Сацыяльная і палітычная эмансыпацыя беларусак адбылася ў савецкія часы. За апошнія ж 20 гадоў зьмяніліся перадусім сэксуальныя паводзіны жанчынаў. Напрыклад, другі пол выразьней усьвядоміў сваё права на асалоду.

Адпаведна, усё больш жанчынаў успрымаюць сэкс не як сямейны абавязак, а як права. Праз гэта яны пачынаюць па-іншаму ставіцца да свайго цела, да спажываньня etc. Гэта мяняе жанчынаў, іхны стыль жыцьця, іх мастацтва. Шматлікіх мужчынаў такі працэс цьвеліць, некаторыя сацыёлягі трывожацца пра лёс сям’і і мацярынства. Жанчыны выходзяць з-пад кантролю: чаму, як, дакуль? Да гэтай тэмы зьвяртаецца «НН» перад 8 Сакавіка. Старонкі 12—15.

Тым ня менш, грамадзтва па-ранейшаму не гатовае прызнаць за жанчынамі права на палітычнае лідэрства, разважае Віталь Тарас на старонцы 8.

Чарговы газавы кантракт з «Транснафтай» сканчаецца ў той самы сьвяточны жаночы дзень. У сераду намесьнік старшыні «Газпрому» Аляксандар Разанаў падкрэсьліў, што галоўная ўмова расейскага боку — перадача ва ўласнасьць «Газпрому» 50% статутнага капіталу «Белтрансгазу». Валер Булгакаў грунтоўна аналізуе доўгатэрміновыя тэндэнцыі ў беларуска-расейскіх адносінах на старонках 3—4.

На наступным тыдні Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні Дня Волі канчаткова вызначыць фармат урачыстасьцяў 25 Сакавіка. Сёлетняе сьвята законна можна ператвараць у Дзень «Народнай волі». Гэтак зьдзекуюцца з найбольшай дэмакратычной газэты краіны! Абклалі бясконцымі судовымі справамі… Думаю, не адзін чалавек адмовіцца зараз купляць бялізну «Сэрж». Чытайце побач на старонцы 2.

І яшчэ раз нагадаю — вясна надышла.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0