У вобразах, якія нам зь няўклюднай ветлівасьцю прапануюць афіцыйныя мэдыі, зьзяе адна прыкрая адсутнасьць. Яна тым болей дзіўная, што вышэйшая дзяржаўная асоба ўвесь час згадвае пра непрысутны аб’ект, штодзённа пра яго клапоціцца і, здавалася б, зацікаўленая ў паўнавартасным яго прадстаўленьні.

«Жэншчына» — нязьменны адрасат віншаваньняў, падзякаў, узор для перайманьня тым мужчынам, якія шчэ сумняюцца, за каго галасаваць. «Жанчына — прыгажуня… Жанчына — мой выбарнік…» — так звычайна гаворыцца. Але ці прысутны на беларускім экране жаночы экстаз?

Калі ў «Калыханцы» Дзігі Вертава (пра Іосіфа Сталіна) жанчыны заліваюцца сьлязьмі й сьмяюцца, тысячамі рук цягнуцца да свайго правадыра, дояць ягоныя пальцы й заходзяцца ад ягоных абдымкаў — гэта экстаз.

Калі ў нямецкай хроніцы дзяўчаты крычаць ад радасьці і праз гады сэрцы іх заходзяцца ад аднае згадкі пра дотык да свайго фюрэра — гэта экстаз.

Дзе ў Беларусі дзявочыя рукі, якія цягнуцца да самага сьвятога? Дзе крыкі, кветкі і непрытомнасьць? Дзе заплаканыя ад шчасьця раты? Дзе гістэрыка і віск ад аднаго толькі дарагога й да немагчымасьці паўсюднага голасу?

Чаму ўздоўж лыжна-ролерных трасаў не стаяць натоўпамі дзявулі з плякатамі «Хачу дзіця ад Усенароднаабранага!!!» — і іх не разганяе шаблямі конная міліцыя?

Гэта яўны пракол і для мяне невытлумачальная загадка.

У 30-я ў Нямеччыне былі выдадзеныя «Лісты каханьня Адольфу Гітлеру». «Я зраблю табе ключы ад уваходных дзьвярэй і маёй спальні, — піша адна жанчына аб’екту сваіх жаданьняў. — Мы павінны быць асьцярожныя. Так што прыходзь раней, пазвані гаспадыні і даведайся, ці дома я. Так што мы можам праводзіць ночы разам!»

«Мой цукровы, саладзенькі, — зьвяртаецца іншая, — я магу цалаваць цябе тысячы і тысячы разоў і заставацца неспатольнай! Маё каханьне да цябе бязьмежнае, такое гарачае, яно перапаўняе мяне!..»

Не хачу казаць анічога благога пра нашу ўладу, і асабліва пра самую каштоўную яе частку, але ўявіць нешта падобнае ў Беларусі цяжкавата.

У каханьні, дакладней, у прыхільнасьці да найвышэйшага абраньніка, публічна прызнаюцца — а пасьля гэтага ідуць скаргі на дах, які цячэ, на суседа-нягодніка, на заробкі мізэрныя — карацей, аніякай табе бескарысьлівасьці і наіўнай шчырасьці.

А з «карцінкамі» сытуацыя ўвогуле правальная. У найлепшым выпадку згадаецца недарэчная піянерка з кветкамі ці счырванелая ад хваляваньня пэнсіянэрка, што ніяк ня можа надзякавацца прэзыдэнту, — дый тая зь фільму дысыдэнта Хашчавацкага.

У навінах, аналітычных выпусках дзявочыя твары — як і мужчынскія — стрымана ветлівыя, найбольшае — агорнутыя ціхай радасьцю ад знаходжаньня побач з народнай існасьцю. Але гэта ніяк нельга назваць экстазам.

Становішча крыху ратавалі дзяржаўныя журналісткі. Калі яны афіцыйна-дрыготкімі, палахліва-шчасьлівымі галасамі паведамлялі пра ўзначалены кіраўніком прарыў на якім-небудзь урупінскім напрамку, у гэтым было нешта ад глыбокага экстазу.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Андрэй Расінскі