02.01.2004 / 13:00

Зачыненая «Госьціца»

Перад Новым годам перастаў існаваць унікальны фальклёрны тэатар «Госьціца».

Кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі звольніла ўсіх дзесяцёх супрацоўнікаў «з прычыны сканчэньня кантракту», пазбавіла тэатар памяшканьня. Кіраўнічка «Госьціцы» Ларыса Сімаковіч кажа, што на нарадзе, дзе прымалася рашэньне аб закрыцьці «Госьціцы», гэты крок тлумачылі «незразумеласьцю тэатру для народу». Спн.Сімаковіч у разгубленасьці: «Госьціца» ня можа існаваць без матэрыяльнай базы.

Апошнія два гады прадусарскі цэнтар Белтэлерадыёкампаніі не арганізоўваў канцэртаў «Госьціцы», не здымаліся новыя тэлепраграмы зь яе ўдзелам. Дабрачынныя і самастойна арганізаваныя тэатрам канцэрты таксама не ўхваляліся. Выратаваць «Госьціцу» ня можа нават Сьвятлана Зелянкоўская, якая шмат гадоў выступала там. Сьвятлана кажа, што абавязана «Госьціцы» ўсім, чаго яна дасягнула: «Я там нарадзілася як асоба і як акторка».

«Госьціца» — адзіны ў Беларусі тэатар аўтэнтычнай і архаічнай музыкі і харэаграфіі, які перайшоў мяжу этнаграфізму і зьвяртаецца да гледача на сучаснай мове танцу мадэрн.

ВДз

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру