Больш апакаліпсысу!

Сапраўдныя фанаты готыкі тырчаць ад тэкстаў беларускіх лібэралаў.

Літаратурны гіт тыдня «Гары Потэр і Ордэн Фэнікса» — кульбіт, прымітыўны закос пад сярэднявечную містыку. Сапраўдныя фанаты готыкі тырчаць ад тэкстаў беларускіх лібэралаў.

«Галеча, насельніцтва, якое сьпіваецца, сотні тысячаў людзей заўчасна адышлі на той сьвет, так і не дачакаўшыся «сумленнай» прыватызацыі, бюракратыя, як ракавая пухліна, аблытала гаспадарчы мэханізм...» Чытаючы хорар-сцэны лібэральнага місіянэра Леаніда Злотнікава, прыгадваеш маналёгі манахаў з «Імя Ружы». Крэзануты Сальваторэ з бэнэдыктынскага абацтва ведаў выйсьце: «Усе пакайцеся!» Сп.Злотнікаў таксама заклікае пакаяцца за грахоўную сувязь з д’яблам-сацыялізмам і спасьцігнуць Лёгас у тэкстах сьвятога пісьма фонаў Мізэса і Гаека.

Толькі ў аўтахтонных лібэралаў бачыў столькі спасылак на клясыкаў. З гэтага гледзішча нацыяналісты па канонах жанру павінны быць самымі кантужанымі. Кшталту анабаптыстаў, пратэстанцкае сэкты, сябры якой хадзілі без майткоў. Сакральных тэкстаў, акрамя «Касіў Ясь канюшыну», у іх няма, і выпіць яны ня дурні.

Беларускія гладстаны парушылі copyright Тумаша Аквінскага і Сігера Брабанцкага, сьцягнуўшы ў іх чорна-белы сьветапогляд, тэзыс аб сакральных кнігах як крыніцах ісьціны, анатэму на любы кантакт з чужым. Гэта дазвяляе выявіць прычыны правалу лібэральнай прапаганды ў Беларусі: слабы апакаліптычны момант агітак.

Вось вы кажаце: Лукашэнка — дыктатар. А як наконт таго, каб у духу опусаў Банавэнтуры прапісаць: вырадак з шасьцю пальцамі, асоба фаўнскага паходжаньня, сырэна з лускаватым хвастом, онакентаўр, чыё цела ніжэй пупа асьлінага, цыклёп, эпігіст з ротам на жываце і са ступакамі, павернутымі назад, каб непрыяцелі, якія за ім пагоняцца, заблыталіся...

Як кажуць аматары шырава, гэта торкае. Спасьцігнуўшы мэтафізычны жах рынкавага сацыялізму, электарат абавязкова працьверазее і пакладзе башку ў барацьбе за лібэральную Шамбалу.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0