Біятлён мае надзвычайную падтрымку з боку дзяржавы. Нездарма ж ачольваць Фэдэрацыю біятлёну даручаюць такім адказным людзям, як былы кіраўнік КДБ Уладзімер Мацкевіч і цяперашні — Леанід Ерын. Айчынныя біятляністы шырока вядомыя ў сьвеце і нярэдка змагаюцца за самыя высокія пазыцыі на міжнароднай арэне. У той жа час, за апошняе дзесяцігодзьдзе ў краіну з суседніх дзяржаваў было прывезена каля двух дзясяткаў «гатовых» лыжнікаў-стралкоў. Гэтая палітыка Мінспорту атрымала ўхваленьне Лукашэнкі. Чаму ў «беларускім народным спорце» за Беларусь выступаюць адны варагі?

Пазамінулым уік-эндам у нарвэскім Галмэнколене, што побач з Осла, фінішаваў апошні этап Кубку сьвету. Разам зь ім скончыўся й несупынны паўгадавы маратон лыжнікаў-стралкоў. Скарбонку беларускай каманды папоўніла адно трэцяе месца Ўладзімера Драчова ў гонцы перасьледу на 12,5 км. Заканамерны вынік ня самага ўдалага сэзону.

Выніковая табліца Кубку сьвету — найбольш аб’ектыўны паказьнік дасягненьняў спартоўцаў за год. У яго аснове ляжыць дасканалая сыстэма налічэньня балаў, якія пасьля фінішу кожнай з 26 кубкавых дыстанцыяў 30 найлепшых спартоўцаў атрымліваюць у залежнасьці ад занятага месца.

Узровень канкурэнцыі ў спаборніцтвах за Кубак сьвету надзвычай высокі. Гэтак, у мужчын заліковыя ачкі зарабілі 83 гоншчыкі з 22 краінаў, у жанчын — 79 (24 краіны). Звыкла дамінуюць біятляністы Нарвэгіі, Нямеччыны і Расеі. Астатніх, у тым ліку і беларусаў, дакладней будзе аднесьці да другога эшалону. Дагэтуль найвышэйшым дасягненьнем нашых біятляністаў застаецца другое месца Сьвятланы Парамыгінай паводле вынікаў КС 1993—94 г.

У мужчынскім сьпісе найлепшых біятляністаў плянэты самымі пасьпяховымі зь беларусаў былі самыя сталыя — Уладзімер Драчоў і Алег Рыжанкоў. У жанчын становішча трошкі больш аптымістычнае. Адразу трое — Алена Зубрылава, Кацярына Іванова, Вольга Назарава — трапілі ў лік дваццаці наймацнейшых. Аднак галоўны старт сэзону — Чэмпіянат сьвету ў нямецкім Абэргофе — расчараваў беларускіх аматараў біятлёну.

Як Папоў выпусьціў пару

Галоўны старт для любога атлета, які бароніць колеры нацыянальнай зборнай, — Алімпійскія гульні і сусьветнае першынство. І толькі пасьля ўжо — кантынэнтальныя чэмпіянаты, Кубкі сьвету й іншыя камэрцыйныя спаборніцтвы ў залежнасьці ад віду спорту і яго распаўсюджанасьці ў тым ці іншым рэгіёне.

Беларускія біятляністы распачалі год са шчытом. За 15 дачэмпіянатаўскіх стартаў КС У.Драчоў тройчы трапляў на п’едэстал і столькі ж у першую дзясятку, Алег Рыжанкоў таксама тры разы быў у ліку дзесяці мацнейшых. У эстафэце нашыя мужчыны мелі перамогу і «срэбра». Лідэрка жаночай каманды Алена Зубрылава заваявала два прызавыя месцы (зь іх адна перамога) і 6 разоў фінішавала ў «дзясятках», а дзявочая эстафэтная чацьвёрка ўпершыню перамагла.

Аднак да галоўнага старту году беларусы падышлі, выпусьціўшы ўсю пару, і здолелі заваяваць усяго адзін мэдаль. Нарэшце «стрэліла» Кацярына Іванова, якая ўсяго другі год выступае за Беларусь. Яна прынесла «бронзу» ў спрынце. Найвышэйшымі дасягненьнямі Рыжанкова і Драчова стала 12-я пазыцыя, у Зубрылавай — 4-я. Абедзьве эстафэты спыніліся таксама на 4-й прыступцы.

Долю адказнасьці за правал мусіў узяць на сябе трэнэрскі лягер. Яго ачольвае вядомы ў мінулым біятляніст Аляксандар Папоў. Некалькі гадоў таму гэтае імя згадвалася ў зьвязку з скандальнай справай аб зьнікненьні 40 тыс. даляраў, прызначаных для аплаты замежнага трэніровачнага збору. Грошай тады так і не адшукалі, а галоўны трэнэр атрымаў усяго толькі вымову.

Не ўпершыню на галоўным старце сэзону беларусы ня могуць паказаць і паловы таго, на што здольныя. Цяжка ўявіць, каб алімпійскі чэмпіён Папоў ня ведаў аксіёмы: перамагаць кожны дзень немагчыма. Каб выйграць галоўны старт, трэба ахвяраваць радавымі, бо сілы і энэргія біятляністаў не бязьмежныя. Тым болей калі ў складзе каманды на лідэрскіх пазыцыях 38-гадовы Драчоў, 36-гадовы Рыжанкоў і 31-гадовая Зубрылава.

Кастусь Лашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0