Нэрвовыя паводзіны беларускіх улад падчас перамоваў з «Газпромам», намер ураду ўзяць крэдыт на пакрыцьцё розьніцы ў кошце газу ўказваюць на тое, што павышэньне цэнаў Расеяй можа паставіць пад сумнеў абвешчанае паскарэньне эканомікі і ўсю так званую беларускую эканамічную мадэль. З другога боку, ужо з 1 студзеня гэтага году для канцавых спажыўцоў былі павышаны адпускныя цэны на газ з $54 да $67 за тыс. м3. І гэта не зашкодзіла ім перавыканаць плянавыя паказьнікі за студзень 2004 г.

Як рапартуе дзяржаўная статыстыка, выпуск прамысловай прадукцыі павялічыўся за студзень на 11,3% проці мінулага году, інфляцыя скарацілася да 1,9%, на 28,4% вырасьлі інвэстыцыі ў асноўны капітал (летась у студзені было падзеньне на 0,4%), нарэшце — праверце кішэні — рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва ўзьняліся на 13%. Што ж у рэальнасьці значыць для функцыянаваньня беларускай эканамічнай мадэлі зьмяненьне ўмоваў гаспадараньня ў выглядзе павышэньня цаны на газ?

$200 млн — гэта многа або мала?

Перш чым ацэньваць магчымыя наступствы павышэньня цэн на газ, неабходна ўдакладніць, пра які дадатковы цяжар на эканоміку вядзецца гаворка.

Хоць дзяржаўныя СМІ, як і ў ранейшыя гады, імкнуцца стварыць уражаньне, што танны газ — гэта не прэфэрэнцыя з боку Расеі, а проста плата за такія ж прэфэрэнцыі з боку нашай краіны, разьлікі паказваюць адваротнае. Цяпер, калі агучаны цэнавыя парамэтры газу і транзыту на бліжэйшую пэрспэктыву, можна сьцьвярджаць, што «прэфэрэнцыя згубленых магчымасьцяў» вымяраецца для Беларусі сумай $200 млн.

З аднаго боку, розьніца паміж новай цаной на газ ($50) і сярэднеўзважанай цаной 2003 г. ($36) пры жаданым спажываньні 20 млрд м3 патрабуе дадаткова знайсьці $280 млн. З другога боку, пры павышэньні транзытнага тарыфу з $0,54 да абвешчанага «Газпромам» $1,02 за 1 тыс. м3 газу на 100 км дадатковы даход (беларускі газаправод мае ўдоўжкі 560 км) складзе $80 млн. Такім чынам, розьніца пры новых цэнавых прапорцыях, без уліку магчымага перагляду іншых саюзных дамоўленасьцяў, выходзіць на тыя самыя $200 млн, якія Мінфіну было даручана ўзяць у Расеі ў выглядзе крэдыту.

Што тычыцца астатніх прэфэрэнцый, якія нібыта Беларусь аказвае Расеі, то перавесьці іх на рынкавыя ўмовы даволі складана, бо гэта можа выклікаць з боку Расеі меры ў адказ.

Напрыклад, каб тутака «ня поўзалі» расейскія перавозьнікі, можна падняць для іх цэны на чыгуначны і аўтамабільны транзыт, але і Расея можа зрабіць «выключэньне» ды падняць цэны за транзыт беларускіх тавараў праз сваю тэрыторыю.

Можна таксама выставіць рахунак Расеі за ахову дзяржаўнай і ўладкаваньне мытнай мяжы, выдаўшы іх за саюзныя, але тады і Расея можа выставіць Беларусі рахунак за ўладкаваньне, напрыклад, Далёкага Ўсходу.

Што тычыцца абслугоўваньня комплексаў супрацьпаветранай абароны, якое ацэньваецца беларусамі ў $40 млн, то прывязваць гэта да газавай праблемы нельга.

