Дыктатура — гэта ня толькі адсутнасьць палітычных свабодаў.

Дыктатура — гэта перш за ўсё хвароба грамадзкіх адносінаў, распад сувязяў паміж людзьмі, узвышэньне пасрэднасьцяў, усюдыісная крывадушнасьць, а перадусім, мабыць, спалучэньне паскудзтва зь няякаснасьцю.

Лёба Антунэш, партугальскі пісьменьнік, які піша

пра 40-гадовае (1928—1968) панаваньне Салязара.

Пад Новы год газэты дружна падводзяць вынікі году. Цяжка выбраць самую значную падзею ці найлепшы фільм. А вось з найбольшай подласьцю году не было б ніякай праблемы. Яна адбылася ў часе пахаваньня Быкава. Калі даішнікам загадалі запыняць сустрэчныя аўтамабілі, каб ня збочвалі з праспэкту Скарыны налева. Каб ствараць канфлікты і — хто ведае — мо нават справакаваць нейкую аварыю. Калі несьлі Быкава. Быкава!..

І заварочвалі даішнікі машыны, адводзячы вочы. Толькі каму цікава чытаць пра найбольшую подласьць году?

Год для незалежных газэтаў пачаўся зь ліста Беларускага тэлеграфнага агентцва. «УП «БЕЛТА» получило эксклюзивное право на распространение программ телепередач на территории Республики Беларусь белорусских телеканалов. С 5 января 2004 г. публикация телепрограмм белорусских телеканалов производится исключительно на основании договоров с УП «БЕЛТА». В случае нарушения данных условий виновные будут привлекаться к ответственности в соответствии с законодательством Республики Беларусь».

A словы якія! Эксклюзіўнае права! Віноўныя будут прыўлякацца! Сумесь маскоўскіх пантоў з сталінскай казармай.

«У нас каштуе 5 мільёнаў 025 тысячаў. Пытаньне пра скідкі вырашаецца ў індывідуальным парадку камэрцыйным дырэктарам», — адказвае дамачка ў БелТА. Нам удалося высьветліць, якую «зьніжку» робяць дзяржаўным газэтам. Аднаму з агульнанацыянальных таблёідаў праграма каштавала 50000 рублёў. Як Вам зьніжачка — 99%?

У Расеі пытаньне платы за тэлепраграму было аб’ектам судовае спрэчкі, якая скончылася рашэньнем, што на тэлепраграму ніхто ня можа мець аўтарскіх правоў. Сам факт выбіваньня грошай за хронамэтраж перадачаў юрыдычна сумнеўны. А цана 2400 даляраў і 99%-я зьніжкі, якія дае «камэрцыйны дырэктар», — гэта проста каб задушыць рэгіянальныя незалежныя газэты, якія раскупляюць і дзеля праграмы, якасна пададзенай, у тым ліку.

«НН» у гэтым нумары праграму яшчэ друкуе, бо пакуль цэны БелТА ня ўзгодненыя зь Міністэрствам эканомікі. З наступнымі ж нумарамі застаецца няяснасьць.

Як высьветліла «Белорусская газета», ТВ-праграму манапалізавалі ў выніку рашэньня калегіі Адміністрацыі прэзыдэнта ад 27 кастрычніка. Усё ідзе па пляне: праз два месяцы пазбаўляем газэты ТВ-праграмы, праз тры выганяем ТБМ, праз чатыры зачыняем… празь пяць разганяем… Пра тое, што год адзначыцца нейкай асабліва важнай палітычнай кампаніяй, беларускія палітолягі дазнаюцца вось па такіх рысках — «мерах па ўдасканаленьні», так бы мовіць.

Людзі ва ўладзе ня могуць зразумець, чаму Пургурыдэса абурыў той факт, што ягоныя размовы праслухоўваліся. Ну і што тут такога? Кожнага з нас праслухоўваюць, і нічога. Я нават магу сабе ўявіць, як пацепваюць плячыма ружавашчокія міністры.

Гэта праўда — Беларусь выглядае брыдкай у вачох замежнікаў. Краінай нефункцыянальных аэрапортаў і аўтавакзалаў, нясьвежых абедаў, цынічных палітыкаў і некампэтэнтных чыноўнікаў. Sorry, забыўся, — і чыстых вуліцаў. Ды каб навучыцца вуліцы вымятаць, шмат розуму ня трэба. Брыдкая краіна, калі ў ёй найбольшую подласьць году ўчыняюць уладцы.

Чытаю паўтарагадовай даўніны прагнозы аналітыкаў ангельскага «Эконамісту» пра сытуацыю ў Беларусі. Заходнікі няздольныя прадказаць посьпехі нашай эканомікі. А галоўнае спраўджваецца: «Як і ў першы тэрмін свайго кіраваньня, сп.Лукашэнка будзе дамінаваць на палітычнай сцэне, абапіраючыся на органы бясьпекі і ўнутраных справаў, душачы дэмакратычную апазыцыю і запалохваючы вышэйшых чыноўнікаў…»

Агіда, злосьць, крыўда — нармальныя рэакцыі на тое, што адбываецца з краінай. І ўсё ж — гэта наша дзяржава, наша краіна, нашы чыноўнікі, наша тэлебачаньне і нават у пэўнай ступені наш прэзыдэнт. Якія ёсьць. Айчына ў гэтым сэнсе — яна як маці. На яе і злуеш, і, бывае, лаешся, і не разумееш, і дзівуешся яе ўпартасьці, і зьмяніць ня можаш. Але ж не адракаешся. Агіда да чыноўнікаў і крыўда на іх не павінны пераходзіць у агіду да айчыны і здраду ёй. Паскудзтвы перамелюцца, вартае застанецца, і калісьці жыцьцё пойдзе наноў.

Успамінаю тую подласьць году… Прылятаў Чаргінец, крычаў на Бураўкіна: «Ды я цябе!.. Ніякіх сьцягоў, ніякага нашэньня, я сказаў!» Разьлічваў, што зьбярэцца жменька людзей, як 20 гадоў таму на пахаваньне Караткевіча. А прыйшлі тысячы, і несьлі Быкава на могілкі на руках, і не дварамі да ін’язу, як загадваў Чаргінец, а праз плошчу Перамогі. Па праве моцнага. Рэсурс уплыву адміністрацыі на грамадзтва вялікі, але не бясконцы. Акурат такі, які грамадзтва ёй дазваляе. Гэта як з камунальнымі плацяжамі: па 60 тысяч людзі плацяць, закруцілі б па 100 — пайшлі б на вуліцы.

Усяго не прыкрыюць, усіх не ператруць. Не дазволяць друкаваць тэлепраграму — сапраўдныя чытачы не перастануць ад гэтага чытаць сапраўдныя газэты, не абыдуцца «Ва-банкам». Забяруць сядзібу ў ТБМ — ад гэтага людзі не перастануць маліцца за мову. І за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0