Апазыцыя аб’ядналася ў адзіную перадвыбарную кааліцыю. Гэтага сыгналу чакалі на Захадзе і Ўсходзе. Беларуская апазыцыя прэзэнтавала «Пяцёрку+» ціха, прадказальна і без аншлягу. Усё было знаёма. Міжнародны адукацыйны цэнтар. Правераныя ў баях за дэмакратыю палітыкі. Мінімум новых твараў. Мінімум ідэалёгіі. Грамадзтва столькі нагледзелася ўжо гэтых рухаў, што ставіцца да любых такіх пачынаньняў абачліва. Цяжка сказаць, колькі шанцаў мае старая схема — кааліцыя традыцыйнай апазыцыі з апорай на Захад. Але вялікага выбару нямa«Пяцёрка+» падкупае прынамсі сваёй беларускамоўнасьцю.

Прымаюць «Пяцёрку» ў Варшаве, дэпутатаў «Рэспублікі» — у Празе. Да іх прыглядаюцца, ім робяць знакі ўвагі. Але ключ да перамогі — усё ж у базе ўнутры краіны. Пакуль гэтая база ня выявілася. Вось у чым загваздка.

На руціннай прэзэнтацыі «Пяцёркі+» заўважны быў Васіль Старавойтаў. Прыкметны менавіта сваёй урачыстасьцю, сваімі ордэнамі і зоркамі, якія ён надзеў дзеля веры ў палітыкаў. Усеагульныя спадзяваньні выказаў сьпявак Лявон Вольскі: «Я спадзяюся на выхад краіны з застою. Гэты выхад мусіць нарэшце адбыцца. Таму што краіна ў цяжкім пэрыядзе застою ўжо некалькі гадоў. Гэта трэба ламаць, і я спадзяюся на любую сілу, якая гэта зламае».

Хацелася б спадзявацца.

Айсбэрг Пяцёркі+ бярэ курс на выбары

19 студзеня адбылася даўно абвешчаная прэзэнтацыя Народнай кааліцыі «5+». Гэтая «апазыцыйная калёна» арганізавалася раней за іншыя, але афіцыйна выйшла на марш адной з апошніх, упэўнена і не сьпяшаючыся. Яе лідэры сьцьвярджаюць, што здолелі аб’яднаць каля 90% суб’ектаў беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця. Дакладна тое самае кажуць, толькі на сваю карысьць, іх апанэнты з Эўракааліцыі «Свабодная Беларусь». Хто мае рацыю, пакажуць выбары.

Гасьцей і журналістаў каля ўваходу ў Міжнародны адукацыйны цэнтар, дзе мелася адбыцца прэзэнтацыя «Пяцёркі», сустракала група сяброў КХП—БНФ. Раздавалі ўлёткі «Беларускай Салідарнасьці». На самім жа мерапрыемстве пра гэтую партыю згадаў у сваім выступе толькі Радзім Гарэцкі. Ён адзначыў, што з павагай ставіцца да КХП—БНФ, але не падтрымлівае абвешчанага ёй байкоту выбараў у палату прадстаўнікоў. «Тыя, што байкатуюць выбары, ізноў застаюцца збоку і будуць назіраць працэс», — сказаў Гарэцкі.

Прэзэнтацыю вялі Зінаіда Бандарэнка і Сяргей Законьнікаў. Яна праходзіла пад музыку з «Полацкага сшытку». Першым прамаўляў Станіслаў Шушкевіч: «Захоўваючы прывычку ўнівэрсытэцкага прафэсара, я проста растлумачу, што мы робім». Тры асноўныя пункты праграмы кааліцыі, паводле словаў Шушкевіча, — гэта незалежная Беларусь, дэмакратыя і павага да правоў чалавека. Сярод задачаў, якія стаяць перад «5+», Шушкевіч адзначыў стварэньне ўмоваў, каб нашыя грамадзяне маглі зарабляць на годнае жыцьцё, стварэньне заслону фальсыфікацыі выбараў, вяртаньне павагі да Беларусі ў сьвеце і г.д. Посьпех Народнай кааліцыі гарантаваны, калі яна застанецца адзінай, а яе ўдзельнікі будуць вышэй за «дробныя амбіцыі», сказаў лідэр БСДГ.

Сяргея Калякіна турбавала тое, што сёньня «шырака выкарыстоўваецца ўкараненьне ў апазыцыі агентаў уплыву, стварэньне фальшывых апазыцыйных цэнтраў». Кіраўнік ПКБ лічыць, што той, хто выступае супраць Народнай кааліцыі, «выступае супраць Беларусі».

Вінцук Вячорка згадаў Купалавы словы пра самае вялікае ліха беларусаў — іх саміх. «Гэтае паяднаньне адказных за Беларусь палітычных сілаў створанае беларускімі рукамі, а не інсьпіраванае звонку», — сказаў лідэр Партыі БНФ. Ён прыгадаў змаганьне за Ліцэй, моладзь, якая зьяжджае за мяжу, зьніклых палітыкаў.

Народную кааліцыю віталі старшыня Фонду імя Лява Сапегі Аляксандар Жучкоў, а таксама былы міністар Міхаіл Марыніч, які цяпер «каардынуе стварэньне Эўрапейскага руху ў Беларусі».

