Леташняя ліквідацыя ўладамі Гуманітарнага ліцэю — апошні ў доўгім шэрагу падобных выпадкаў зь беларускай гісторыі, калі высакароднаму памкненьню моладзі да асьветы і маралі супрацьстаіць чынавенскі гвалт.

А самы першы выпадак з гэтага шэрагу адбыўся амаль два стагодзьдзі таму, калі расейская адміністрацыя разагнала студэнцкія таварыствы філяматаў і філярэтаў у Віленскім унівэрсытэце.

Што можна сказаць пра дзяржаву, у якой таварыствы аматараў навукі і прыхільнікаў маральнасьці дзейнічаюць у глыбокім падпольлі? Толькі тое, што адміністрацыя гэтай краіны ўхваляе невуцтва і адмаўляе ролю высакародных памкненьняў. Народ мусіць быць цёмны, слова начальніка — найвышэйшы закон. Філяматы пайшлі на катаргу, а ліцэісты — у падпольле за адно й тое злачынства: высакароднае памкненьне яны лічылі важнейшым за вокрык начальніка.

Выходзіць, нічога не зьмянілася ў Беларусі за мінулыя 200 гадоў, якія складаюцца ў ланцуг аднатыпных фактаў: высакароднае памкненьне да навукі і маралі нараджаецца, трапляе ў падпольле і забіваецца з асаблівым цынізмам. Нараджэньне — падпольле — гвалт.

Як спыніць гэтую зьнішчальную зададзенасьць? Напэўна, трэба, як мінімум, ранейшыя выпадкі разглядаць як урокі гісторыі. А для гэтага іх трэба ведаць.

Антон Адынец, аўтар гімну філярэтаў, прыйшоў у падпольнае таварыства тады, калі яно ўжо было пад сьледзтвам. Дарэчы, і гімн свой ён напісаў у турме. Дакладней, як бы цяпер сказалі, у сьледчым ізалятары.

«Ён пражыў вялікае жыцьцё, 80 гадоў. І змог стаць легендай, — гаворыць дасьледчык Адам Мальдзіс. — Быць сябрам Міцкевіча, пісаць зь ім разам вершы, падарожнічаць разам зь ім і жыць. І жыць амаль не рэпрэсаваным. Ну як гэта ўдалося?»

«Успаміны, якія ён пазьней напісаў, у якіх ён хацеў асьвятліць сябе ў промнях славы Адама Міцкевіча, гэта слабасьць чалавечая, — кажа іншы адмысловец тае эпохі Ўладзімер Мархель. — Ён сёе-тое прыдумаў. І да сёньняшняга дня мы некаторыя рэчы ўзнаўляем у біяграфіі Міцкевіча недакладна. Калі Адынец апублікаваў безь яго ведама адзін верш, Міцкевіч абурыўся: «Ты б у мяне спытаў. Бо гэты верш узнаўляўся па памяці, і шмат чаго недакладна». А Міцкевічаў рукапіс не захаваўся, і таму на сёньняшні дзень цяжка сказаць, што менавіта.

Калі ў Пушкіна спыталі, чаму ён ня хоча ехаць за мяжу, той адказаў — няма патрэбы. Бо краявіды я магу ўявіць лепшыя, чым убачу там. А замежнікаў мне, пасьля таго, як я пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, ня трэба ведаць. Бо больш вялікага замежнага чалавека няма. Гэта Адынец піша ў лісьце да Міцкевіча. А ці так гэта?.. Ягоныя фантазіі наклалі пэўны адбітак на біяграфію Міцкевіча. А іншых сьведчаньняў няма.

Яны разам падарожнічалі. Сустрэліся ў Саксоніі, Дрэздэн. У Гётэ разам былі. Пасьля Італія, Швайцарыя. Праўда, у Францыі ўжо Адынец быў безь Міцкевіча. Ён усюды адчуваў сябе нароўні. Сустракаўся з Гюго, з многімі клясыкамі нямецкай літаратуры, італьянскай, швайцарскай. Паехаў у Англію, і там сустракаўся з многімі. Ён адчуваў сябе ў Эўропе як рыба ў вадзе. Ён адчуваў сябе эўрапейцам у Эўропе».

У гісторыю літаратуры Адынец найперш увайшоў сваімі ўспамінамі «Лісты з падарожжа», гаворыць Адам Мальдзіс. Гэта чатыры кнігі. Там было апісана падарожжа зь Міцкевічам. Падарожжа рэальнае, але авеянае рамантычным флёрам. Ня ўсе разумелі, як Міцкевічу ўдалося з Санкт-Пецярбургу ды раптам уцячы ў Заходнюю Эўропу. Гэта таямніца да нашага часу.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Сяргей Паўлоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0