Мікіта Сасім. Нарадзіўся ў Баранавічах. Вучыўся ў школе №5. Пасьля 6-й клясы пайшоў у Сувораўскую вучэльню, пасьля 9-й сышоў зь яе. Працаваў. Узімку 2002 году абараняў Курапаты на вахце. Паўгоду правучыўся ў Беларускім ліцэі. Нежанаты. 19-гадовы. Жыве з маці. Студэнт спэцыяльнасьці «эканоміка і кіраваньне прадпрыемствам» Баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці, другі курс.Балятаваўся ў дэпутаты — самы малады ў горадзе кандыдат — не прайшоў, сабраў 12% галасоў. Быў кіраўніком суполкі БРСМ. Размаўляе па-беларуску прынцыпова. Крывадушша афіцыёзу «задрала» — перайшоў у «Зубр». Ня проста перайшоў, а загітаваў з сабою 65 сваіх калег і каляжанак. У дадзены момант сядзіць «суткі». Затрыманы ў аўторак у родным каледжы за расклейку ўлётак. Разам зь ім пасадзілі ягоных сябра і сяброўку.

Маці сына падтрымлівае: Сьвятлана Сасім сама варыць «зубрам» клейстэр для ўлётак. Лістоўкі «Зубра» ў Баранавічах скрозь, дзе не напісаныя графіці. Дзейнічаюць ня толькі баранавіцкія: сюды зьехаліся «зламысьнікі» з Слоніму, Ляхавіч, Менску на чале зь няўрымсьлівым вэтэранам (у свае 25 гадоў) арганізацыі Яўгенам Афнагелем, адным з агульнанацыянальных каардынатараў «Зубра». Таго самага «Зубра», якому «Наша Ніва» ў 2001 годзе прарочыла зьнікненьне. І памылілася: ён захаваўся. І ня проста ўтрымаўся, а перарадзіўся пад напорам энтузіястаў кшталту Афнагеля ў новую якасьць.

Такога Баранавічы ня бачылі ад 1946 году, калі ў Баранавіцкім пэдінстытуце распраўляліся з «Чайкай». Пры Польшчы адбываліся ў горадзе выступы працоўных. Гучныя акцыі супраціву сталіншчыне зьдзяйсьняла моладзь. «Чайку» энкавэдысты вынішчалі з асаблівай стараннасьцю. Цяперашні выпадак ня меў жахлівых наступстваў для юнакоў. Ды ўвогуле, лічы, ніякіх.

Улада абмяжоўваецца запалохваньнем. Улада сама баіцца? А мо ў глыбіні душы салідарная?

2 лютага сябры суполкі БРСМ Баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці бальшынёй галасоў (58 «за», 6 «устрымаліся») вырашылі далучыцца да незарэгістраванага руху «Зубр».

Неафіцыйнае спаборніцтва па «ахопе» моладзі, разгорнутае на загад найвышэйшага кіраўніцтва краіны, прывяло да таго, што ў пагоні за лічбамі некаторыя навучальныя ўстановы запісвалі ў «лукамол» 90% студэнтаў. Як некалі ў хрушчоўскія часы, калі ў камуністычны саюз моладзі заганялі нават вернікаў. А цяпер ужо ня тыя часы — куды ты каго загоніш. Дык прыдумляюць мэтады! Напрыклад, чытайце ліст з Маладэчна пра такую самую сытуацыю ў гэтым жа нумары на старонцы 10.

Так што стыхійны пратэст у баранавіцкім каледжы ня быў нечаканы. З такімі самымі ідэямі носяцца студэнты ў розных гарадах. Толькі што ў іншых ВНУ і тэхнікумах не знаходзіцца такіх завадатараў, як Мікіта Сасім.

Дэманстратыўны пратэст ня мог ня выклікаць рэакцыі начальства.

Серада. Першы сакратар БРСМ Міхаіл Арда тэлефануе першай сакратарцы Баранавіцкага гаркаму арганізацыі Алене Клішэўскай. Тым часам у горад прыехаў галоўны камсамолец вобласьці. У каледжы апэратыўна склікаецца новы, «правільны» сход БРСМ, на якім прысутнічаюць першыя сакратары вобласьці й гораду, а таксама кіраўніцтва навучальнай установы. Мерапрыемствам кіруе асабіста Клішэўская, а дырэктар каледжу Аляксандар Ліс падлічвае галасы.

Мікіту Сасіму слова не даюць. Тады ён сыходзіць. У выніку яго здымаюць з пасады сакратара, а рашэньне аб далучэньні да «Зубра» анулююць. У падтрымку Сасіма не выказваецца ніхто. Чаму так, пытаемся ў Мікіты.

