Да Вольскага, Міхалка ды Кулінковіча далучыцца Алег Скрыпка

«Панаехала гасьцей з іншаземных абласьцей», — гэтыя словы сьпяваюць усе, ад маленькіх дзяцей да ўкраінскіх мытнікаў. Лікёры з «крамбамбульнай» дылёгіі — куантро і брамбуе, не мінаючы й самой крамбамбулі, — б’юць рэкорды продажаў, нягледзячы на сваю завоблачную цану. Сам музычны праект зьбірае пад свае сьцягі ўсё больш люду. Спачатку да Лявона Вольскага далучыліся Сяргей Міхалок і Аляксандар Кулінковіч, пасьля зьявіліся опэрныя пяюльлі й балерыны. А хутка ў гэтую кумпанію трапіць і Алег Скрыпка з «Вопляў Відаплясава».

Шмат хто з айчынных выканаўцаў распрацоўваў тэму культуры піцьця «ад панядзелка да панядзелка». Асаблівых посьпехаў у паэтызацыі чаркі ды куфля дасягнула «Крама». У рэпэртуары гурту і «Выпі са мной да дна», і «Карчма», і «Гэй, там, налівай». У параўнаньні з гэтым разнаквецьцем песьняроўская «Чарачка» ці ўлісаўскі «Добры напой» глядзеліся бледнавата.

Канкурэнтаў не было, пакуль Вольскі ня вымудрыў «альбому-канцэпту» зь песьнямі, стылізаванымі пад музыку краінаў, дзе пануе той ці іншы напой. Так на мяжы стагодзьдзяў паўстала «Крамбамбуля» — энцыкляпэдыя адначасова алькагольная і музычна-стылёвая. Ледзьве яна зьявілася, як журналісты залямантавалі пра «апапсеньне» — у некаторых гэтае слова сынанімічнае «заняпаду» — рок-зоркі. Асабліва Лявону калолі ў вочы песьняю «Я — рок-музыкант», дзе зусім яшчэ юны лідэр «Мроі» маніфэставаў: «Я не люблю салодкіх сьпеваў і песень рэстаранны варыянт». На ўсе закіды пасталелы Лявон адказваў ляканічна: «Час паказаў, што рок-музыґка можа сабе дазволіць заходзіць на тэрыторыю папсы, кпіць з рок-мэзыкі ды з самога сябе. А песьні кшталту «Рок-музыканта» былі праявамі юнацкага максымалізму».

«Добры музыкант без праблемаў зробіць папсовы шлягер, і зробіць гэта лепей за тых, хто працуе толькі ў поп-індустрыі», — падтрымліваў калегу Піт Паўлаў. Толькі вось нешта не даходзілі раней рукі ў нашых музычных талентаў да стварэньня простых твораў. Таму папса была другасная, адсталая ды неканкурэнтаздольная. «Крамбамбуля» ж з «Абсэнтам» ды «Гасьцямі» зайшла ў кожны дом. Яе ўспрынялі незалежнікі — таму што на роднай мове і якасна. Яе ўспрынялі саветчыкі — бо нешта ёсьць у гэтым ад «Песень пра галоўнае», толькі па-наску. Ня больш чым музыка для адпачынку зь лёгкімі і сьмешнымі тэкстамі, без палітыкі і глябальных праблемаў. А адпачываць хто ня любіць? «Крамбамбуля» прыйшлася дарэчы.

