Ні рубля паразытам

5 мільёнаў 25 тысячаў рублёў за старонку — менавіта такі рахунак за тэлепраграму выставіла «Нашай Ніве», як і іншым незалежным газэтам, Беларускае тэлеграфнае агенцтва. «НН» падавала заяўку на шэсьць тэлеканалаў, прычым на беларускую мову агенцтва праграмы «не перакладае». Такім чынам, дорага каштуе праца спадароў па капіяваньні тэкстаў з шасьці файлаў, якія яны атрымліваюць ад тэлеканалаў, у адзін.

Так званыя «дзяржаўныя» СМІ ў Беларусі даўно ўжо ніякія не дзяржаўныя і не грамадзкія (такімі зьяўляюцца, напрыклад, Бі-Бі-Сі ў Брытаніі ці ЦДФ у Нямеччыне). Тэлеканалы і «Звёзды» манапалізаваў і выкарыстоўвае для ўтрыманьня ўлады і рэалізацыі сваіх інтарэсаў адзін клан. Замест таго каб адлюстроўваць пазыцыі розных слаёў грамадзтва, даваць слова прадстаўнікам розных палітычных сілаў, каб людзі маглі выбіраць самых талковых, яны прапагандуюць адну сілу і яе ідэалёгію, ствараюць культ аднае асобы. Абсурдная нават думка, каб прэзыдэнт Буш загадаў прадаваць тэлепраграму газэце «Нью-Ёрк таймз» за большыя грошы, чым «Вашынгтон пост». Або каб прэзыдэнт Квасьнеўскі давёў міністрам заданьні па скарачэньні аўдыторыі «апазыцыйнай» «Жэчпасполітай».

Прадаючы «дзяржаўным» газэтам ТВ-праграму за 35—50 тыс. рублёў і выстаўляючы незалежным выданьням рахунак на 5 мільёнаў, улады разьлічваюць аслабіць свабодную прэсу. У іх разьліку адны незалежныя газэты ня змогуць сабе дазволіць купляць тэлепраграму і страцяць частку чытачоў праз гэта, а другія будуць яе набываць за казачную цану і такім чынам пагоршаць сваё фінансавае становішча, а сьледам і якасьць, і таксама страцяць частку чытачоў.

Карацей, у гэтым нумары ТВ-праграмы вы ўжо ня знойдзеце. Шукайце яе ў тэлетэксьце ці бясплатных газэтах. А як што — дык і зусім не глядзіце таго тэлебачаньня: не падурнееце.

На сайце агенцтва БелТА ахвотным набываць тэлепраграму прапануецца кантактаваць праз тэлефоны або электронную пошту з наступнымі асобамі:

Бясьсьмертны Аляксандар. Тэл. 226-02-97. E-mail: [email protected]

Даведкі па цэнах: Хандогіна Алена. Тэл. 222-30-40. E-mail: [email protected]

Упэўненыя, што вы набывалі «НН» не дзеля тэлепраграмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0