Беларусі лепей ня ўвязвацца ў гандлёвую вайну з Расеяй, бо яе вынікі для нерэфармаванай беларускай эканомікі могуць быць куды больш трагічнымі, чым асобны выпадак з газам. Любая з магчымых мераў у адказ з боку Расеі, як, напрыклад, патрабаваньне 100%-х разьлікаў за газ у грашовай форме, непрыманьне адтэрміновак запазычанасьці, якая дакладна будзе расьці, а ў крайнім выпадку — далейшае павышэньне цаны на газ да ўзроўню краінаў Балтыі ($80), можа паскорыць сыстэмны крызыс беларускай эканамічнай мадэлі.

Адключэньне газу канчаткова зацьвердзіла зьмяненьне геапалітычнай і геаэканамічнай абстаноўкі для Беларусі ў дачыненьнях з Расеяй. Цяпер атрымаць якую-небудзь аднабаковую прэфэрэнцыю ў межах міждзяржаўных адносінаў будзе практычна немагчыма. Возьмем, напрыклад, неўрэгуляванасьць ускосных падаткаў паміж дзьвюма краінамі, ад якой Беларусь, паводле некаторых разьлікаў, нясе страты, параўнальныя з сумай, якую прыйдзецца дадаткова патраціць на спажываньне газу па рынкавых цэнах. Нягледзячы на ўсе намаганьні беларускага ўраду, зрухаў у гэтым пытаньні не назіраецца.

Статыстыка не зрэагуе

Можна пагадзіцца з гіпотэзай, згодна зь якой Беларусь пасьля «паўстаньня масаў» у 1994-м праходзіць у эканамічным разьвіцьці ўсе этапы, якія прайшоў у свой час Савецкі Саюз, толькі шпарчэй (пэрыяд НЭПу, пэрыяд экстэнсіўнага разьвіцьця, пэрыяд паскарэньня, перабудова).

З уладнай устаноўкай аб неабходнасьці дасягненьня росту ВУП у памеры 10%, на мой погляд, быў пакладзены пачатак новага этапу разьвіцьця беларускай эканамічнай мадэлі — этапу паскарэньня.

Характэрна, што ўсяго толькі за некалькі тыдняў да пастаноўкі задачы паскарэньня, паводле пададзенага гадавога прагнозу, тэмпы росту ВУП на 6—6,5% на 2004 г. лічыліся вельмі напружанымі. Прайшла пара тыдняў, і плянавая лічба росту ВУП на 10% стала здавацца ўраду рэалістычнай! І як па чарадзействе на працягу першых тыдняў студзеня прадпрыемствы павялічылі выпуск прадукцыі на неабходную велічыню!

Цэнтралізаваная мадэль эканомікі, адноўленая ў Беларусі, дасягнула такой ступені адладкі, што пастаў зараз перад ёй задачу забясьпечыць рост ВУП хоць на 20%, яна яго выканае. Тое самае тычыцца і практычна ўсіх астатніх 16 паказьнікаў, абавязковых да выкананьня.

Незалежныя эканамісты шматкроць адзначалі недатрыманьне статыстычнымі органамі міжнароднай мэтадалёгіі разьліку многіх эканамічных паказьнікаў. Напрыклад, індэкс спажывецкіх цэнаў, якім вымяраюць тэмпы інфляцыі, разьлічваецца ў Беларусі паводле ўсечанага пераліку тавараў і паслуг (350 замест неабходных 450). У рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ўключаецца продаж насельніцтвам замежнай валюты, калі ён перавышае яе пакупку. Паказьнік ВУП разьлічваецца на аснове справаздачных форм, якія падаюцца самімі прадпрыемствамі, што самі распрацоўваюць мэтодыкі разьліку цэнаў на новыя віды прадукцыі, улік інфляцыі і г.д. Пры такіх падыходах неабходныя паказьнікі проста ня могуць не атрымацца.

Савецкай аналёгіяй пэрыяду, які мы цяпер перажываем, могуць быць 1970-я гады. Менавіта тады савецкае кіраўніцтва прызнала, што інвэстыцыі ў асноўны капітал не даюць аддачы, а тэхналягічнае адставаньне ад разьвітых краін пачынае пагражаць нацыянальнай бясьпецы. Было абвешчана пра пераход на інтэнсіўныя крыніцы эканамічнага росту. У Беларусі пасьля ўсьведамленьня немагчымасьці ўстойлівага доўгатэрміновага росту ВУП на аснове экспансіянісцкай грашова-крэдытнай палітыкі (было ўстаноўлена, што тут таксама працуе манэтарная тэорыя і непасрэдна ў Беларусі 1% росту грашовай масы прыводзіць прыкладна да 1% інфляцыі) было абвешчана пра пераход на інавацыйны шлях разьвіцьця.