«Чалавек у залі было на дваццаць болей, чым трэба, — распавядае Мікіта. — Але тыя «дадатковыя» ніякага дачыненьня да БРСМ ня мелі — звычайныя навучэнцы каледжу. Сэнсу ісьці на сход «зубрам» не было — у такіх умовах мы ўсё адно аказаліся б у меншасьці. Калі тыя выступалі, адчувалася, што іх запужалі: прымусілі штосьці казаць, але менавіта што — патлумачыць не пасьпелі; людзі блыталіся. Дырэктар вінаваціў мяне ў тым, што я «ўсіх падмануў».

Сасім дзейнічаў абдумана. Зуброўцы сабраліся побач з каледжам, але прынялі рашэньне ў залю не заходзіць. «Каб дарма людзей не сьвяціць».

Каля каледжу дзяжурылі ня толькі маладзёны. На старым бруку вуліцы Савецкай тырчэлі і тры міліцэйскія «козьлікі» — гэткі апошні аргумэнт.

М. Арда ў інтэрвію радыё «Свабода» адмаўляў, што ў сувязі з падзеямі ў Баранавічах яго выклікалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта: «Гэта ўсё хлусьня. Усе гэтыя дзеячы — і хартыі, і зубры, і бабры — яшчэ раз даказваюць, што яны акрамя хлусьні больш нічым не займаюцца. І выдаюць жаданае за сапраўднае. Самае крыўднае ва ўсім гэтым, што ў сваёй агоніі яны пачынаюць пераходзіць на падлеткаў і пачынаюць іх падманваць. У Беларусі, сярод людзей, такое ніколі не дазвалялася і не дапускалася. Яны падманулі падлеткаў і вывесілі на сваіх сайтах вось усю гэтую дэзінфармацыю. Гэтую абсалютную правакацыю, якую яны задумалі». Паводле Міхаіла Арды, сход сяброў БРСМ Баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці быў нелегітымны, а вось пераабралі Сасіма цалкам дэмакратычна.

Чацьвер. На досьвітку ў горадзе зьяўляюцца некалькі дзясяткаў новых зуброўскіх надпісаў. Выкладчыкі каледжу разгортваюць тлумачальную працу. Пэдагогі распавядаюць пра сапраўдную сутнасьць бунтаўшчыкоў: «зубры» — гэта нэафашысты, сатаністы, раскопшчыкі магілаў. «Такія сапраўды ёсьць між вас?» — пытаемся ў Сасімавага сябра. Ён не адчувае нашай іроніі. «Добра, мы таксама не анёлы. Але на фіга лгаць? Мы проста супраць хлусьні і падману, што пануюць цяпер! Ня хочам больш маніць самім сабе! Вось і ўсё!»

Хлопцы й дзяўчаты з зуброўскімі значкамі дзяжураць ля ганку каледжу, раздаюць свае газэты. І калі выкладчыкі кажуць навучэнцам улюбёнае, як апазыцыя іх «выкарыстала і кінула», найбольш дзёрзкія паказваюць праз шыбу на двор з пытаньнем: «А ета хто?»

На Мікіту палююць журналісты. Радыё «Свабода» прапануе Сасіму ўзяць удзел у перадачы «Праскі акцэнт». Даведаўшыся, што суразмоўцам будзе Аляксандар Фядута, Мікіта — прынцыповы! — адмаўляецца. Сяргей Навумчык тэрмінова падшуквае іншых удзельнікаў.

Пятніца. Гарадзкія муры ўпрыгожваюць новыя зуброўскія надпісы — іхныя традыцыйныя, а таксама супраць «рэпрэсій». Іх хутка зафарбоўваюць, пакідаючы на мурах дамоў плямы. У суботу па абедзе менскіх зуброўцаў Афнагеля, Глеба Вязоўскага і Руслана Маразевіча, што прыехалі на падтрымку Сасіма, затрымліваюць міліцыянты ў цывільным.

Адбываецца гэта ў фае гатэлю «Гарызонт». За колькі хвілінаў хлапцоў зь дзіўнымі пытаньнямі запыніла кабета. Як высьветліцца пасьля, супрацоўніца гарвыканкаму. Затрыманым заяўляюць, што іх падазраюць у крадзяжах, якія быццам бы адбыліся ў гатэлі. Сьведкам затрыманьня робіцца адзін з журналістаў. Такім чынам, справа робіцца вядомай «зубрам».

