Дома ў хлопца было сьвята: у малодшага брата дзень народзінаў. Як не «сарвацца» з заняткаў?! Але прагуляць неафіцыйна неяк несалідна, можна і з унівэрсытэту «паляцець». Якое выйсьце? Напісаць заяву на імя дэкана ці яго намесьніка. Той разглядае сутнасьць пытаньня і падпісвае гэты дакумэнт. Варыянт «не падпісвае» вельмі рэдкі.

Панёс студэнцік заяву ў дэканат. Аддае ў рукі маладога «нама». Той, не зірнуўшы, аўтаматычна задае пытаньне: «Вы член БРСМ?» — «Што, прабачце?» — «Ці ў БРСМе, пытаю?!» — «А якое гэта мае дачыненьне?» Выявілася — прамое. Намесьнік растлумачыў, што менавіта наяўнасьць «партбілета», а не прычына заявы, стан студэнта, ягоныя паводзіны, адыгрывае пераважную ролю ў пытаньні дазволу. «Дык што? Ці член ты?» — «Не!» — цьвёрда адказаў хлопец. «На жаль», — дадаў са зьдзекам. «Малады кіраўнік» сурова зірнуў: «У тваім дакумэнце можна знайсьці столькі памылак у складаньні, што ён ніколі ня трапіць на разгляд».

Вось дык справа. Такі ўнівэрсытэт, цудоўныя выкладчыкі! Ды якія нізкія ідэалы спавядаюцца, якія ж людзі тут займаюць пасады чыноўнікаў. Шкада тую моладзь, якая пакутуе празь дзейнасьць БРСМ. Ды яшчэ больш шкада хлопцаў і дзяўчынак, якія апынуліся ў павуціньні лукамолу. БРСМ прываблівае скідкамі, дыскатэкамі і іншай лухтой. Ня грэбуюць дзеячы і самым дзейсным сродкам — страхам. Запалохаць сёньняшняга беларуса ня так складана. «Над намі страх, нібыта сьцяг. І мы жывём, нібы ў гасьцях…»

Юрась Бусел,

Маладэчна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0