Жыхар вёскі Петкавічы Койданаўскага раёну разводзіць рэдкіх птушак, трымае 38 пародаў курэй і вырасьціў грушы на рабіне

Двор Уладзімера Залатара нагадвае лябірынты: мноства вальераў, хлявоў, адрынаў, зь якіх нясецца чыліканьне й квахтаньне. У хляўку — самаканструяваны яйказборнік, па жолабе якога могуць скочвацца яйкі розных памераў — ад двухсантымэтровых да гіганцкіх. Над падворкам узносіцца дзюба мэталёвага бусла — фантан. На кожным вольным кавалачку зямлі расьліны — тутэйшыя й нетутэйшыя. На рай гэта непадобна, на рацыянальную гаспадарку — таксама. Нешта сярэдняе арытмэтычнае. Летам тут заасад, батанічны сад і дзіцячы сад у адным фляконе. Некаторыя людзі лічаць Залатара дурным...

Уладзімер Залатар: Мая сям’я — заможная, валодалі мы трыццацьцю гектарамі зямлі на хутары Залатары. А нарадзіўся я на хутары Міхалеўшчына ля Налібоцкае пушчы, недалёка ад Кромалю. Там толькі ў 1974 г. электрычнасьць правялі. Калгасу людзі не любілі, называлі яго «шлях да торбы». Начальства ня надта заглядала. Памятаю, усё было сваё, асобнае. Сьвіней на калкі навязвалі. Абвяжаш сьвіньню за плечы й пад пахамі і на выгане прывяжаш. А вакол яе пятнаццаць парасятаў таўкуцца. Сабакі таксама асобныя былі, з гонарам. А цяпер гайнёю адну костку па вёсцы ганяюць. Так, людзі жылі самі сабе. Той жыў, у каго конь быў, сям’я, хто хацеў працаваць і мець. Нас у сям’і было чатыры сыны і шэсьць дачок, і ўсе добра жывуць і здаровыя, дзякуй Богу. Я быў трэці сын у сям’і. Як у казцы: «Два сыны разумныя, а трэці фэрмэр»...

«НН»: Толькі фэрма Вашая — птушыная.

У.З.: Птушак у нас у сям’і трымалі заўсёды, яшчэ мой дзед іх вельмі любіў і разводзіў. Бабка мая, ужо нябожчыца, была добрым птушкаловам. Мяне навучыла. Начоўкамі лавілі, сеткамі, падхватамі, як называлі ў нас у вёсцы. Вось мы ўкрадзём у бацькі падхват — і ў лес. Якая там школа?

«НН»: У вёсках хлопчыкі пяклі птушак і елі.

У.З.: Ну што ж Вы такое кажаце, Вы ня ведаеце. Я трымаю шмат птушак, і курэй, гусей, качак у тым ліку, але мы іх не ямо. Гэта трагедыя, калі, ня дай Бог, птушка загіне. Я лаўлю птушак, кальцую і адпускаю. Вось злавіў амялушку, акальцаваную ў Фінляндыі. У красавіку ўсіх птушак, што перазімавалі ў хаце, мы выпускаем. Гэта сьвята птушак.

«НН»: Сур’ёзна не палявалі ніколі?

У.З.: Паляваў раней. Але прыходзіць часіна, калі задумваешся: а нашто забіваць, а хто табе даў права? Гадоў сем як не палюю. Абараняю і разводжу жывёл і птушак. Хочацца аддаць тое, што я забраў. Думаю, і жыцьця ня хопіць на гэта. І сабака ў мяне калека, хоць некалі быў паляўнічы, — такса Марта. Пайшлі мы зь ёй некалі на барсука. І яе барсук закапаў у нары. А быў гэта ў гары старажытны барсучыны гарадок, шматузроўневы, па 5—6 мэтраў глыбінёю норы бываюць. Мы зь сябрамі Марту выкопвалі цэлыя суткі. Была яна ўся пагрызеная барсуком і ўтрамбаваная. Барсук — гэта такая 17-кіляграмовая істота, ён і не такога сабачку прыкапаў бы.

«НН»: З сабакам зразумела, а птушкі ці пазнаюць свайго гаспадара?

У.З.: Мой брат возіць камплекты дэталяў МАЗу па ўсім кантынэнце ў вялізным МАЗ-MANе. І я зь ім падарожнічаю, бывае, па паўтара месяца дома няма. Прыяжджаю, а яны лезуць на плечы, на калені. Гілёк быў, дык сядзе на плячо, каву са мной п’е. Горлінкі бягуць насустрач. Да галубоў зойдзеш — аблепяць з галавы да ног.

«НН»: Ці ёсьць у вас сорак выраяў?

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Гутарыла Сьвятлана Курс

Фатаздымкі Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0