Жадаю вам

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Вашу праграму слухаю даўно, а вось напісаць адважылася ўпершыню. Сучасная моладзь часта скардзіцца на адсутнасьць матэрыяльнага дабрабыту й шчасьця ў асабістым жыцьці. А я вам вось што скажу: кожны сам гаспадар сваёй долі.

Ужо дваццаць пяць гадоў жыве ў вёсцы Вялікія Пацукі цудоўная сям’я — Вера Сямёнаўна і Сьцяпан Данілавіч Казулічы. У гэтых людзей можна шмат чаму павучыцца: жыцьцёвай стойкасьці, непераможнаму аптымізму, каханьню, пранесенаму праз гады цяжкіх выпрабаваньняў. А найперш — здольнасьці будаваць уласны лёс.

Ужо на што лахудрай урадзілася Вера Сямёнаўна — ні тварам, ні розумам, ногі самыя крывыя ў сельсавеце, — а вось жа сустрэла на сваім шляху другую палавінку. Сьцяпан Данілавіч застаўся ў вёсцы пасьля вольнага пасяленьня. За прыкладныя паводзіны атрымаў датэрміновае вызваленьне. Працавіты, чулы, уважлівы чалавек. Калі бывае цьвярозы, з ахвотай корпаецца ў градах, ходзіць у калгас на палявыя работы. Жонка завіхаецца па гаспадарцы. Да баптыстаў прыладзілася, зрэдзьчас наведвае малітоўны дом, адтуль цягне гуманітарныя транты. Так што купляць адзежу ў краме ня трэба.

У сям’і пяцёра дзетак. Хоць грашовая дапамога на іх невялікая, але ўсё ж такі капейчына ў дом. Двое старэйшых ужо пайшлі на свой хлеб. Вова адседзеў тры гады. Цяпер ляжыць у абласной псыхбольніцы — інваліднасьць зрабіць сабе хоча. Марынка, матульчына радасьць і надзея, робіць на БАМе цялятніцай. Грошы плацяць рэдка й мала, затое штодня мае торбу камбікорму. Замуж сабралася, у чацьверты раз. Малодшыя — Наста, Сярожа і Андрэйка — ходзяць у школу. Там іх бясплатна кормяць двойчы на дзень, як малазабясьпечаных. Бацькі з малых не нацешацца. Вучацца дзеткі абы-як, але здаровенькія і апэтыт добры.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Барысік Тацяна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0