22 лютага Злучаныя Штаты Амэрыкі адзначаюць сваё другое, пасьля 4 ліпеня, нацыянальнае сьвята — Дзень Вашынгтона. Імя гэта даўно стала сымбалем ЗША, але чаму так здарылася, адкажуць, мабыць, ня ўсе.

З курсаў гісторыі большасьць памятае, што Вашынгтон — першы прэзыдэнт ЗША, што яго паплечнікам быў ліцьвін Касьцюшка, але гэта яшчэ не адказ. Каб знайсьці яго, трэба вярнуцца ў эпоху ўзьнікненьня амэрыканскай дзяржавы.

Другі амэрыканскі прэзыдэнт Адамс казаў: «Наша рэвалюцыя ператвараецца ў міт». Узорам такой міталёгіі зьяўляецца маналёг Янкі Здольніка: «Калісь амэрыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю незалежнасьць, напісалі на сваім сьцягу несьмяротныя словы: «Амэрыка для амэрыканцаў».

Насамрэч гэты лёзунг, вядомы як «дактрына Манро», зьявіўся нашмат пазьней. У эпоху Вашынгтона, асабліва ў часы яго маладосьці, слова «амэрыканец» асацыявалася найперш зь дзікуном-індзейцам. Каляністы вызначалі сябе як амэрыканскіх падданых «Яго Вялікасьці» караля Брытаніі. Сваіх ворагаў яны бачылі ў тых жа індзейцах, суседзях-французах, бунтоўных нэграх. Нават калі ўзьнікалі непаразуменьні з мэтраполіяй, ім і ў голаў не прыходзіла дамагацца разрыву зь ёй.

Біяграфія Вашынгтона даволі тыповая: багаты віргінскі плянтатар, актыўна падтрымлівае брытанскую экспансію на землі індзейцаў і французаў, вядзе гандлёвыя справы з ангельскімі фірмамі — зь іншымі і не дазвалялася. Палітычнае яго крэда ў той час: «Незалежнасьці ня хоча ніводзін разумны чалавек па абодва бакі акіяну».

Аднак поўнай згоды ўсё ж не было. Каляністы хацелі прадстаўніцтва ў брытанскім парлямэнце, пратэставалі супраць абкладаньня калёній падаткамі бязь іх згоды, большых магчымасьцяў для камэрцыйнай дзейнасьці.

Лёндан лічыў гэта бунтам і адказваў пагрозамі й рэпрэсіямі. Тым ня менш амэрыканскія лідэры ўсяляк падкрэсьлівалі сваю ляяльнасьць гістарычнай маці-Радзіме. І калі зьявіўся памфлет Томаса Пэйна «Здаровы сэнс», дзе ўпершыню было абвешчана, што Англія больш ня маці-Радзіма для Амэрыкі і трэба стаць на шлях барацьбы зь ёй, амэрыканцаў гэта напалохала. Толькі Вашынгтон адкрыта падтрымаў Пэйна, дарэчы ангельца, і прымусіў амэрыканскі кангрэс прыняць знакамітую Дэклярацыю Незалежнасьці.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Усяслаў Шатэрнік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0