05.03.2004 / 13:00

«Вялес» — Васючэнку

Ляўрэатам прэміі Таварыства вольных літаратараў «Гліняны Вялес» за 2003 г. стаў Пятро Васючэнка, аўтар кнігі казак «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі».

На прэмію сёлета намінаваліся таксама празаікі Сяргей Рублеўскі (зборнік «Азярод»), Вольга Гапеева («Рэканструкцыя неба»), паэты Валянціна Аксак («Віно з Каліфорніі») і Янка Лайкоў («Вогнепаклоньнік»).

Адзін зь сяброў журы Сяргей Шыдлоўскі тлумачыць выбар так: «Васючэнка — прадаўжальнік лініі Яна Баршчэўскага ў літаратуры, паўночнабеларускай і міталягічнай. Васючэнка адчувае мэйнстрым. Ён можа быць забаўляльным у сваіх творах, але пры гэтым не губляе сэнсавай глыбіні».

Кніга пераможцы выйшла ў дзяржаўным выдавецтве, як і зборнік Лайкова. Астатнія друкаваліся ў прыватных фірмах. У новым стагодзьдзі гэта першая перамога дзяржаўнага выдавецтва. Папярэднія гады кнігі дзяржвыдавецтваў нават не траплялі ў шорт-ліст. Пераможцам у 2001 г. быў Віктар Сьлінко («Штольні вясны», «Беларускі кнігазбор»), а ў 2002 г. — Альгерд Бахарэвіч («Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў», «Логвінаў»).

АВ

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру