Урад пастановай №1699 падоўжыў тэрмін рэалізацыі Праграмы павелічэньня выкарыстаньня мясцовых відаў паліва і нетрадыцыйных крыніцаў энэргіі да 2010 г.

Раней разьлічвалася, што праграма завяршыцца ў 2005 г.

У 2003 г. аб’ём выкарыстаньня мясцовых відаў паліва дасягнуў прыкладна 5,5 млн умоўных тон. Праграмай заплянавана, што ў 2010 г. гэты паказчык дасягне 6,5—7 млн тон. У яго структуры нафта і спадарожны газ складуць 2,5 млн, біямаса — 2,6 млн, паліўны торф і брыкет — 1,1 млн, нетрадыцыйныя віды энэргіі і другасныя энэргарэсурсы — 0,3 і 0,5 млн. тон адпаведна.

Іронія лёсу ў тым, што нетрадыцыйнымі крыніцамі энэргіі цяпер завуцца якраз найбольш традыцыйныя для нашай краіны крыніцы. Стагодзьдзямі на Беларусі існавалі млыны, што выкарыстоўвалі энэргію ветру і вады. Да 60-х у краіне функцыянавалі дзясяткі малых гідраэлектрастанцыяў, кацельні працавалі на дровах і торфе. Каліі ж энэрга- і цеплаэнэргасыстэмы «цэнтралізавалі», Беларусь апынулася ў залежнасьці ад імпарту энэрганосьбітаў з Расеі. Наколькі небясьпечна гэта для эканамічнай і палітычнай незалежнасьці краіны, шмат гаварылася яшчэ ў пачатку 90-х.

Але толькі аднядаўна ў Бабруйску адчынены першы завод для вырабу паліва зь пілавіньня, якое раней спальвалі. Пачалося і аднаўленьне электрастанцыяў на малых рэках. У выпадку рэалізацыі праграмы ў 2010-м Беларусь будзе сярод эўрапейскіх лідэраў па выкарыстаньні альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі.

Дамінік Міхайловіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0