У «НН» за 16 студзеня сп.Вацлаў Заякоць закрануў пытаньне аб беларускіх эквівалентах расейскіх словаў, што пазначаюць электрапобытавае начыньне. Безумоўна, пытаньне вартае ўвагі, але ўсё ня так блага, як падаецца. Колькі часу таму з старонак «НН» пан Скіргайла Палянэцкі прапанаваў найцудоўнейшыя, на мой погляд, адпаведнікі словам «вілка» і «разэтка»: «утор» і «ўторына» адпаведна.

З таго часу мае сябры пачалі актыўна ўжываць гэтыя варыянты. І нават мае расейскамоўныя прыяцелі цяперака цьвёрда ведаюць, што такое ўтор ва ўторыне! Прайшоўшы такое выпрабаваньне часам, гэтыя нэалягізмы могуць па праве заняць сваё месца ў нашым штодзённым моўным ужытку.

Андрусь Сяркоў, Менск

Маркет-мэйкер ці рынкароб

Назіральная рада Валютна-фондавай біржы зацьвердзіла палажэньне пра маркет-мэйкераў па каштоўных паперах і кароткатэрміновых аблігацыях. Маркет-мэйкер — сябар Сэкцыі фондавага рынку біржы, які атрымаў права на ўдзел у таргах. Такім чынам, нарматыўным стала яшчэ адно запазычаньне.

Маркет-мэйкер — з тых словаў, якія Кералава Алеся называла «складанымі і таму вельмі прыгожымі». Але ці патрэбнае ў беларускай мове? «Рынкароб» ня горш гучала б. Іншы скажа: дык гэта інтэрнацыянальнае. А я думаю: наскае было б і ясьнейшым, і прыгажэйшым. На гэткія словы і рэагаваць бы акадэмічнаму Інстытуту мовазнаўства, і рэкамэндаваць свае варыянты.

Слава Камолка, Менск

Нагадваем, што чарговы тур «моватворчасьці» Вацлаў Заякоць запрапанаваў прысьвяціць назвам «аддзелачных матэрыялаў». Як найлепш было б па-беларуску называць «пробку» (электрычны засьцерагальнік), «патрон» (куды ўкручваецца лямпачка), «калодку» (клемную калодку для злучэньня электраправадоў), «кораб» (яго яшчэ называюць «кабэль-канал»), «разэтку», «вілку», «цокаль», «капсуль», «зьмешвальнік» (кран для рэгуляванай падачы халоднай і гарачай вады), зьмеепадобную сушылку для ручнікоў (звычайна яны знаходзяцца ў ванных пакоях), замочную шчыліну? Як на ўзроўні аднаго слова правесьці ўпэўненае адрозьненьне паміж шрубай («шурупом»), «винтом» (бываюць яшчэ «винты» з «баранчыкамі», якія закручваюцца пальцамі) і балтом з гайкай (устарэлае слова «ніт»)? Як лексычна адрозьніць засаўку-кран ад засаўкі на дзьверах? Замочны фіксатар?