Аднак у выніку агульнай неўспрымальнасьці плянава-дырэктыўнай эканомікі да тэхналягічнага прагрэсу і там, і тут усё зьвялося да пагоні за «валам». Крытэрам ацэнкі гаспадарчай дзейнасьці прадпрыемстваў зьяўляецца выкананьне даведзеных плянавых паказьнікаў. Такім чынам, адміністрацыйны рэсурс зьяўляецца сёньня галоўным інструмэнтам у пераадоленьні застою. У такіх умовах павышэньне цэн на газ практычна не адаб’ецца на дынаміцы эканамічных паказьнікаў, прынамсі сёлета.

Адчувальна, але не фатальна

Указаная сума для маштабаў эканамічнай сыстэмы Беларусі адчувальная, але не небясьпечная. Яна складае блізу 1% ад ВУП, каля 2,5% ад экспартнай валютнай выручкі прадпрыемстваў і 3% ад расходнай часткі бюджэту. Гэтая сума перакладзецца на прадпрыемствы, якія разьмяркуюць яе ў выдатках на вытворчасьць.

Удзельная вага энэрганосьбітаў у сабекошце прадукцыі вырасьце зь цяперашніх 12% да крыху больш чым 13%. (Для параўнаньня: у эўрапейскіх вытворцаў гэты паказьнік складае 2—2,5%.) Пры іншых роўных умовах гэта будзе азначаць скарачэньне рэальнай рэнтабэльнасьці прадукцыі на 2—3%, а таксама рост цэнаў на 7—8%.

Як паказваюць падзеі, урад пры пераходзе на рынкавыя разьлікі за газ не зьбіраецца разбураць існую схему пагашэньня пазыкі за яго ранейшыя пастаўкі. Адной з праяваў беларускай цэнтралізавана-кіроўнай эканомікі ёсьць тое, што прыбытковыя прадпрыемствы, а таксама насельніцтва плацяць за газ 120%, а стратныя прадпрыемствы маюць магчымасьць падтрымкі з боку рэзэрваў «Белтрансгазу», «Белпаліўгазу», дзяржбюджэту. Такім чынам, ня варта чакаць хвалі банкруцтваў.

А калі зь бюджэту?

Калі б спатрэбілася знайсьці гэтыя $200 млн зь іншых крыніц, напрыклад, за кошт іншых артыкулаў дзяржбюджэту, то пры складзеным узроўні цэнтралізацыі і пераразьмеркаваньня ВУП у Беларусі (парадку 35%) гэта не тварыла б асаблівых праблем.

Напрыклад, адмова ад адлічэньняў у бюджэт саюзу Беларусі і Расеі ўжо дала б каля $25 млн, адмова ад падтрымкі дзяржаўных СМІ дабавіла б яшчэ $30 млн, а самую вялікую эканомію магла б даць адмова ад падтрымкі неэфэктыўнай калгасна-саўгаснай сыстэмы. Зьніжэньне аб’ёму дапамогі ўсяго на 20% вызваліла б больш за $100 млн.

Падтрымка сельскай гаспадаркі — гэта, бадай, самы яскравы прыклад таго, як ідэалягізаванасьць эканомікі можа спараджаць эканамічныя абсурды. Калі б урад адмовіўся ад падтрымкі АПК і забясьпечыў пастаўкі харчаваньня з-за мяжы, то выдача сродкаў, што выдаткоўваюцца на датацыі вёсцы, наўпрост работнікам сельскай гаспадаркі ў выглядзе дапамогі па беспрацоўі склала б каля $90 на кожнага ў месяц, замест $60, якія яны атрымалі ў выглядзе налічэньняў намінальнага заробку ў 2002 г.

