Галоўным, дзякуючы чаму беларусы зламалі расейцаў у нядзелю на шляху да тэніснага Кубку Дэвіса, безумоўна, была воля. Высокае прафэсійнае майстэрства, хітрая тактыка, нечаканыя захады трэнэрскага складу, шалёная падтрымка заўзятараў, якія запоўнілі трыбуны Футбольнага манэжу, былі толькі тлом, які адцяняў непахісную волю да перамогі беларускай каманды. Настрой, зь якім беларусы выйшлі на гульню, можна было памацаць рукамі.Перад тэлевізарам спыняліся нават людзі, далёкія ад тэнісу, такая адтуль праменіла напруга.

Пасьля траўмы Ваўчкова, калі, паводле ўсіх разьлікаў, на агульны посьпех у беларусаў не было шанцаў, уразіў твар Мірнага. Поўная канцэнтрацыя і засяроджанасьць. Калі Сафін, у лютасьці пасьля прайгранага мяча, зламаў ракетку, стала ясна: воля Мірнага перамагае. Ён упарта цягнуў, здавалася б, прайграныя геймы, даціскаў па драбніцах у самых напружаных момантах, і ўрэшце Сафін здаўся. Гульня Мірнага была перадумовай цуду, які мусіў адбыцца. Зрэшты, любы цуд мае свае складовыя часткі.

Магчыма, не атрымаў бы Ваўчкоў траўму, беларусы справіліся б з задачай раней, але сустрэча згубіла б у драматызьме. Так ці інакш, Беларусь займела новых герояў.

Расейскі герой фіналу Кубку Дэвіса двухгадовай даўніны Міхаіл Южны быў папросту зьмяты Ўладыятарам (такая мянушка ў Ваўчкова). Зьмяты, перадусім, маральна. Вельмі складана супрацьстаяць суперніку, які знайшоў сілы перамагчы сябе ў цябе на вачох.

Выхад Ваўчкова на корт быў зьявай аднае прыроды з учынкам Аляксандра Мядзьведзя, што падчас двубою на вачох у суперніка ўправіў зламаны палец, альбо перамогай у «Тур дэ Франс» амэрыканскага гоншчыка Ленса Армстранга, пасьля таго як ён вылечыўся ад раку. Усе гэтыя выпадкі характэрныя найвышэйшай канцэнтрацыяй чалавечае волі.

Такімі яскравымі праявамі волі нельга не захапляцца, бо гэта ўнівэрсальны, «чысты прадукт» чалавечых высілкаў. Тут нічога нікому ня трэба тлумачыць.

Алег Дашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0