Канец вялікага расслабону

Абыякавасьць, адсутнасьць дысцыпліны, расхлябанасьць, безадказны падыход да справы — пасьля трагедыі ў Краснапольлі гэтыя і іншыя цялесныя практыкі беларусаў апынуліся па-за законам.

Прайшла інфа, што рыхтуецца новы дэкрэт аб дысцыпліне. Пры гэтым чыноўнікі апускаюць важны момант: дысцыпліна ёсьць перш за ўсё падпарадкаваньнем цела ўладзе, або, кажучы труізмамі Фуко, палітэканамічным захопам цела. Улада навязвае целу патрэбныя ёй практыкі з мэтай выкарыстаньня яго як палітычнага інструмэнту і вытворчай сілы.

Папярэднія формы кантролю цела ў Беларусі былі сапраўды прымітыўнымі. Негалосная сацыяльная дамова будавалася паводле наступнага ўзору: «Я, (імя і прозвішча), і дзяржава РБ ўступаем у дамову. За тое, што я ня буду падтрымліваць апазыцыю, дзяржава надае мне прывілей не напружвацца на рабочым месцы, халтурыць, нешта некалі піянерыць, у абедзенны перапынак расслабляцца «Крыжачком». Подпіс. Дата».

Канец вялікага расслабону значыць перагляд кантракту. Цяпер айчынны Левіяфан надае адзіны бонус — працаваць як робат і адчуваць афігіцельны гонар за сваю краіну. Стварыць новага Франкенштайна зьбіраюцца за кошт чарговага курсу ў школах і прапагандысцкай кампаніі.

Аляксандар Рыгоравіч, дарагі. Схадзіце, калі ласка, у цырк і паглядзіце на найбліжэйшых родзічаў чалавека — малпаў. Няўжо вы думаеце, што гамадрыл аўтаматычна скача з тумбы на тумбу таму, што дрэсіроўшчык прагрузіў яго лекцыяй аб інфармацыйнай вайне, якую вядзе Захад супраць славянства? Чалавечыя, рухомыя, расплывістыя, лянівыя ад прыроды генэтычныя аўтаноміі трэба муштраваць. Іншых падыходаў гісторыя ня ведае.

Зразумела, сацыяльна-эканамічныя ўмовы краіны, ВУП якой расьце на 10% штогод, не дазваляюць ахапіць усё грамадзтва дысцыплінарнымі ўстановамі. Аднак і тут ёсьць выйсьце. Чаму б не зьвязаць новыя цялесныя тэхнікі з звычайнымі заняткамі беларусаў? Напрыклад, прыняць статут для тых, хто саджае (зьбірае) бульбу або зграбае сьнег.

Гэта будзе проста казка. Прыяжджаеце вы, скажам, у Пружаны, а дачнікі вас сустракаюць адпаведна пункту статуту «Выпалненьне прывітаньня прэзыдэнта з лапатамі і граблямі, на месьце і па ходзе руху»: па камандзе «Для сустрэчы прэзыдэнта (лева, з фронта), на ка-ла-вур» дачнікі, якія знаходзяцца ў шыхце, прымаюць страявую стойку і адначасова паварачываюць галовы ў бок прэзыдэнта, праважаючы яго поглядамі».

Праблема апазыцыі вырашаецца. У любы момант франдзёраў можна адправіць на губу за разгаворчыкі ў страю і няхлюйны выгляд.

Лёлік Ушкін,левы тусоўшчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0