А калдырыцца я ня буду

«Ляпіс Трубяцкой» зьвіў сабе гнязьдзечка ў былым дзіцячым садку ля плошчы Прытыцкага — у раёне не старым, але абжытым. Справа ад ляпісаўскага садка — пункт прыёму шклатары й элітны салён прыгажосьці (у адным будынку). Зьлева, за якія пару мэтраў, — апарняк міліцыі. Дабрэнныя дзядзькі ў форме са сьмешкамі й пацешкамі назіраюць за пляшачнай мафіяй. Жыцьцё кіпіць і на вачох нараджае гарадзкі фальклёр. Мабыць, хлопцы пачуваюцца тут зусім утульна.

«НН»: Заўважна, што Вы інтэлігентны чалавек і ня любіце хамства, але паважаеце гарадзкі фальклёр, дваровую культуру. Як гэта можна спалучаць?

С.М.: Мая «інтэлігентнасьць» пакрыўленая. Сярод маіх літаратурных жарсьцяў — інтэлектуалы з паўкрымінальным, напаўалькагалічным налётам — Марцін Эміс, Уладзімер Букоўскі, Сяргей Даўлатаў. Я не з рафінаваных хлопчыкаў, якія ранкам беглі ў музшколу. Я ведаю, што такое двор. Мы ўмелі за сябе пастаяць пад націскам гапаты і ў тусоўках ля «Пінгвіну», і ў іншых пажыўных месцайках. Я не чалавек, які церпіць хамства ў адносінах да сябе, і не чалавек, які ня будзе біцца. І сябры мае такія ж — я называў іх раней агрэсіўна-піяцкі бамонд. Гэта разумныя людзі, якія без асаблівай складанасьці арыентуюцца ў культуры — тэатры, музыцы, літаратуры. Але яны арыентуюцца і ў іншым баку жыцьця. Дваровая культура вельмі важная для мяне. Гарадзкі фальклёр вельмі важны. Я не разумею людзей, якія лаюць гарадзкі фальклёр і цягнуцца толькі да вясковай аўтэнтыкі. Я з пакаленьня, якое памятае дваровыя песьні й ведае кодэкс гонару: калі ідзеш чувіху праводзіць, цябе не зачэпяць, а вось як будзеш брысьці назад, тут ужо не наракай… Альбо ў школу ў падлу было ісьці ў новых чаравіках, трэ было іх абшаркаць адзін аб адзін. Або крута было запальваць запалкі аб трэнікі, аб бядро. Кожны пацан знаў, як сябе паводзіць, як размаўляць, што сьпяваць. У дзяцінстве было «Самалёт, самалёт, забяры мяне ў палёт, а ў палёце пуста, вырасла капуста». Рэальная абсурдысцкая песенька. Глябальная такая. Потым юнацкі фальклёр з матам… Горад жыў сваім жыцьцём, ня зьвязаным з афіцыйнай культурай, з палітыкай. Гэтыя дробязі для мяне цікавыя, але я пакрываю іх пацінай гумару і не спрабую паказаць паўкрымінальнае жыцьцё крутым і прывабным. Хоць бандыты мяне слухаюць.

«НН»: Сьведчу, што міліцыянты таксама.

С.М.: Не зразумець, хто болей. Мне падабаецца гэтая дыфузія ў жыцьці, гэтае некарпаратыўнае дачыненьне. Для мяне гэта сур’ёзная жыцьцёвая камунікацыя. Людзі ня могуць існаваць кожны ў сваёй фармацыі ці групе — музычнай, клясавай, рэлігійнай. Гэта было б нецікава.

«НН»: Самы экстрэмальны ўчынак Вашага жыцьця?

