Выстава «Кнігі Беларусі-2004» — найважнейшая падзея году для выдаўцоў. Аднак сёлета зь ёю канкуруе іншая, ня менш значная: перарэгістрацыя, якую ўсе выдавецкія структуры мусяць прайсьці да 1 сакавіка.

Перарэгістрацыя ліцэнзіяў — не адзіная праблема кнігавыдаўцоў. Для выдавецтваў, што спэцыялізуюцца на беларускамоўнай літаратуры, мінулы год адзначыўся рэзкім падзеньнем накладаў. Па-беларуску кніжнай прадукцыі ў параўнаньні з папярэднім годам выйшла на 13,9% больш па назвах, але на 19,4% менш па тыражы (гл. табліцы).

Беларускія кнігі не былі абсалютнымі гаспадарамі на сёлетняй, адзінаццатай па ліку выставе. Удзел у ёй узялі 400 выдаўцоў і распаўсюднікаў, у тым ліку 180 беларускіх, больш за 60 расейскіх і каля 20 украінскіх. Інфармацыйныя стэнды зрабілі ЗША, Кітай, Нямеччына, Славакія, Францыя, Швэцыя і 22 арабскія краіны на стэндзе Лігі арабскіх дзяржаваў. На першым паверсе выстаўнага цэнтру «БелЭкспа» разьмясьцілася «офісная» частка, на другім ішоў раздробны продаж.

Запрашэньні на прэзэнтацыі гучалі толькі на «другой дзяржаўнай», але беларускія выдаўцы ўсё ж трымаліся беларускай. Былі й «разынкі»: так, «Мастацкая літаратура» на сваю прэзэнтацыю запрасіла Ўладзімера Пузыню з сурмой. Расейскае выдавецтва «Росмэн» прыехала з галоўнай сваёй «фішкай» — перакладам чарговага раману пра нізкавокага тынэйджэра з паранармальнымі здольнасьцямі. Прычым «Гары Потэр і Ордэн Фэнікса» на выдавецкім стэндзе чамусьці каштаваў даражэй, чым у раздробных гандляроў на другім паверсе. На ятках апошніх панавала прадукцыя расейскіх выдавецтваў. Беларускія, здавалася, траплялі туды толькі выпадкова.

Асноўная прычына — нізкая пакупніцкая здольнасьць чытачоў беларускамоўнае прадукцыі, лічыць галоўны рэдактар выдавецтва «Энцыкляпэдыкс» Зьміцер Колас: «Таму на першым пляне становіцца кілбаса, а кнігі, тэатры — на другім». Галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналёгія» Зьміцер Санько яшчэ больш катэгарычны: «Адбываецца разбурэньне беларускага кніжнага рынку, выкліканае нізкай пакупніцкай здольнасьцю». Дырэктар выдавецтва «Книжный дом» кандыдат філязофскіх навук Сяргей Кузьмін адзначае, што ў выніку такой сытуацыі выдаўцы пачынаюць арыентавацца на расейскі рынак: «Выжыць толькі на беларускім папросту немагчыма: чым большыя наклады, тым таньней кніга абыходзіцца».

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Вераніка Дзядок,

Зьміцер Дзядзенка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0