Таму нават пераразьмеркаваньне адных артыкулаў бюджэту на карысьць іншых, напрыклад, з угнаеньняў для сельскай гаспадаркі на газ для прамысловасьці, магчыма, нічога не зьмяніла б у самой беларускай эканамічнай мадэлі.

Акрамя таго, магчымыя іншыя крыніцы. У Беларусі адносна нізкая замежная запазычанасьць адносна ВУП — каля 10%. Паводле эўрапейскіх стандартаў, нармальнай лічыцца сытуацыя, калі яна не перавышае 60%. Таму нейкі час з назапашваньнем запазычанасьцяў за газ — а гэта несумненна будзе адбывацца — можна змагацца прыцягненьнем крэдытаў. Нарэшце, існуе важкая крыніца на крайні выпадак — прыбыткі ад продажу дзяржуласнасьці.

І тым ня менш, зьмены непазьбежныя.

Палісімэйкерам і дырэктарату стане яшчэ складаней выконваць даведзеныя плянавыя забавязаньні. Трохі падскочаць цэны, крыху зьнізіцца рэнтабэльнасьць, пачне расьці замежная запазычанасьць, вырасьце колькасьць стратных прадпрыемстваў, павысіцца інфляцыя, упадзе экспарт у Расею, давядзецца дэвальваваць рубель да амэрыканскага даляра і расейскага рубля, каб падтрымаць цэнавую канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі на расейскім рынку. Прыйдзецца канчаткова адмовіцца ад плянаў увядзеньня расейскага рубля…

Калі зыходзіць з доўгатэрміновых нацыянальных інтарэсаў, а не з патрэбаў цяперашняй эканамічнай мадэлі, то павышэньне цэн на газ для Беларусі — гэта пазытыўная зьява.

Разнастайныя прэфэрэнцыі Расеі былі своеасаблівым падмуркам рэліктавай на прасторах нашага рэгіёну эканамічнай мадэлі. Выбі яго, і ўстойлівая на першы погляд канструкцыя разваліцца, як картачны дамок. Сёньня гэта ўжо пачынае адбывацца. Адзінае, што праяву сыстэмнага крызысу ў Беларусі ня варта шукаць у паказьніках сучаснай статыстыкі альбо чакаць у выглядзе лякальных крызысаў на асобных рынках. Усьведамленьне гэтага крызысу грамадзкасьцю адбудзецца іначай, калі на фоне колькасных посьпехаў будзе відавочным рэзкае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне. (Як у савецкія часы, калі плянавікі і партыя давалі справаздачы аб дасягненьнях савецкай эканомікі, а тым часам на паліцах у крамах зьнікалі апошнія тавары).

Чым захаваньне цяперашняй эканамічнай мадэлі, для добрай эканамічнай і палітычнай пэрспэктывы Беларусі было б лепей, калі б Расея даціснула Беларусь, набыла ўсё тое, што пералічваў прэзыдэнт: газаправоды, энэргасыстэму, нафтаправоды. Разумею, што гэтая мая думка многім падасца спрэчнай. Аднак у палітычнай пэрспэктыве гэта абараніла б Беларусь ад магчымага пасураўленьня рэжыму пры канцы ягонага існаваньня. А ў эканамічнай пэрспэктыве гэта б спрыяла прарынкавай арыентацыі будучага ўраду, якому прыйшлося б глядзець у кірунку рэформаў і пошуку новай міжнароднай спэцыялізацыі на падмурку высокатэхналягічных вытворчасьцяў у новай Эўропе.

Нягледзячы на дасягненьні прапаганды і статыстыкаў у справе «дынамічнага» разьвіцьця беларускай эканомікі, падзеі і лічбы сьведчаць аб тым, што сапраўдны яе стан жудасны. Нерэфармаваная і неэфэктыўная, адсталая ад суседніх краінаў, яна можа існаваць толькі ў штучна створаных цяплічных умовах. Пераход на рынкавыя ўмовы нясе пагібель для нярынкавай гаспадаркі. Вось галоўная прычына газавай гістэрыкі і найбольшая выснова з усіх газавых падзей.

Уладзь Калупаеў, аналітычная група «Альтэрнатыва-ХХІ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0