С.М.: Я лічу, што людзі, якія шукаюць экстрыму па-за жыцьцём… ну, можа, ім занадта добра жывецца? Для мяне ўсё жыцьцё — экстрэмальнае задавальненьне. Калі мне кажуць, што толькі на роліках можна атрымаць сапраўдны адрэналінавы выбух, я ім раю пад’ехаць на роліках да кінатэатру «Дружба» дзесьці ў Чыжоўцы. Вось там будзе экстрым. Я зьдзяйсьняў учынкі на грані фолу, гэта зьвязана з п’янствам або юным нігілізмам, але ня буду распавядаць. Не люблю распавядаць пра сябе ўсё. Ня хочацца ператвараць інтэрвію ў флюараграфічны здымак.

«НН»: Вы кажаце, што не жадаеце мець ані сталае кватэры, ані машыны. Запабягаеце прывязкі да чагосьці?

С.М.: Гэта мне пакуль ня трэба. Хоць я маю грошы на ня самую горшую кватэру і машыну і не саромеюся ў тым прызнацца. Гэта зароблена, а ня выйграна ў лятарэю. Я жыву ў здымных кватэрах і мяняю іх. Гэта ня вельмі ўтульна, але мяне задавальняе. Хоць побыту я не баюся і вырашаю гэтую праблему на хаду. Іду ў краму «Зрабі сам» і латаю гаспадарку.

«НН»: Фотамастачка Ксенія Нікольская з Санкт-Пецярбургу ня ведае, хто такі калдыр. Мы ня здолелі растлумачыць, хоць усім нутром разумеем, хто гэта. Дайце дэфініцыю. Тым больш што ўзьнікла цэлая парадыгма — калдырыцца, закалдыраны, калдырны й г.д.

С.М.: «Калдыра» выдумаў Лёша Хацкевіч, Хацон, мой сябар. Дарэчы, «Саша й Сірожа» — таксама вельмі раскручаны брэнд. Мы з Хацонам даўно працуем. Спачатку быў гурт «Мэталёвы буралом», потым такі сьмешны з назваю «Блакітныя пеўні», а потым тэатар «Бамбукі». Тады і ўзьнік панятак «калдыр». Ня блытайце калдыра з гапатой і уркамі ды з голенымі пацанамі з Шабаноў. Калдыр жыве ў кожным чалавеку, незалежна ад сацыяльнага стану. Ня вычысьціў зубоў ранкам — гэта калдыр у табе аджыў. Пайшоў у трэніках у краму — калдыр. Хочаш котцы нагою нападдаць, але стрымліваешся — перамог у сабе калдыра. Чорнае альтэр-эга чалавека — калдыр. Забі калдыра ў сабе й г.д. Такая ідэя. Мы цяпер яе раскручваем у сэрыі тэлепраграмаў, на ўкраінскай тэлевізіі пойдуць неўзабаве. На Беларускай тэлевізіі мы працаваць болей ня будзем. Ня будзем калдырыцца.

«НН»: Вас называюць лідэрам крэольскага мастацтва ў краіне. Вы бачыце ў крэольстве будучыню нашай нацыі?

С.М.: Гэта ня тэма маёй дысэртацыі — куды Беларусь паверне. Я ня надта добра ведаю гісторыю й геапалітычныя рэаліі, бо прыехаў сюды ў 18 год, калі ўжо цалкам склаўся. Я — сын вайскоўца, нарадзіўся ў Нямеччыне і добра папаезьдзіў, пакуль трапіў у Менск.

На пачатку свайго шляху мы сьпявалі па-беларуску. Я слухаю, як Лявон Вольскі ці наш гукарэжысэр Саша бліскуча гавораць на мове. Але зь цяжкасьцю даю рады зь беларускай. Ва ўнівэрсытэце культуры, які я скончыў, выкладчыкі стараліся ўбіць яе мне ў галаву, і ў мяне было пачуцьцё пратэсту, як супраць любога інтэлектуальнага гвалту. Я выхоўваўся на расейскай клясыцы зь невялікімі адхіленьнямі ў бок абэрыутаў, Платонава й г.д. Скажу шчыра, шмат што зь беларускай літаратуры мне так тады й не закаціла. Напрыклад, гумару Цёткі я абсалютна не разумею. Я ня быў крануты і Максімам Багдановічам. Калі мае беларускамоўныя выкладчыкі ў нашых ідэйных спрэчках ставілі Багдановіча побач з Забалоцкім або Вэрленам, мяне гэта падтрэсвала. Брэнд «Багдановіч» быў мне незнаёмы. Я проста ня ведаю беларускай мовы ў такой ступені, каб іранізаваць. Па-расейску я валодаю поўнай знакавай сыстэмай. Калі я сьпяваю «сады-стады» і «калье-аліўе», усе разумеюць, пра што вядзецца.

