22.01.2004

Аканкагуа стала явай

Альпіністка Ірына Велянкова выпраўляецца на Аканкагуа. Сваёй марай скарыць найвышэйшы пік Паўднёвае Амэрыкі (6960 м) яна дзялілася з чытачамі «НН» яшчэ ў ліпені 2001-га, але арганізаваць экспэдыцыю ўдалося толькі сёлета. Грашыма й квіткамі нечакана ўзялося дапамагчы беларускае пасольства ў Аргентыне. Кожнае ўзыходжаньне для менскай бухгальтаркі й майстра спорту міжнароднай клясы — подзьвіг: пасьля абмаражэньня на Даўлагіры ў Тыбэце Ірыне ампутавалі пальцы ног і часткі ступакоў. А ўсяго празь некалькі гадоў яна ўсталявала бел-чырвона-белы сьцяг на гары Мак-Кінлі, найвышэйшым пункце Паўночнай Амэрыкі. Аканкагуа чакае.

Кава-Рэната

Шалёна папулярны ў Літве напой — «кава-Рэната». Яе масава замаўляюць у віленскіх кавярнях. Дзіва што: імя Рэнаты Смайлітэ апошнія месяцы празь дзень мільгала ў прэсе побач зь імем Раландаса Паксаса. Менавіта ў кватэры Смайлітэ людзі Паксаса сустракаліся зь літоўскімі й расейскімі мафіёзі. Гаспадыня частавала гасьцей кавай з брэндзі. Спн.Рэната мае паніжаны ціск, а гэты напой якраз уздымае тонус. Калі выбухнуў «Паксасгейт», кава з брэндзі зрабіла ў Літве фурор. Смайлітэ нават запатэнтавала «каву-Рэнату», а таксама сваё імя і прозьвішча. Гэтак рабіла Моніка Лявінскі пасьля скандалу з Клінтанам. Як і Моніка, Рэната зьбіраецца напісаць кнігу пра свой удзел у скандале. На гэтым супадзеньні сканчаюцца.

Дэмакраты стартавалі

Джон Керы, 60-гадовы вэтэран Віетнаму, сэнатар і былы пракурор, набраў 37,7% галасоў на першых «праймэрыз» Дэмакратычнае партыі. Фэрмэрам штату Аёва Керы з простым лёзунгам «Аёва, я цябе люблю» спадабаўся больш за Говарда Дына — фаварыта Альбэрта Гора. На сходах партыйных актывістаў няма ні скрыняў, ні бюлетэняў. Колькасьць прыхільнікаў таго ці іншага кандыдата падлічваюць «па галовах» — накрываючы даланёй макаўку кожнага.

Такая перамога ня значыць, што на восеньскіх выбарах прэзыдэнта ЗША дэмакрат Керы будзе супрацьстаяць рэспубліканцу Бушу. У свой час Рэйган і Клінтан таксама прайгравалі ў Аёве. Тым больш што на наступным сходзе, 27 студзеня, у Нью-Гемпшыры да гонкі далучацца кандыдаты цяжкай вагавой катэгорыі — сэнатар Джозэф Лібэрман і генэрал Уэсьлі Кларк. Апошні на пытаньне, як яны будуць змагацца з Керы, адказаў: «Дык Керы ж — лейтэнант, а я — генэрал».

СМ