Гэта гісторыя пра недарэчна-пяшчотнае каханьне паміж немаладой ужо жанчынай-драматургам і старым кавалерам. Той звальваецца з сардэчным прыступам у доме гераіні пасьля трапных заляцаньняў да ейнай дачкі.

Карціна легкаважна-сьветлая з прадуманай тактоўнай здольнасьцю казытаць да сьмеху і нат калектыўнага рогату з авацыямі, але не раздражняць. Фільм напоўніцу трымаецца на дуэце Джэка Нікалсана і Даяны Кітан, якія ператвараюць любую павярхоўнасьць рэжысэра й сцэнарыста Нэнсі Мэерс у неабавязковыя і прыемныя жарты.

Кіяну Рыўз засьвяціўся ў нязвыклай для гледачоў ролі закаханага герантафіла, але чакаць мэлядраматычных кепстваў ад яго героя не прыходзіцца, бо сытуацыя рассмоктваецца сама сабой.

Абыгрываньне сюжэту карціны ў мыльнаопэрнай п’есе, якую піша гераіня, — найлепшыя сцэны фільму. Але й тут рэжысэр збаяўся хоць каго-небудзь пакрыўдзіць. Асаблівую «падзяку» трэба выказаць мясцовым пракатчыкам за беспрытульны мікрафон у кадрах, але нат гэта зьяўляецца часткай зусім неабавязковага шарму ў карціне.

Фільм разьлічаны на тое, каб не пакідаць у гледачоў аніякіх непрыемных пачуцьцяў, — і задачу гэтую выконвае паводле ўсіх правілаў.

(Something’s Gotta Give)

ЗША, 2003, каляровы, 128 хв.

Жанр: Мэлядраматычная камэдыя

Адзнака: 5 (з 10)

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0