Калісьці нас сабралі з усяго гораду й зрабілі ў адной менскай школе спартовую клясу — гандбольную. І нейкім чынам трапіў да нас хлапец-футбаліст. Мы яго звалі Васілём.

Вясёлы, кампанейскі: свой хлапец, сярод нас амаль нічым не вылучаўся. Дарма што займаўся футболам ды з намі не трэніраваўся. Хоць зь цікаўнасьці і езьдзіў, здаралася, паглядзець, «як вы кідаеце мячык». Далей гаворка пойдзе не пра нашу спэц-спартклясу, а пра гэтага хлопца — Васіля.

З маленства ён займаўся ўлюбёным відам спорту ў сваім родным Бабруйску, дзе жыў з бацькамі. Стаў прыкметна вылучацца сярод аднагодкаў ды падаваць пэўныя надзеі. Яго заўважылі менскія «сэлекцыянэры» ды прапанавалі пераехаць у Менск, каб займацца футболам на больш прафэсійным узроўні. Так Вася апынуўся ў нас. Мы прынялі яго па-сяброўску, як свайго. На той час ён ужо лічыўся самым пэрспэктыўным юным футбалістам краіны.

Спачатку Васіль глядзеў на нас ледзь не з замілаваньнем, зь нейкім дзяцяча-юнацкім захапленьнем, якое бывае толькі ў правінцыйных маладых хлопцаў, што трапляюць у «вялікае жыцьцё». Мы здаваліся яму ледзь не да краю «прафэсійнымі», у якіх усё — і жыцьцё, і спаборніцтвы, і ўзровень падрыхтоўкі — знаходзіцца на належным узроўні. Хутка тое самае зьявілася і ў яго.

І ўсё б у гэтай гісторыі было добра, калі б не адна акалічнасьць. Бацькі Васіля засталіся ў Бабруйску, а хлопец жыў у Менску ў сваіх бабулі зь дзядулем. І калі мы на тыдзень і больш зьяжджалі куды-небудзь за мяжу на спаборніцтвы, вучоба спынялася. Васіль заставаўся зь незнаёмым горадам сам-насам, без належнага нагляду. Што хлопцу было рабіць аднаму? Хутка зьявіліся сябры, зь якімі ў нас супольных інтарэсаў не было.

Яшчэ адным фактам не на карысьць нашай школьнай адміністрацыі было тое, што яна дазволіла зрабіць у памяшканьні, дзе праходзіла працоўнае навучаньне (у нас гэта быў асобны будынак), вялікі кампутарны клюб. І большасьць падлеткаў, нягледзячы на ўсе «аблавы», сядзела не за школьнымі партамі, а за кампутарнымі сталамі.

Тады й для Васіля вялікі кампутарны клюб быў сапраўдным дзівам. Дарэчы, акрамя футболу, Васіль выявіў неблагія здольнасьці і да кампутарных гульняў. Спачатку ён наведваў гэтае месца, толькі калі мы былі на спаборніцтвах. А потым стаў «прападаць» там і замест урокаў, і замест трэніровак. Яго не заяўлялі на гульні, усё часьцей садзілі на лаву запасных. Але кампутарная ліхаманка зацягвала хлопца.

Хутка Васіль перайшоў у паралельную клясу. Казаў, што надакучылі нашыя бясконцыя паездкі, якія «ламаюць яму ўвесь графік». Пасьля 9-й клясы Васіль застаўся на другі год. А неўзабаве і зусім зьнік, мы ня ведалі, што зь ім і дзе ён. Адно ведалі дакладна: з футболам Васіль скончыў…

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Алесь Квіткевіч, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0