Тэзысы праграмы

Народ Беларусі мае права на годнае жыцьцё, на ўпэўненасьць у будучыні і на ўрад, які сумленна выконвае свае абавязкі. Беларусь павінна быць незалежнай, дэмакратычнай і свабоднай краінай, паважанай у сьвеце. Дзеля гэтага мы, грамадзяне Беларусі — прадстаўнікі партый, грамадзкіх і палітычных арганізацый — падпісваем пагадненьне аб супрацоўніцтве. Мы ствараем новую, адзіную сілу, здольную вырашыць галоўныя праблемы нашай краіны і яе людзей. Мы аб’ядноўваемся ў Народную кааліцыю «Пяцёрка плюс». Наша пагадненьне — гэта праграма канкрэтных спраў, якія мы пачынаем тут і цяпер дзеля вываду Беларусі з крызысу. Мы будзем працаваць разам дзеля пераменаў. Мы зьвяртаемся да ўсіх людзей Беларусі, да партыяў, да грамадзкіх арганізацыяў і рухаў, да тых, хто працуе ў дзяржаўных структурах: Вашая падтрымка Народнай кааліцыі «Пяцёрка плюс» зробіць перамены да лепшага рэальнымі. Нас з Вамі большасьць — разам мы моцныя, разам мы вернем народу годнасьць і дабрабыт, а нашай дзяржаве — росквіт і павагу.

Удзельнікі Народнай кааліцыі «Пяцёрка плюс» распрацавалі канкрэтныя прапановы і законапраекты дзеля неадкладнага паляпшэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне, павышэньня ўзроўню жыцьця ўсіх людзей. Незалежна ад палітычных меркаваньняў, мы будзем разам дамагацца рэалізацыі сваёй праграмы.

Пяць крокаў да лепшага жыцьця

1. Годнае жыцьцё — кожнаму

Плаціць па справядлівасьці. Прывесьці ўзровень мінімальных заробкаў і пэнсій у адпаведнасьць з рэальным пражытачным узроўнем, які забясьпечыць кожнаму чалавеку і кожнай сям’і годнае жыцьцё.

Абараніць пэнсіянэраў. Забараніць павышэньне пэнсійнага ўзросту і нявыплату пэнсій пэнсіянэрам, якія працуюць.

Нармальная кватэрная плата. Прывесьці аплату жытла і камунальных паслуг у адпаведнасьць з рэальнай плацежаздольнасьцю.

Забясьпечыць эканамічны пад’ём. Стварыць спрыяльныя ўмовы для работы прадпрыемстваў усіх форм уласнасьці, спыніўшы бюракратычнае ўмяшальніцтва ў эканоміку і цкаваньне кіраўнікоў. Прыцягнуць інвэстыцыі, вярнуўшы давер да Беларусі як да партнэра.

2. Даць працаваць людзям

Стымуляваць стварэньне новых працоўных месцаў. Спрасьціць рэгістрацыю суб’ектаў гаспадараньня і грамадзкіх арганізацый. Забараніць іх перарэгістрацыю. Ліквідаваць непатрэбныя квоты, ліцэнзіі і дазволы.

Абараніць працоўных. Адмяніць прымусовую сыстэму найму па кантракце на дзяржаўных прадпрыемствах.

Спыніць паборы. Забараніць дзяржаўным органам незаконна зьбіраць сродкі з суб’ектаў гаспадараньня. Забараніць пераразьлік раней выплачаных падаткаў.

3. Улада для народу

Адзін закон для ўсіх. Забясьпечыць рэальную роўнасьць усіх перад Законам, незалежнасьць і справядлівасьць суду.

Не — трэцяму тэрміну! Забясьпечыць выкананьне Канстытуцыі, якая абмяжоўвае займаньне пасады прэзыдэнта двума тэрмінамі запар.

Казаць людзям праўду. Прыцягваць да адказнасьці афіцыйных асобаў за ўтойваньне інфармацыі альбо даваньне няверных зьвестак, датычных правоў і інтарэсаў грамадзян, за ціск на сродкі масавай інфармацыі.

Народнае самакіраваньне. Устанавіць выбарнасьць кіроўных асоб мясцовай адміністрацыі і іх поўную справаздачнасьць перад выбарнікамі.

Справядлівыя выбары. Прывесьці закон аб выбарах у адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі. Забясьпечыць грамадзкі кантроль выбараў і крымінальную адказнасьць за фальсыфікацыю выбараў.

4. Народныя грошы — на службу народу

Адкрыты бюджэт. Выключыць фінансаваньне дзяржаўных структур зь невядомых крыніц. Забясьпечыць празрыстасьць бюджэту і падкантрольнасьць яго парлямэнту.

Ліквідаваць незаконныя фонды. Правесьці разбор фактаў незаконнага выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў адказнымі асобамі краіны. Прыцягваць да адказнасьці за стварэньне некантраляваных фондаў і незаконную практыку крэдытаваньня і льготаў для асобных прадпрыемстваў.

Грошы — дзецям. Скараціць выдаткі на апарат адміністрацыі і аховы прэзыдэнта і выкарыстаць гэтыя сродкі на сацыяльную дапамогу малазабясьпечаным, шматдзетным і няпоўным сем’ям.

5. Павага ў сьвеце

Давер да Беларусі. Адмовіцца ад палітыкі самаізаляцыі. Выконваць міжнародныя дамовы і абавязальніцтвы, узнавіць удзел ва ўсіх міжнародных структурах.

Сябраваць з суседзямі. Наладзіць узаемавыгадныя сяброўскія адносіны з усімі суседнімі краінамі і з краінамі Эўразьвязу.

Цывілізаваныя межы. Забясьпечыць грамадзянам Беларусі свабоднае перасоўваньне празь межы ўсіх суседніх краін.

Міжпартыйны інфармацыйны цэнтар 5plusinfo@tut.by