Не падзяляю трывогі некаторых аналітыкаў наконт пэрманэнтнай аўтарэпрадукцыі дэмакратычных блёкаў-кааліцый.

Для шараговага пралетарыя перадвыбарчая кампанія — шанец падзарабіць, каб прынесьці ў сям’ю чупа-чупс. Чым болей кандыдатаў, тым большы попыт на яго паслугі.

Для рынку электаральных паслуг на выбарах 2004 г. будуць уласьцівыя наступныя тэндэнцыі. Па-першае, Паша Севярынец падбівае моладзь, якая звычайна падносіла дарослым транспаранты, самой ісьці на выбары. Яго пароль «Кожны расклейшчык сьцікераў можа быць дэпутатам» здольны абудзіць амбіцыі часткі мэнэджэраў сярэдняга зьвяна і выклікаць турбуляцыі ў гэтым сэктары працоўнага рынку.

Па-другое, ёсьць небясьпека, што большасьць палітыкаў будзе намагацца выкарыстоўваць у сваіх камандах мадэль палітычнага маркетынгу, якую «Зубр» зьлямзіў у «Гербалайфу». Валанцёрам прапануюць спаборнічаць міжсобку за індывідуальныя бонусы, як правіла, пэйджэр. Гэтая тактыка накіравана на падрыў калектыўнай сьвядомасьці.

Беларускія левыя павінны стаць на абарону правоў такой катэгорыі эксплюатаваных, як валанцёры. Джоб валанцёра вельмі нябесьпечны. У экстрыме не саступае прафэсіям зьбівальніка ледзяшоў з дахаў і дырэктара МТЗ.

Нам патрэбны адзіны нацыянальны прафсаюзны цэнтар, напрыклад, «Агульнабеларускі сындыкат валанцёраў «Клясавая вайна». Абавязковы курс сэмінараў «Што такое Сусьветная арганізацыя працы?», «Чаму мы сьвяткуем 1 Траўня». Пасьля на курултаі прадстаўнікоў каманд кандыдатаў трэба выпрацаваць свае патрабаваньні і заключыць з палітыкамі генэральную тарыфную дамову. Кандыдаты будуць заліваць пра цяжкі фінансавы стан, запрапануюць пагарбаціць задарма, у імя ідэалаў клятвы ў залі для гульні ў мяч. Ня верце.

Выбівайце абавязковыя падарункі да дня Аршанскай бітвы, спэцадзеньне для абходчыкаў кватэр, «калёсы» для рэпэраў-графіцістаў. Вулічным зборшчыкам подпісаў — халяўнае піва за шкоднасьць. Абавязкова абгаварыць гарантыі дапамогі ў выніку затрыманьня — адвакат, баул. У выпадку іміграцыі — фальшывы расейскі пашпарт на імя Барыса Нямцова.

Працадаўцы могуць пайсьці на стварэньне жоўтага прафсаюзу, лакаўты і выкарыстаньне танных штрэйкбрэхераў з «Жаночай каліцыі». Таму ня выключаны варыянт страйку. Асабліва эфэктыўны г.зв. італьянскі страйк, сэнс якога — цягнуць валынку. Гадзінамі можна афармляць падпісны лісток або квасіць у таварыша. На пытаньне кандыдата, дзе быў, адпавесьці: «Абіжаеш, Статкевіч... за Эўропу жа-а а-а-агітаваў. Ік».

Вяршыня сацыяльнай барацьбы — акупацыйны страйк з захопам усіх сродкаў вытворчасьці — памяшканьняў, прынтэраў, кампутараў... Пасьля валанцёры пачынаюць самастойна кіраваць прадпрыемствам — выстаўляюць на выбары кандыдата ад свайго працоўнага калектыву і робяць яму кампанію. У выніку перамогі можна стварыць у палатцы цэлую фракцыю.

І, натуральна, не забывайцеся пра досьвед амэрыканскіх прафсаюзьнікаў 20-х, якія шмат чаго дамагліся дзякуючы каапэрацыі з Аль Капонэ.

Посьпехаў у клясавай барацьбе, дарагія таварышчы.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0