Над капейкай

ня трэсьліся

«Крамбамбуля» — гэта вялікая правакацыя, эпатажнае відовішча, музычная машына, што едзе насуперак усім правілам і стэрэатыпам айчыннага шоў-бізнэсу. Найперш была парушаная традыцыя «малабюджэтнасьці»: прадусары, не шкадуючы сілаў, шукалі грошай на раскрутку праекту. Колькі дакладна ўклалі ў «Крамбамбулю» — ніхто не прызнаецца. Але чаго вартая адна прэс-канфэрэнцыя ў рэстарацыі «Печкі-лавачкі», дзе можна было пакаштаваць усе напоі, пра якія сьпявае Вольскі ў «Застольным альбоме». Ці кастрычніцкае шоў з салісткай Опэры, балерынамі, танцавальнымі парамі. Як кажа прадусарка Ганна Вольская, «грошы пайшлі вялікія». Але выдаткі акупіліся: па выніках продажаў дыскаў беларускіх выканаўцаў у музычных крамах «Містэрыя гуку», першая «Крамбамбуля» заняла трэцяе месца, «Каралі раёну» — другое. Першае, зразумела, «Дом культуры» «NRM».

Ушчэнт быў разьбіты «Крамбамбуляй» і стэрэатып наконт непадступнасьці ТВ і FM для беларускай музыкі. Задоўга да вядомай пастановы пра 50% напаўненьня радыёэтэру «Абсэнт» круціўся напоўніцу амаль на ўсіх FM-станцыях. Кліп на гэтую песьню трымаўся з год у лідэрах «Кліп-абоймы», цяпер «Госьці» знаходзяцца ў жорсткай ратацыі Першага музычнага каналу. Ахвотна ставяць «Гасьцей» і на ўкраінскай ТВ. Паводле словаў аднаго з прадусараў праекту Віталя Драздова, сёньня іх сьпявае ледзь не палова Ўкраіны. Нават супрацоўнікі мытні сустракаюць беларусаў словамі: «Панаехала гасьцей...»

Украінізацыя «Крамбамбулі» на гэтым ня спыніцца. Ужо вядома дакладна, што да «мясцовых аўтарытэтаў» — Вольскага, Міхалка ды Кулінковіча — хутка далучыцца кароль суседняга раёну Алег Скрыпка. Ён засьпявае зь Лявонам песьню «Суседзі» адмыслова для ўкраінскага выданьня «Крамбамбулі». Будзе й кліп. Дыск мае выйсьці на самым буйным украінскім лэйбле «Lavina Records», што выдаваў альбомы «Вопляў Відаплясава» ды «Акіяну Эльзы».

Будзе песьня

пра жэншчын

Гурт «Крамбамбуля» абяцае запісаць яшчэ два дыскі з абсалютна новымі песьнямі. Першы станецца своеасаблівым працягам «Застольнага альбому» й будзе прысьвечаны дасьледаваньню геаграфічна-алькагольнага калярыту экзатычных краінаў Усходу. Апроч таго, ня спыніцца й прапаганда старадаўняга беларускага напою ды айчыннай музыкі ў суседніх краінах. Так што магчымая супраца з польскімі й расейскімі музыкамі.

Ідэю яшчэ адной новай праграмы — «Крамбамбулі сьвяточнай» — падкінуў Міхал Анемпадыстаў, аўтар «Народнага альбому». Кожная песьня там будзе прымеркаваная да якога-небудзь сьвята: ці то традыцыйнага і сур’ёзнага, кшталту Калядаў або Купальля, ці то досыць легкадумнага — як Дзень танкіста або міліцыі. «Дваццаць трэцяга феўраля паздраўленія прымаю я», — прадэклямаваў Вольскі словы з адной такой «сьвяткавалкі». Яшчэ больш трасяначнай, відаць, будзе песьня «Дарагія жэншчыны»… Абы суседзі ўсур’ёз не палічылі гэта за беларускую мову…

Крамбамбульныя каралі маюць што сказаць. Дык чакайце ў госьці іх. Найбліжэйшае рандэву — у к/з «Менск» 4 сакавіка. Канцэрт захавае ўсе разынкі кастрычніцкага шоў. Будзе й колькі сюрпрызаў, як, напрыклад, прэзэнтацыя новай удзельніцы праекту з «азіяцкім калярытам», пошук якой вядзецца праз прэсу... А той, хто не пашкадуе на квіток 35 тыс. руб., атрымае шанец павячэраць у рэстарацыі. У кампаніі трох каралёў.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0