На мінулым тыдні скончыўся сэрыял на канале «РТР» — «Гонар маю» («Честь имею»). Анансаваны як рэквіем роце пскоўскага дэсанту, фільм ператварыўся ва ўводзіны ў асноўныя напрамкі расейскай палітыкі: «Духаў мачыць! Радзіму абараняць!» Прайшліся і па алігархах. Галоўны пэрсанаж капітан Чыслоў адмаўляе прыемнай ва ўсіх адносінах бізнэсоўцы Ганьне. А ў піцерскай камандзіроўцы ён абараняе ад патрыятычна афарбаваных адмарозкаў летуценнага чачэнца і выклікае фанатычна-ненатуральны давер сваёй вайсковай формай у студэнткі-завочніцы, якую правёў па цёмных падваротнях дадому.

Казкі «гражданкі» перарываюць дурнавата-ідылічныя абразкі ў войску. Начальства грубаватае, але чульлівае. Ніяк не абыякавыя і прадажныя людзі, празь якіх, фактычна, і загінулі пскоўскія хлопцы. Гледача рыхтуюць да таго, што ніхто не вінаваты ў сьмерці роты. Калі па выведнікаў не прылятае шрубалёт, палкоўнік спасылаецца на генэрала, а той — на назіральнікаў і журналістаў, што ня ў час завіталі... Нібы скапіяваныя з савецкіх фільмаў, побач паляць зашмальцаваныя цыгаркі «тунгус» і армянін Ара. Як яшчэ беларусаў не прыпісалі? Мароз па скуры...

Разьвязка, сам бой — на другім пляне. Невыразная страляніна і змазаны фінал. Ні баявік, ні мэлядрама. Прыкры ролік ці то ў падтрымку непапулярнай кампаніі ў Чачэніі, ці то ў падтрымку непераможнага Пуціна.

Усевалад Сьцебурака, Вялейка