Да будынку міліцыі сьцягваецца моладзь з зуброўскімі значкамі, уціскваецца ў пастарунак. Зь белай «Лады» выходзіць начальнік міліцыі й выганяе зуброўцаў на ганак. Двое «пятнаццацісутачнікаў» дзяўбуць ля пастарунку лёд, жартуюць з «ахламонамі».

Потым да «зуброў» выходзіць чалавек у цывільным, прапануе дапамогу. Напрыклад, сустрэцца з затрыманымі сябрамі. Прычым пусьціць да іх згаджаецца толькі аднаго. Паказвае пальцам на першага-лепшага хлопца ў чырвоным каптуры: «Ці ён, ці ніхто!» Таму «зубру» тэрмінова перадаюць мабільнік, і ён зьнікае за дзьвярыма. А празь якія пяць хвілін пад радасныя воклічы выходзіць затрыманая тройка — якраз скончыліся тры гадзіны, адведзеныя на затрыманьне. Сустрэча азмрочваецца паведамленьнем, што ніхто зь імі не сустракаўся. Выпусьціўшы адных, міліцыянты затрымалі іншага.

Сябры «Чайкі», дарэчы, сядзелі побач — недалёка ад сёньняшняга пастарунку на Чкалава знаходзілася вядомая турма «Крывое кола». Празь яе прайшлі й юнакі з Саюзу беларускіх патрыётаў з Наваградку...

«Зубры» не разыходзяцца, цярпліва чакаюць на свайго сябра ля ўваходу ў пастарунак. Паралельна раздаюць газэты і ўлёткі. За што адразу ж патруль затрымлівае Мікіту Сасіма. Зь яго бяруць тлумачэньне, складаюць пратакол і адпускаюць. А «чырвонага каптура» вызваляюць роўненька праз тры гадзіны.

Допыт затрыманых здымалі на відэа, падчас вобшуку хлапцоў распранулі да маек з выяваю «Зубра», корпаліся ў заплечніках, гарталі нататнікі ды скапіявалі на свой кампутар здымкі зь лічбавай камэры. Пры канцы начальнік крымінальнага вышуку ўзяў пахвіліннае тлумачэньне аб дзейнасьці за дзень.

У нядзелю і панядзелак 8 сакавіка зуброўскія ўлёткі расклееныя па ўсім цэнтры Баранавіч. Камунальныя службы ў сьвяты не працавалі, і агітацыя правісела цэлы дзень. Зьдзерлі яе толькі зь дзьвярэй гарвыканкаму. Ізноў затрыманьні. Усяго праз пастарунак праходзяць 15 чалавек. На іх складаюць пратаколы за парушэньне артыкулу 167-10 КаАП (дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

Канфлікт у каледжы нямала раздражняе ўлады. Праўда, гарадзкія СМІ пра яго пакуль не паведамлялі. Нумары недзяржаўных выданьняў яшчэ ў друкарні, а падуладныя «Наш Край» ды тэлестудыя «Інтэкс» не атрымалі, відаць, адпаведнага загаду.

Палітычныя партыі ў канфлікт ня ўблытаныя. Самі «зубры» ня вельмі жадаюць нейкай ад іх дапамогі. Гэта справа моладзі, супрацьстаяньне «Зубра» і БРСМу ня ваша справа, кажуць яны. Шматлікія палітыкі выказвалі жаданьне прыехаць у Баранавічы, але ніводзін пакуль не прыехаў. Ізноў ім не стае рэакцыі. Не баксёры!

Некаторыя сябры мясцовых партый, аднак, ня вельмі задаволены зуброўскім, як яны кажуць, «фальстартам». Яны лічаць, што заўчаснае прыцягваньне да Баранавіч увагі пашкодзіць на выбарах. Чакай цяпер узмоцненага кантролю зь Менску! Нешта падобнае ўжо было ў 2000 г. пасьля пасьпяховага байкоту, наракаюць між сабою. Вось такі настрой-расстрой.

Але што можа быць вашай перамогай, пытаемся ў Афнагеля. Іх перамога — паперка аб перавыбарным сходзе супраць Сасіма. А ваша? Графіці? Улёткі? І што? «Удзел новых людзей і будзе псыхалягічнай перамогай, — Яўген упэўнены, нібы рэвалюцыянэр з Грамады 100 гадоў таму. — Ідэйна з каледжу ў «Зубры» працуюць цяпер дваццаць. А да падзей не было нікога».

Руслан Равяка,

Агата Ступакова,

Мікола Бугай,

Баранавічы—Менск