27.02.2004 / 13:00

Калі Лукашэнка разарве…

Шалёна радуюся з гэнай заварушкі з газам.

Можа, у ППРБ скончыцца нарэшце плятанічнае каханьне з «братняю дзяржаваю». Халява скончылася. Прычым і нам, і ім. Як бы мы цяпер ні зласьлівілі, ні лічылі стратаў, ні ўводзілі аплаты за транзыт — Расея будзе пераманьваць нас да сябе. Бо ЭЗ забярэ нас з рукамі і нагамі. А раптам бацька пакрыўдзіцца на Пуціна канчаткова ды дасьць развароту на 180 градусаў?..

Цяпер і недалёкаму чалавеку стала зразумела, хто нам брат, а хто сволач. Адрубаць газ у такі мароз... Напраўду — пара па рынкавых цэнах. Бо тая падачка-зьніжка ад Расеі надта ўжо дорага нам усім абыходзіцца. Агідна і тое, што розныя… едуць да сванідзаў паліваць брудам Лукашэнку. Яны паліваюць брудам не яго, а Беларусь. Ды перад кім?! І так усе нас гнюсяць, а калі яшчэ і самі на сябе брахаць будзем... Які б ні быў — але наш.

Калі Лукашэнка разарве ўсе дамовы пра саюз з Расеяй — я першы пайду сьпяваць песьні ў ягоны гонар. Гэта будзе мой Лукашэнка. Астатняе дацісьнем.

Раман Тумашык, Менск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру