Пасьля ліквідацыі аўтарытарнага рэжыму адбудзецца другі «выхад Беларусі з СССР». Ад далучэньня Беларусі да Паўночнаатлянтычнага альянсу шок будзе ня меншы, чым ад развалу Савецкага Саюзу. Аднак альтэрнатыва NATO — страта незалежнасьці і нябыт.

Ці ёсьць для Беларусі месца ў клюбе яе новых эўрапейскіх суседак? Для такой, як сёньня, — няма. Краіна зь недаробленым уласным вобразам выглядае не як краіна, а як тэрыторыя з насельніцтвам, што жыве ў «іншым вымярэньні». Незразумелая, не такая, як усе, пазбаўленая звычайных матывацыяў быць. Вобраз краіны — гэта і ёсьць галоўная матывацыя і зразумелае ў вачох сьвету права на існаваньне самастойнае дзяржавы.

З падачы цяперашняе ўлады нашы людзі сапраўды жывуць у нерэальным сьвеце, у якім канкрэтнае (скажам, правы чалавека) успрымаецца як абстракцыя, а абстракцыя (скажам, дысцыпліна і парадак) — як самая што ні ёсьць рэальнасьць. У выніку мы кожнага разу пачынаем няўцямна лыпаць вачыма, ня могучы зразумець, як гэта разваліўся Савецкі Саюз, як гэта нашы суседзі паўступалі ў NATO, як усё гэта ў прынцыпе магчыма? Рэальны сьвет увесь час абводзіць нас з нашымі фантазіямі вакол пальца.

Пасьля ліквідацыі аўтарытарнага рэжыму адбудзецца другі «выхад Беларусі з СССР» — ня менш фантастычны, чым першы. Асабліва зьдзівяцца многія далучэньню Беларусі да Паўночнаатлянтычнага альянсу. Шок будзе ня меншы, чым ад развалу Савецкага Саюзу. І таму варта ўжо цяпер спакойна ўсьвядоміць, што альтэрнатыва NATO — страта незалежнасьці і нябыт. Праўда, усякая рэальнасьць, якой бы фантастычнай яна нам ні ўяўлялася, гэта ўсё ж рэальнасьць. А што было б нерэальным, дык гэта каманды афіцэраў беларускіх натаўскіх падразьдзяленьняў, аддаваныя па-расейску.

Беларуская мова і культура, як абсалютна рэальны ў вачох усяго сьвету атрыбут дзяржаўнасьці і сэгмэнт палітыкі, у нас — абстракцыя і апазыцыянізм. Па вялікім рахунку, гэта і ёсьць галоўная прыкмета дэмакратычнай апазыцыі, галоўнае, што вонкава адрозьнівае яе ад рэжыму.

Уявіце сабе, што гэтыя 10 гадоў Лукашэнка кіруе пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам, а дэкрэты піша клясычным правапісам. Што б мы атрымалі? Дыскрэдытацыю самой нацыянальнай ідэі? Ці свайго Туркмэнбашы, у якога, дзякуючы апоры на вечнае (нацыянальная ідэя) і на АМАП, ёсьць пэрспэктыва пажыцьцёвага сядзеньня? Трэці варыянт — «эвалюцыя самога Лукашэнкі» — нерэалістычны. Чаму ён і ня мог прыняць мовы, гербу і сьцяга, прапанаваўшы Беларусі свае рэфэрэндумы — «трэці шлях у трэці сьвет» — пераходны пэрыяд.

Лукашэнка ня мае і ня можа мець той культурнай кампанэнты ў сваёй палітыцы, якая стала вырашальнай для перамен у постсавецкіх краінах, што ўжо адной нагой стаяць у Эўразьвязе. Але трэба заўважыць, што ў нас, імкнучыся адпавядаць аўтарытарнаму кіраўніку, часьцяком адмаўляюцца ад гэтай кампанэнты і дэмакратычныя сілы. Нібыта каб гучаць з кіраўніком на адной ноце, гаварыць на адной мове. Але насамрэч якраз свая мова і нацыянальная ідэя ў Беларусі — гэта тая палітычная кампанэнта, якой у рэжыму няма, на якую ён кульгае і на якую ён слабы. Тым часам нават калі б мы не хацелі ісьці шляхам Польшчы, Літвы або Чэхіі, нас усё адно вынесе на гэты шлях, нас ужо нясе туды. І адзіная альтэрнатыва гэтаму — гвалтоўнае ўсмоктваньне Беларусі ў расейскую арбіту, у «іншае вымярэньне», у перакулены сьвет, дзе жывуць «бедна, але горда» (з чаго б гэта?).

Нацыянальная ідэя ўяўляецца абстрактнай і для многіх недзяржаўных СМІ. Што наўзамен? Толькі рацыя гэтага моманту і цьмяная відзежа будучыні. А ў выніку газэты ды інтэрнэт-парталы самі не заўважаюць, як прыпадабняюцца да афіцыёзных выданьняў манерай думаньня і пісьма. Пішуць, да прыкладу, у календарах пра героя Сусаніна, замучанага «літоўскімі інтэрвэнтамі» з той самай дыспазыцыяй да беларушчыны, як «Саўбелія» ўмудраецца 25 сакавіка не згадаць пра гістарычную дату. Недаацэньваньне такіх «дробязяў» зусім немагчыма ўявіць сабе дзе-небудзь у Чэхіі ці, калі хочаце, у Расеі. Я ўжо не кажу пра недаацэньваньне мовы. У выніку яно абяртаецца аслабленьнем дэмакратычных сілаў, якім заўтра трэба будзе браць у свае рукі лёс краіны.

Не разумеючы і не прымаючы культурнай кампанэнты палітыкі, аўтарытарны рэжым зацята няславіць «нацыяналізм» і знаходзіць водгук у сэрцах часткі публікі і часткі дэмсілаў. Але, па-першае, Беларусь як незалежная краіна яшчэ не сфармавала свайго новага дэмакратычнага аблічча, па-другое, калі нацыяналізм і прысутнічае ў нашым дэмакратычным лягеры, дык стакроць больш зашуганы і невыразны, чым ва ўладных структурах любой разьвітай краіны Эўропы. Мы гаворым усяго толькі аб праве на сваю мову і сваё бачаньне ўласнай гісторыі — вось і ўвесь наш нацыяналізм, настолькі ж небясьпечны, як скрадзеныя сталінскім часам каласкі, за якія калгасьнік атрымліваў таўро «вораг народу»...

Гісторыі не перапішаш. У тым ліку гісторыі рэфэрэндумаў, на якіх мова была адрынутая ў адным пакеце з падзелам улады і каштоўнасьцямі дэмакратыі. Затое гісторыя любіць рана ці позна ўсё расстаўляць на свае месцы. І ўжо цяпер ясна, што менавіта сёньняшняя дэмакратычная апазыцыя будзе фармаваць заўтрашнюю палітычную сыстэму ў краіне, вяртаючы Беларусь на цывілізаваны шлях. А гэта значыць, што апазыцыя мусіць прыходзіць на зьмену аўтарытарызму не на Лукашэнкавай ноце, на якой можна сьпяваць толькі падобныя песьні пераходнага пэрыяду і трэцяга сьвету. Зь іншага боку, з прыходам да ўлады апазыцыі бяз мовы і нацыянальнай ідэі мы атрымаем не Беларусь на шляху ў Эўропу, а хаос і, як вынік, гаспадараньне тут новых крамлёўскіх дэсантаў ды архангельскі АМАП на вуліцах беларускіх гарадоў.

Сяргей Дубавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0