Рашэньне Канстытуцыйнага суду адносна магчымасьці адмены сьмяротнага пакараньня можна назваць вельмі асьцярожным: суд пастанавіў, што адмена не пярэчыла б Асноўнаму закону. Рашэньне можна назваць ніякім: апошняе слова пакідаецца за прэзыдэнтам і нацыянальным сходам. Але калі ўлічыць, што на рэфэрэндуме 1996 г. за сьмяротнае пакараньне, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, выказаліся 80% удзельнікаў, сам факт разгляду пытаньня Канстытуцыйным судом варты ўвагі.

Заслугоўвае ўвагі і той факт, што за гэтыя дзевяць з паловаю гадоў дэмакратычная апазыцыя ніколі не вылучала патрабаваньня адмены сьмяротнае кары ў якасьці галоўнага. Між тым яно зьяўляецца адным з чатырох асноўных патрабаваньняў Рады Эўропы да Беларусі. Гэта, калі фармуляваць сьцісла, справядлівыя выбары, моцны парлямэнт, адмена пакараньня сьмерцю і свабода прэсы. Гэтыя прынцыпы беларуская апазыцыя падтрымлівае, так бы мовіць, у пакеце. Але ж пытаньне сьмяротнага пакараньня заўсёды адсоўваецца на самы задні плян. Зразумела, што вырашыць гэтае пытаньне немагчыма ў адрыве ад астатніх трох. Але ж нават усур’ёз абмяркоўваць яго ў апазыцыі, мабыць, не хапае духу. Хай сабе той рэфэрэндум быў кансультацыйны, усё-такі даводзіцца лічыцца з грамадзкай думкай.

Тады атрымліваецца, што адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі патрэбная толькі Эўропе? Мабыць, так і ёсьць. У большасьці амэрыканскіх штатаў гэты від пакараньня ня толькі захоўваецца, але, што называецца, актыўна практыкуецца. У Японіі, якая насуперак геаграфіі таксама лічыцца Захадам, захоўваецца такі найменш цывілізаваны від пакараньня, як павешаньне. У Кітаі асуджаных расстрэльваюць на стадыёнах дзясяткамі. Пра іншыя краіны Азіі, асабліва мусульманскія, няма чаго й казаць.

Застаюцца Расея ды Ўкраіна, дзе ўведзеныя мараторыі на пакараньне сьмерцю. Але ж гэта выклікана чыста палітычнымі меркаваньнямі. Гэта, асабліва калі гаварыць аб Расеі, часовая саступка Эўропе, абумоўленая каньюнктурнымі меркаваньнямі кіраўніцтва краіны.

Між тым, адмена пакараньня сьмерцю ня ёсьць палітычным крокам. Гэта пытаньне маралі.

Успамінаю адну даўнюю спрэчку з маім калегам. Ён даводзіў, што патрабаваньне Эўропы аб адмене сьмяротнага пакараньня трэба выкарыстоўваць як зброю супраць рэжыму Лукашэнкі. Але пры гэтым сам ён катэгарычна выступаў за захаваньне гэтага інстытуту. На ягоную думку, справа ў няўхільнасьці расплаты за ўчыненыя злачынствы — ці будуць гэта нацысцкія злачынцы, ці тэрарыст-самавук з Аклахомы Цімаці Маквэй, ці сябры наваяўленых «эскадронаў сьмерці». Такім чынам, дзяржава выступае ў ролі, так бы мовіць, карніцы-Нэмэзыды.

Аднак ёсьць і іншая думка, якую выказаў некалі апостальскі візытатар беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан. Паводле айца Надсана, слова «пакараньне» ў спалучэньні са словам «сьмерць» траціць свой сэнс. Бо ў хрысьціянскім значэньні слова «пакараньне» азначае адкупленьне. Калі злачынца асуджаюць на сьмерць, яго тым самым пазбаўляюць магчымасьці пакаяцца, стаць на шлях выпраўленьня і збаўленьня. Аляксандар Надсан падкрэсьліў, дарэчы, што Каталіцкая царква адносна нядаўна стала асуджаць сьмяротнае пакараньне як такое. Рэзка асуджаючы пазбаўленьне жыцьця яшчэ ненароджаных дзяцяй (аборты), касьцёл даволі талерантна ставіўся да дзяржаўнай практыкі пакараньня сьмерцю — нават непаўналетніх і жанчын, што да апошняга часу было нярэдкай зьяваю ў ЗША.

