Пераход сотні лукамольцаў у Баранавічах на бок «зуброў» сьведчыць пра тое, што ў шэрагах афіцыйных структураў дзейнічае цэлае павуціньне апазыцыйных кратоў.

З 1943 г., калі ўласаўская брыгада Гіль-Радзіёнава кагалам перайшла на бок партызанаў, Беларусь ня бачыла такой буйной дэманстрацыі палітычнай здрады. Апазыцыянэры не хаваюць, што гэта толькі пачатак: БРСМ нашпігаваны іх агентамі, як 81-ы нумар аўтобуса пасажырамі ў гадзіну пік.

Хоць «зубры» прыпісваюць сабе ідэю паюзаць людзкія і тэхнічныя рэсурсы БРСМ, капірайт тут належыць трацкістам. З 30-х гадоў адэпты 4-га Інтэрнацыяналу практыкуюць «інтрызм» — уступаюць у шэрагі партый і арганізацый, захопліваюць там кантроль або чэрпаюць адтуль кадры. Інтрызм прынёс ім шыкоўныя вынікі.

Што там сто лукамольцаў! У 50-я гады францускія трацкісты наклалі лапу на прафсаюз «Force Ouvriere», створаны на гранты ЦРУ для барацьбы з камуністычным CGT. На радзіме «Бітлз» яны двойчы зводзілі да сябе ўсю маладзёжку лейбарыстаў: у 70-я гэта зрабіла Workers Revolutionary Party, у 80-я — група «Militant».

Эфэктыўнасьць тактыкі інтрызму ставіць баронаў БРСМ у пікантную позу. Як вылічыць агентуру ворага? Сакратарка, якая нон-стоп рубіцца ў «касынку», — хто яна: сэксапільная дура або агентка «Зубра» пад нікам «доктар Пляйшнэр»?

Лепей за ўсё было б узброіць кожную філію БРСМ дэтэктарам хлусьні. Праца апарата пабудавана на тым, што, кажучы хлусьню, чувак адчувае псыхалягічны дыскамфорт, а хітрадупая машына гэта фіксуе. Мінусы ж — па-першае, палову дэтэктараў сапруць, па-другое, яшчэ агент Філбі ведаў, як падмануць робата. Каб не было дыскамфорту, перад тэстам трэба прыняць сто грам.

Наўрад ці дапаможа і анкета з падкавырыстымі пытаньнямі кшталту: «Ці пражывалі ў 1990—96 г. вашы бацькі ў выбарчых акругах, у якіх перамагалі кандыдаты ад БНФ?»

Пэрспэктыўны мэтад — эліксыр праўды. Пасьля прыняцьця амброзіі (шырка або алькаголь) сьвядомасьць асобы прытупляецца і зь яе вуснаў прэ праўда-матка. У мэтах эканоміі патрыётаў можна тэставаць звычайным чарнілам — у крамах ёсьць бырло пад назвай «Ісьціна».

Пазытыў: паколькі ў апазыцыянэраў чацьверты тост «за снайпэра», агент абавязкова праколецца. Нэгатыў: запой структуры і зрыў турніру «Залатая шайба» на прызы прэзыдэнта.

Лепш за ўсё БРСМаўцам выкарыстаць рапарт Рэя Андэргіла. Рэй быў спэцагентам М6, якога інфільтравалі ў «Militant» з заданьнем высьветліць, як працуюць інтрысты. Як піша 007, галоўная зброя «трацкісцкіх кратоў» — нудота. Скажам, вы агент Севярынца, якому даручана правесьці на базе БРСМ «Шоў Беларушчыны». Для гэтага на паседжаньні ячэйкі трэба нудотна і доўга бухцець пра тое, якія сьветлыя пэрспэктывы чакаюць нас у кантэксьце апошняга прагону ППРБ. Паралізаваныя нудотай «левыя» звальваюць або дрыхнуць, пакуль вы зь сябрамі прымаеце патрэбную рэзалюцыю.

Рэзюмэ для Арды: сапраўдны фанат у БРСМ ня той, хто пяць разоў на дзень робіць намаз у кірунку Маркса, 38, а той, хто абыякава ставіцца да сяброўства ў Саюзе. Прапануйце сябру бясплатна папрацаваць на будоўлі Нацыянальнай бібліятэкі. Калі чэл адкажа: «Ты што, абкурыўся?» — або пакажа даведку аб тым, што Айбаліт забараніў яму гарбаціцца на суботніках БРСМ, — гэта свой чалавек, патрыёт. Калі пабяжыць па лапаты — гэта крот.

Заўжды Ваш,

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0