Сход сяброў Літфонду, заплянаваны на 20 лютага, не адбыўся: не было кворуму. Зь неабходных 259 удзельнікаў (палова ад 517 сяброў арганізацыі) cабралася толькі 117. Несталічныя пісьменьнікі прыехаць не змаглі. Літфонд не аплачваў праезду, дый паведамленьні даслалі позна. Да апошняга моманту праўленьне арганізацыі сумнявалася ў мэтазгоднасьці сходу, на якім «пісьменьніцкі прафсаюз» мусіў вырашыць лёс эСПэшнага дому адпачынку «Іслач», што пад Ракавам.

Колісь прэстыжны, з паловы 90-х ён занядбаны. Другую зіму няма ацяпленьня, паркетную падлогу ўспучыла, страха працякае. Беллітфонд абцяжараны запазычанасьцю за «Іслач» у памеры амаль 120 млн руб. (камунальныя паслугі, заробкі пэрсаналу, аплата паліва). Рамонт не рабіўся з часу пабудовы — з 1987 г. Да ўсяго будынак вельмі энэргазатратны: кацельня стаіць далёка, патрабуецца шмат вугалю ці мазуты.

Паўтара году таму пісьменьнікі абралі старшынём праўленьня Літфонду генэрала Мікалая Чаргінца. Генэрал-дэпутат здолеў дамовіцца з падатковай аб сьпісаньні штрафу, які «вісеў» на арганізацыі, аднак канчатковага рашэньня наконт «Іслачы» няма дагэтуль.

Паколькі сход сяброў Літфонду выйшаў нелегітымны, пісьменьнікі вырашылі надаць яму рэкамэндацыйны характар. Абмяркоўваліся тры варыянты вырашэньня праблемы:

— прадаць «Іслач» і расплаціцца з пазыкамі;

— прывабіць інвэстараў і з дапамогай іх ды Міжнароднага літфонду адрамантаваць будынак;

— перадаць дом адпачынку Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта на ўзаемавыгаднай аснове, каб атрымаць наўзамен ці Дом літаратара, ці льготныя пуцёўкі ў «Іслач», ці маёмасьць.

Першы варыянт адкінулі. Пісьменьнікі вырашылі да 1 траўня пашукаць інвэстараў, дзеля чаго даручылі праўленьню Літфонду правесьці балянсавую і рынкавую ацэнку маёмасьці. Калі ж інвэстараў ня знойдзецца, пачнуцца перамовы з Кіраўніцтвам справаў. Пісьменьнікі гатовыя саступіць 26,5 га лесу, будынак дому адпачынку, але пакінуць сабе гектар зямлі, адзін катэдж з трох і права на льготныя пуцёўкі. Няясна, якім нарматыўным актам такое права можа быць надзейна замацаванае, каб яго не скасавалі, напрыклад, праз год пасьля перадачы маёмасьці. Трэці варыянт таксама прызнае законнасьць канфіскацыі Дому літаратара, якую раней пісьменьнікі ставілі пад сумнеў.

Паводле закону, прымаць канчатковае рашэньне па «Іслачы» мае агульны сход Літфонду. Калі легітымны сход сабраць ня ўдасца, праўленьне арганізацыі дэ-факта мусіць узяць адказнасьць на сябе. «Калі мы ня вырашым гэтай праблемы, у нас проста будуць адсуджваць паціху гэтую маёмасьць», — палохае дырэктар Беллітфонду Вячаслаў Корбут. Між тым менавіта праўленьне ня здолела забясьпечыць кворум зь першай спробы.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0