«НН»: А трасянкавай сыстэмай вы, па-мойму, цудоўна валодаеце.

С.М.: Гэта мой фальклёр, мова вуліц. Я ведаю падшэўку жыцьця. Я п’янстваваў, бываў на піўніках, панкаваўся, езьдзіў па мястэчках. На трасянцы нават крымінальнікі гавораць: «Маць, нясі брагу, пасьпела!» Таму мая трасянка смачная, бо эклектыка — самы смачны элемэнт мастацтва. Трасянка — кіч, несур’ёзная мова, мова багемы. На трасянцы гавораць мае сябры — Хацон, паэты, мастакі, тэатралы. Трасянка мне далася лягчэй, чым беларуская. Я ня ўмею іранізаваць па-беларуску.

«НН»: Мой любімы Сяргей Даўлатаў сказаў бліскуча: «Тысячы кніг напісана пра шкоду алькаголю і ніводнае — пра ягоную карысьць. Дарма». І гэта напісаў чалавек з цырозам пячонкі. Перад шоў «Крамбамбулі» належыць гаварыць пра алькаголь...

С.М.: Алькаголь важны для мяне. Я вітаю ўсё, што зьвязана з алькаголем. Мне гэта цікава. У маім жыцьці розныя пэрыяды бываюць. Часам я жадаю піць, а часам мне неабходны цьвярозы погляд на рэчаіснасьць. Цяпер мне ўжо паўгоду няма як піць — няма калі. Для стымуляцыі творчых справаў мне алькаголь не патрэбны. Я не пішу п’яны. Але алькаголь даў мне гаму перажываньняў, станаў, поглядаў на жыцьцё. Я зазнаў рэчы, якіх не спазнаў бы, каб быў цьвярозьнікам. Раней вельмі хацелася піць, але грошай не было й ніхто не прастаўляўся. А цяпер грошы ёсьць і кожны другі прагне мне праставіцца, але няма ахвоты піць. Такі парадокс! Каб у маладосьці гэтыя фазы супалі, вось было б добра.

Аднак калі я апынаюся з раніцы ў нейкай «пажыўной мясьціне з п’янымі пэрсанажамі», лічу, што найлепшым і найдарэчнейшым будзе выпіць. Карацей, я ня маю канонаў што да алькаголю.

«НН»: Складаецца ўражаньне, што Вы не жадаеце залежаць ні ад чога — ні ад маёмасьці, ні ад звычак. Гэта слушнае ўражаньне?

С.М.: Так. Гэта, можа, самы каштоўны набытак майго жыцьця, я моцна ганаруся гэтым. Ёсьць шмат апокрыфаў пра «Ляпіс Трубяцкой». Сотні людзей у горадзе распавядуць вам, як яны зь Міхалком сядзелі ў турме, у дурдоме, пілі й трэскаліся разам. Чысты гарадзкі фальклёр. Мы неаддзельныя ад жыцьця, ад вялікай тусьні. Мы ператварыліся ў пэўнае творчае аб’яднаньне. «Бамбукі», «Ляпіс Трубяцкой», «Саша й Сірожа», славуты клюб «Адыс-Абэба» з пэрформансамі, з панк-буфанадай — напэўна, гэта мая творчая ўдача. Бо ў творчасьці я гавару найперш пра працалюбнасьць, цярпеньне і ўдачу, чым пра талент і геніяльнасьць. Працалюбнасьць і ўдача — гэта рэчы, якія я выпрабаваў.

«НН»: І яны працуюць?

С.М.: Безумоўна.

Гутарыла Сьвятлана Курс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0