пісьменьніка Антона Чэхава.

6 жніўня — 100 гадоў Цімоху Гарбунову, які працяглы час быў старшынём Вярхоўнага Савету БССР, 7-га — 125 гадоў Пётру Крачэўскаму, старшыню Рады БНР, 30-га — 50 гадоў Аляксандру Лукашэнку. Краіна ў іх была адна, а дзяржавы зусім розныя.

10 жніўня споўніцца 75 гадоў паэту Алесю Ставеру. Яго імя патроху сьціраецца з энцыкляпэдыяў, а вершы — з анталёгіяў. Аднак застаюцца песьні — «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», «Беларусачка»...

28 жніўня мы адзначым 75-ю гадавіну «Дня калектывізацыі», калі за адзін дзень было створана паўтары сотні калгасаў, а партыйныя кіраўнікі выступілі з ініцыятывай зрабіць усю савецкую Беларусь «зонай суцэльнай калектывізацыі». Для гаспадарлівых сялян краіна сапраўды стала зонай.

30 жніўня споўніцца 200 гадоў Аляксандру Ходзьку. Ён нарадзіўся ў Крывічах Вялейскага павету. Пасьля вучобы патрапіў на расейскую дыпляматычную службу ў Пэрсію, стаў вучоным-усходазнаўцам. Падарожнічаў па сьвеце, пакуль урэшце не пасяліўся назаўсёды ў Парыжы. Яго паэзія поўная беларускага (як тады казалі, літоўскага) патрыятызму.

У верасьні мы адзначым 75-гадовыя юбілеі: 10-га — кампазытара Яўгена Глебава і 15-га — мастака Арлена Кашкурэвіча. 29 верасьня споўніцца 100 гадоў кінарэжысэру Льву Голубу, які зьняў знакавыя беларускія савецкія фільмы «Анюціна дарога», «Палянэз Агінскага», «Дзяўчынка шукае бацьку». За «Дзяўчынку» Голуб атрымаў прызы на міжнародных кінафэстывалях у Аргентыне і Італіі.

10 кастрычніка будзе 75 гадоў Марату Казею, юнаму партызану, а 16-га — 150 гадоў Оскару Ўайльду, які напісаў «Партрэт Дарыяна Грэя».

21 сьнежня споўніцца 125 гадоў Іосіфу Сталіну.

Юбілейны каляндар 2004 году ня дасьць нам скончыць на гэткай нясьветлай ноце. Мы згадаем таленавітага беларускага паэта Алеся Дудара, чыё стагодзьдзе прыпадзе на 24 сьнежня. Дудар справядліва лічыўся фаварытам маладой беларускай паэзіі і 37-га не перажыў. Арыштавалі яго за верш «Пасеклі наш край», з кожнага радка якога чуваць праўда, сугучная і сёньняшняму дню:

Пасеклі наш Край папалам,

Каб панскай вытаргаваць ласкі.

Вось гэта — вам, а гэта — нам,

Няма сумленьня ў душах рабскіх.

(…)

За ўсходнім дэспатам-царком

Мы бегаем на задніх лапах,

Нью-Ёрку грозім кулаком

І Чэмбэрлена трапна лаем.

Засыплем шапкамі яго,

Ура, ура — патопім ў соплях.

А нас тым часам з году ў год

Тут прадаюць ўраздроб і оптам.

Мы не шкадуем мазалёў

Мы за чужых праклёны роім,

Але бяз торгу і бяз слоў

Мы аддаём сваіх герояў.

Ня сьмеем нават гаварыць

І думаць без крамлёўскай візы,

Бяз нас ўсё робяць махляры

Ды міжнародныя падлізы.

(…)

...О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні

Такі разлом, туга такая!

І баюць байкі баюны

Северо-Западногo края...

(…)

Але яшчэ глушыце кроў.

Гарыць душа, і час настане,

Калі з-за поля, з-за бароў

Па-беларуску сонца гляне.

Тады мы ў шэрагах сваіх,

Быць можа, шмат каго ня ўбачым,

З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,

Але ніколі не заплачам.

А дзень чырвоны зацьвіце,

І мы гукнём яму: «Дабрыдзень».

І са шчытом ці на шчыце

Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.

Пакідаю Вас сам-насам з Алесем Дударом і думкамі пра наступны 2004 год.

СД

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0