Гутарка зь Лявонам Вольскім

«НН»: Зь юбілеем! 10 гадоў — сур’ёзны тэрмін у такім хуткаплынным сьвеце, як наш. Якія пляны на наступныя дзесяць гадоў?

Лявон Вольскі: Мне здавалася, што «NRM» і не праіснуе гэтулькі. Я думаў, гэта кароткі зорны праект — мільгане й згасьне. Цікава, колькі ж яно можа цягнуцца? Мы з Алезісам знаёмыя ўжо 20 гадоў. Мы ўжо ня ходзім адзін да аднога на дзень народзінаў і не сьвяткуем сьвятаў разам. Ведаем, што рана ці позна трэ будзе сесьці ў аўтобус і месяц ехаць па гарадох і весях. Мы ніколі ня лаемся ў турах, зьвяртаючыся да гумару абсурду ў нашых вымушаных стасунках. У нас мала рэпэтыцыяў, але яны напоўненыя й напружаныя. Як памірала «Мроя», мы вымушалі сябе тры разы на тыдзень зьбірацца й вымучана граць па тры гадзіны. А цяпер песьні так і ляцяць.

Няўжо мы будзем у 50—55 гадоў стаяць на сцэне і гэта будзе нармальна ўспрымацца? Як Філ Колінз, Стынг ці дзядулька Озі Осбарн.

Калі мне стукнула трыццаць, я пачаў замоўчваць узрост. А то ўдруг дзевачкі скажуць: «Эта старык!» Або як прызнацца, што я жанаты? Зорка рок-н-ролу й жанаты? Гэта нейкія падлеткавыя комплексы. Дзесяць гадоў мы народ абуджаем, кудысьці клічам, а народ сыходзіць працаваць інжынэрамі ці зьяжджае за мяжу — і ўсё. І новыя прыходзяць, фанацеюць, адгукаюцца на нашыя крыкі, ідуць з намі. А потым адыходзяць.

«НН»: Купляць дублёнку-прапітку й гадаваць дзяцей.

Л.В.: Ну, безумоўна. Таму й цікава, у што гэта выльецца «NRM» — каманда артыстычная, інтуітыўная, непрафэсійная. Эвалюцыя можа быць любая.

«НН»: Днямі Вас у «Советской Белоруссии» абвесьцілі арыстакратам у трэцім калене...

Л.В.: «СБ» стварыла на мяне магутнае ўражаньне. Як ад філіі нейкай расейскай газэты ў Беларусі. Тут Прасьнякоў нейкі, а побач такі запаведнічак — хай і пра Беларусь нямножка. Было неяк — фірма «БелПІ» замовіла рэклямны артыкул пра «Крамбамбулю» ў «СБ». Яго Мухін напісаў. Дарэчы, ён піша, што немагчыма чытаць. Як нейкі стары пень. Ці як старанны вучань: яму сказалі — і ён перапісаў нешта з маіх старых інтэрвію. Перакапаў архівы. Са мною, лішне казаць, ён вырашыў не сустракацца. І вось выйшаў мёртвы артыкул з нашым з Анечкаю фатаздымкам — абсалютна мярзотным (такі сямейны алькагалізм). А Дайнекі зь «БелПІ» пакрыўдзіліся, што ня іхны фатаздымак увайшоў у матэрыял (гэта ж трэ было журналісту яшчэ й не дамовіцца зь імі). І пасьля гэтага ўсё — «БелПІ» супрацу з намі перапыніла. І цяпер купіў «СБ» — там пра мяне два словы й дыхтоўны фатаздымак у гарнітуры, з абсэнтам. Далей гляджу — «ацечасьцьвеныя новасьці», а там усё пра Расею: гэты сюды паехаў, а той туды...

«НН»: Алсу зацяжарала?..

Л.В.: Там не пра такіх, а пра нейкіх сьпікераў — я і прозьвішчаў такіх ня ведаю. Тры выступоўцы з Расеі, адзін зь Беларусі: «Я таксама імею атнашэніе, мой дзед быў зь Ленінградзкага шасэ». Усе замілавана сьмяюцца. Канкрэтна адзіная прастора з Расеяй. І ўсё напісана такім стылем, быццам выцягнулі з 1983 г.

«НН»: Выцінкі газэтныя пра сябе зьбіраеце, хоць бы з таго ж 1983 году?

Л.В.: Ёсьць альбом выцінак, press-book, увесь пайшоў Віктару Дзятліковічу ў ягоныя маскоўскія рукі. Піша кнігу пад рабочаю назвай «Ад «Мроі» да «NRM». Бярэ зацяглыя інтэрвію ва ўсіх, што назаўтра кепска адбіваецца на ягоным здароўі.

«НН»: Як Вам у ролі сэкс-сымбаля, якім Вы сталі пасьля кліпу «Абсэнт»?

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Гутарыла Сьвятлана Курс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0