І гэта Каталіцкая царква, якая ўжо шмат стагодзьдзяў аддзеленая ад дзяржавы. Куды больш сэрвілізаваная Расейская праваслаўная царква ня мае акрэсьленай, пасьлядоўнай пазыцыі ў гэтым пытаньні. Паколькі расейская дзяржава праводзіць цяпер палітыку мараторыю на сьмяротнае пакараньне, значыць, і царква ў цэлым не апраўдвае яго. Праўда, асобныя праваслаўныя сьвятары адкрыта выступаюць у тэлеэфіры за вяртаньне гэтага інстытуту. І можна не сумнявацца: калі заканадаўчыя органы Расейскай Фэдэрацыі адновяць у правох пакараньне сьмерцю, царква падтрымае такое рашэньне, як падтрымала да гэтага вайну ў Чачэніі.

Расейскія заканадаўцы ўжо цяпер вельмі актыўна выступаюць за сьмяротнае пакараньне. Цікава было пачуць з вуснаў былога сьпікера Думы, галоўнага інтэгратара Беларусі з Расеяй, а цяпер проста дэпутата Генадзя Селязьнёва такі аргумэнт: тэрарысты-шахіды ніколі б не пайшлі на свае жахлівыя злачынствы, каб ведалі, што іх будуць судзіць і пакараюць сьмерцю. У першы момант гэткае выказваньне можна прыняць за чорны гумар. Але, паразважаўшы, прыходзіш да высновы, што экс-сьпікер меней за ўсё схільны да жартаў. Зь ягонага гледзішча, ня мае права чалавек, хай сабе й шахід, пазбаўляць іншых, у тым ліку сябе, жыцьця. Эксклюзіўнае права на гэта мае толькі дзяржава. Толькі яна, а ня Бог і ня сам чалавек, распараджаюцца чыім бы там ні было жыцьцём ад нараджэньня да сьмерці. Дзяржава, ізноў-такі, выступае ў ролі карніцы-Нэмэзыды, жахлівай і непадкупнай.

Праўда, пры гэтым забываюць, што дзяржава — гэта ня нейкая абстракцыя, гэта органы правапарадку, якія часьцяком самі ператвараюцца ў органы арганізаванай злачыннасьці, гэта карумпаваныя суды й пракуратура, у рэшце рэшт, гэта проста людзі з усімі сваімі чалавечымі недахопамі, якім дадзена права вырашаць лёс іншых людзей. Вядома, узаконенае забойства дазволіла б дзяржаўным чыноўнікам закрыць многія складаныя пытаньні. Няма чалавека — няма праблемы. Навошта высьвятляць, у чым карані тэрарызму, фашызму, бандытызму, — прасьцей забіваць тэрарыстаў на месцы, «мачыць у сарціры» (калі, зразумела, удаецца іх злавіць). Навошта вырашаць надакучлівыя праблемы беднасьці, забесьпячэньня людзей гарачай вадой, цяплом і газам — ці ня лепей было б расстраляць тройку-другую алігархаў? Такімі настроямі заражаная, на жаль, немалая частка насельніцтва і ў Беларусі.

Незразумела, як можна патрабаваць ад грамадзянаў спачуваньня й цікавасьці да лёсу зьніклых, калі пераважная большасьць тых самых грамадзянаў падтрыміліваюць сьмяротнае пакараньне? Магчыма, гэта гучыць па-кашчунску — як можна параўноўваць вядомых і паважаных палітыкаў са злачынцамі, жорсткімі забойцамі, часам сапраўднымі садыстамі, на сумленьні якіх жыцьці ні ў чым не вінаватых ахвяраў? Але справа ў тым, што ўлада, асабліва неабмежаваная, ня робіць розьніцы паміж бязьвінным і вінаватым. Для яе той, хто замахваецца на яе інтарэсы, нават больш небясьпечны, чым сэрыйны маньяк для грамадзтва.

А ўжо зьнішчаць чалавека ў турэмным падвале стрэлам у патыліцу альбо ў лесе рыдлёўкай па галаве — залежыць ад выбару ката.

Ёьць рэчы, якія не вырашаюцца на рэфэрэндумах. Гэта родная мова і нацыянальныя сымбалі. А яшчэ — права на жыцьцё.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0