Анатоль Лябедзька казаў, што «5+» — «гэта першая сіла апазыцыі». Паводле словаў лідэра АГП, ужо некалькі гадоў ідуць размовы наконт стварэньня «трэцяй сілы», але яна так і не зьявілася, а цяжар палітычнай дзейнасьці ляжыць на «старой» апазыцыі. Гаворачы пра міжнародную працу «5+», Лябедзька сказаў: «Сёньня мы можам сустракацца на такім узроўні, пра які Аляксандар Рыгоравіч марыць ужо дзесяць гадоў».

Апазыцыянэры ўжо цяпер адчуваюць, якой цяжкай будзе для іх выбарчая кампанія. Дзеля перамогі яны гатовыя зьвярнуцца нават да звышнатуральных сілаў. Той жа Анатоль Лябедзька заявіў, што «быў у царкве і паставіў сьвечку за Народную каліцыю «5+». Загадкавую фразу вымавіў і акадэмік Радзім Гарэцкі: «Нашая справа падтрымліваецца з космасу». Уладзе ёсьць над чым падумаць: а ці не плянуе беларуская апазыцыя займець да выбараў уласны спадарожнік?..

Прысутным на прэзэнтацыі апісалі асноўныя моманты праграмы кааліцыі. Гэта было вельмі дарэчы, бо большасьць буклетаў «5+» з кароткімі праграмамі зроблены чамусьці на ангельскай мове. Акрамя буклетаў, Народная кааліцыя распаўсюджвала таксама свае каляндарыкі і значкі. Фірмовы знак кааліцыі — стылізаваная лацінская літара «V» — «вікторыя, перамога».

Крытычных заўвагаў у адрас кааліцыі й адзінага сьпісу было мала, але яны гучалі важка. Уладзімер Колас, які выступаў ад імя Рады інтэлігенцыі і Ліцэю, сказаў, што «мы бачым, як далёка нам да сапраўднай кансалідацыі». Ён заклікаў удзельнікаў Народнай кааліцыі «падумаць, каго прапануем у якасьці кандыдатаў» і з большай павагай ставіцца да «плюсу».

Інтрыгай сталася адсутнасьць на мерапрыемстве дэпутатаў групы «Рэспубліка». Сяргей Калякін паведаміў, што яны «ў ад’езьдзе» — іх запрасілі ў Сойм Чэскай рэспублікі. Ад імя рэспубліканцаў на прэзэнтацыі выступіў іх прэс-сакратар Уладзімер Дзюба. Ён зачытаў афіцыйнае прывітаньне, у якім канстатавалася гатоўнасьць «Рэспублікі» да супрацоўніцтва, і зварот да ўсіх кааліцыяў і дэмакратычных сілаў з прапановай да сярэдзіны лютага правесьці «круглы стол» для абмеркаваньня «кансалідацыі высілкаў і каардынацыі дзеяньняў». Такая пазыцыя дэпутацкай групы натуральна ўпісваецца ў рэчышча чутак, якія зьявіліся ў апошнія месяцы: «Рэспубліка» ня думае задаволіцца знаходжаньнем у «плюсе» і зьбіраецца ісьці на выбары асобнай калёнай, а генэрал Фралоў ужо распачаў прэзыдэнцкую кампанію.

Кульмінацыяй прэзэнтацыі «5+» было падпісаньне дамовы паміж удзельнікамі кааліцыі. Свае подпісы пад дакумэнтам паставілі тры дзясяткі чалавек. Некаторыя з падпісантаў рабілі гэта з воклічам «Жыве Беларусь!» (першая — спн.Аліева). Васілю Старавойтаву заля наладзіла авацыю. Ад «моладзі» дамову падпісалі двое — Алесь Карніенка (АГП) і Алесь Міхалевіч (БНФ). Не запрасілі на падпісаньне Лявона Вольскага, які ў буклеце кааліцыі названы яе актыўным удзельнікам. Увогуле, дзеячоў культуры было мала. Ці то мала запрашалі, ці то інтэлігенцыя стала ставіцца да палітыкі з асьцярожнасьцю. Затое зноў удзельнічаць у палітычнай кампаніі зьбіраюцца спадары Ганчарык, Ярашук, Марыніч...

Найбольшую цікавасьць выклікала прэзэнтацыя супольнага сьпісу кааліцыі на выбары. «Нам ёсьць што і каго паказаць, трэба паказаць грамадзтву альтэрнатыву ў твар», — сказаў Анатоль Лябедзька. Праўда, на прэзэнтацыі было прадэманстравана ўсяго 68 твараў кандыдатаў у дэпутаты ад «5+». Прычынаў дэманстрацыі такога «абмежаванага сьпісу» некалькі: гэта, па-першае, жаданьне часова захаваць тых, хто працуе ў дзяржаўных структурах, ад рэпрэсіяў; па-другое... адсутнасьць фатаздымкаў усіх удзельнікаў сьпісу. «Вы пабачылі толькі частку айсбэргу», — зазначыў Вячорка. А Лябедзька паабяцаў, што сьпіс яшчэ часткова будзе мяняцца, бо да кааліцыі могуць далучыцца «вядомыя людзі з моцным патэнцыялам».

Падобныя прэзэнтацыі Народная кааліцыя плянуе правесьці ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Тады і стане вядома, ці выпадкова падчас менскай прэзэнтацыі ў залі не было ніводнага ні нацыянальнага, ні дзяржаўнага сьцяга.

Сяргей Ёрш