На мой погляд, СМІ ствараюцца дзеля таго, каб служыць народу. Гэта значыць, што яны з’яўляюцца дэмакратычнымі інстытутамі па сваёй сутнасці. І кожны грамадзянін той ці іншай краіны мае поўнае права не толькі на атрыманне неабмежаванага доступу да СМІ, але і права на аналіз і ацэнку інфармацыйнай крыніцы. Ці не ў гэтым сутнасць сапраўднай дэмакратыі?

Таму паспрабуем разгледзіць дзейнасць беларускіх сродкаў масавай інфармацыі на прыкладзе беларускага тэлебачання. Так склалася, што менавіта TV з’яўляецца найбольш уплывовым інстытутам ідэалагічнага напрамку ў нашай краіне.

Ці глядзіце вы беларускія каналы? Я ўпэўнены, што для 99,9 працэнтаў нашага грамадства гэта пытанне рытарычнае. Але давайце спачатку вызначымся з паняццямі, бо вельмі важна размаўляць на адной мове. “Беларускім тэлебачаннем” мы будзем называць сённяшнюю ўсталяваўшуюся сукупнасць каналаў, якія аб’яўляюць сябе тутэйшымі, самаробнымі, калі хочаце, - нацыянальнымі. Але і тут трэба адразу адзначыць, што гэтыя каналы не з’яўляюцца па сваёй сутнасці нацыянальна-беларускімі. Бо як жа іх так назваць язык павернецца, калі беларуская мова такая ж рэдкая тут, як і дзеячы апазіцыйнага ўладам лагера, грамадзяне той жа краіны, што і чыноўніцкая вертыкаль! Гэта сорам нашых дзяржаўных тэлекампаній, што яны не толькі не адпавядаюць статусу нацыянальнага тэлебачання, але і не жадаюць выходзіць на новы, якасны ўзровень інфармацыйнага грамадства.

Зразумела, дзеля чаго існуе тэлебачанне: ці гэта часы свабоднага дэмакратычнага грамадства, ці то гэта таталітарны рэжым – TV патрэбна, каб данесці да масавай часткі народа ідэалогію ці нейкую інфармацыю. Розніца толькі ў тым, хто з’яўляецца носьбітам гэтых думак – мноства прадстаўнікоў народа ці адзіны “гаспадар краіны”. Тут нас чакае варыятыўнасць, множнасць, люралізм. Плюралізм – гэта не толькі і не столькі наяўнасць шматлікай колькасці каналаў. Гэта перш за ўсё рознабаковасць мыслення, ідэй, думак... Тое, што мы бачым сёння па беларускаму тэлебачанню ні ў якім выпадку нельга суадносіць з плюралізмам як галоўным паказчыкам дэмакратычнасці інфармацыйнай прасторы. Існаванне БТ, АНТ, СТВ, “Ладу” не сведчыць пра развіццё свабоды ў гэтым асяроддзі. Толькі падумайце: у наc ужо доўгі час адбіраюць магчымасць атрымоўваць розныя пазіцыйныя думкі, пазбаўляюць нашых канстытуцыяных правоў. Вядома, на беларускім тэлебачанні існуе цэлы шэраг тэматык, якія больш за ўсё “пераціраюцца” ў прайм-тайм. Ганьбіць Злучаныя Штаты Амерыкі, родную апазіцыю ды жорсткі капіталістычны свет – вось на што накіравана палітыка TV. Трэба аддаць належнае, што ў большасці выпадкаў робіцца гэта на высока прафісійным узроўні, выкарыстоўваюцца сучасныя славутыя чорныя PR-тэхналогіі. І зразумела беларускі “піпл хавае” увесь гэты адмысловы матэрыял. Дзеля такіх “святых” цэляў не шкада амаль нічога: ствараюцца адна за адной перадачы вядомай накіраванасці, прыцягваюцца ўсё новыя “ідэйныя” вядучыя і карэспандэнты – працуе цэлая армія ахоўнікаў беларускай ідэалогіі.

Мне “пашчасціла” паглядзець тры з такіх вышэй пералічаных перадач: “Особое мнение” па АНТ і сапраўды было асаблівым – прагледзеўшы гэты “шэдэўр”, я ўбачыў поўную бяссэнсіцу і антымаральнасць сказанага і паказанага; “Post Scriptum” (PS) па БТ уразіў не менш: дадатак да асноўнай часткі навін куды больш эмацыянальна выказваў заказаную ідэю ўсёй інфармацыйнай гадзіны; нарэшце “Права человека. Взгляд в мир” шырока вядомага Новікава не пакінулі ніякага сумнення ў прызначэнні ўсёй гэтай кампаніі, усімі сродкамі накіраванай на адурманьванне народа. Калі крыху прааналізаваць усе праграмы разам, без цяжкасцяў заўважаем падабенства: і тут, і там беларусам даказваюць, што мы жывем добра, бо няма вайны; нас пераконваюць, што ўсе беды ідуць з і з-за Захаду ды ўнутраных “запраданцаў” у выглядзе “пятай калоны”; ды галоўнае, што імкнуцца данесці да нас “тэлевізійныя асы”, - гэта адчуванне таго, што ўсё добрае, што існуе на Беларусі, было створана адным вядомым чалавекам, якога беларусы ласкава клічуць “бацькам”.

Вось тут і патрэбна дапамога нашым бабулькам і дзядулям, бацькам і малодшым грамадзянам Беларусі. Усе яны жадаюць атрымліваць інфармацыю – такая рырода чалавека. А з экранаў ТБ ільецца неверагодная колькасць навін. Што рабіць? Як зразумець, што праўда, а што хлусня? Я не хачу і не буду заклікаць вас, паважанае грамадства, адмовіцца ад прагляда беларускіх каналаў – гэта не дзейсна. Я прашу толькі, на вашу ж карысць, больш крытычна падыходзіць да той ці іншай інфармацыі з “чароўнай скрыні”. Заўсёды разглядайце падзею, з’яву, асобу з розных бакоў, шукайце апазіцыйныя думкі. І параўноўвайце, самі рабіце высновы, вынікі, характарыстыкі. У нас, беларусаў, ёсць цудоўная прымаўка: “Людзей слухай, а свой розум май!” Імкніцеся заваёўваць самастойную, асабістую грамадскую, палітычную, культурную пазіцыю. Чытаць і пісаць нас навучылі, а вось адукацыю светапогляду мы павінны атрымоўваць самастойна, каб рабіць правільны выбар у далейшым, каб ніхто не змог павесці нас невядома куды. Галоўнае, што гэта патрэбна самім беларусам, нашаму нрамадству, нашай краіне. Гэтага патрабуе наша будучыня.

Калі кожны будзе выхоўваць сябе і дапамагаць выхоўванню вольнага чалавека, калі мы пакажам, што беларусы патрабуюць свабодную інфармацыю, калі нам будзе не абыякавы далейшы лёс, можа тады і прыйдзе Беларусь да той жаданай дэмакратыі, якую бачыў Янка Купала і адчуваў Васіль Быкаў, можа ў гэтым выпадку нас заўважаць у свеце не толькі як таталітарнае ўтварэнне ў цэнтры Еўропы, можа, нарэшце, надыдзе той дзень, калі мы атрымаем роднае сапраўднае БЕЛАРУСКАЕ ТЭЛЕБАЧАННЕ.

Юрась Бусел

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0