Захад быў Франкенштайнам, які з розных рэлігійных, этнічных супольнасьцяў стварыў монстра пад назвай «Ірак».

Дыктатары — заўсёды паразыты на целе сваёй краіны. Ня толькі таму, што высмоктваюць яе чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы. Гэта навідавоку. Галоўная функцыя дыктатараў — падмяняць сабой краіну, яе народ, гісторыю, культуру, рэлігію. І самае прыкрае, што часам мы самі пачынаем верыць чарговаму: «Краіна — гэта я». Іракскі выпадак — найбольш яскравы прыклад такога.

Яшчэ год таму пісаць пра Ірак значыла пісаць пра Садама. Вакол яго асобы будавалася большасьць прагнозаў. Ці то народ будзе змагацца да апошняга за Садама? Ці то, як толькі Садама зловяць, супраціў спыніцца? Ніводзін з тых прагнозаў ня спраўдзіўся. Чаму? Вельмі проста. Ірак — гэта не Садам. Цяпер, калі Садам, незалежна ад яго далейшага лёсу, стаў прыватнай асобай, надышоў час паспрабаваць заразумець Ірак безь яго.

Вытокі сучаснага Іраку — не ў Бабілёне. Згадаем, зь якім імпэтам мясцовы люд расьцягваў рэшткі старажытнага гораду пасьля зрынаньня Садама. У сваіх сучасных межах Ірак быў створаны Вялікай Брытаніяй у 1920 г., пасьля распаду Асманскай імпэрыі, зь яе былых правінцый. Таму пытаньне аб праве заходняга ўмяшальніцтва тут рытарычнае. Захад быў тым Франкенштайнам, які з розных рэлігійных, этнічных супольнасьцяў стварыў монстра пад назвай «Ірак». І той да сёньняшняга дня не дае спакою свайму стваральніку. Шыіты, суніты, курды, а яшчэ асырыйцы, туркмэны — усе яны былі сьцягнутыя, каб ахоўваць брытанскую нафту. Ніводная з названых групаў (а гэта толькі самыя значныя) не лічыла новую дзяржаву сваёй. Караля давялося везьці з-за мяжы. На трон быў пасаджаны прадстаўнік роду Мухамэд з Хашымітаў Фэйсал, які называў сваіх падданых «зграяй кланаў, пазбаўленых усялякага ўяўленьня пра патрыятызм».

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Вацлаў Шаблінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0