У 1990-я Дзень Волі праходзіў пад знакам змаганьня за Незалежнасьць. І ўпартыя ўдзельнікі незалежніцкіх маршаў зрабілі сваё. У тым, што пагрозы дзяржаўнасьці больш няма, найперш іхная заслуга. Цяпер акцэнт Дня Волі зьмяніўся. На парадку дня стаіць не патрабаваньне Волі-Незалежнасьці, але Волі-Дэмакратыі. Спатрэбіцца колькі гадоў і колькі маніфэстацый, каб сыстэма саступіла і ў гэтым.

Уладам цяжка нешта проціпаставіць эфэкту мітынгаў. Што ты там ні пляці з экранаў, а вось — народ пратэстуе! Аксана Новікава для махавіка страху небясьпечнейшая за тысячу публіцыстаў. Таму штогод так нэрвова рэагуюць на Дзень Волі — нават на нявінныя гуляньні — рэпрэсіўныя органы і аракулы БТ. Але карны патэнцыял іх сыстэмы абмежаваны. Перабор б’е бумэрангам па ёй самой, па яе верагоднасьці. Сыстэма запалохвае, а Новікава не баіцца.

Аглядальнік «Беларускіх навінаў» напісаў, што маніфэстантаў наўрад ці было б нашмат больш, нават калі б апазыцыі не перашкаджала міліцыя. Гэта ня так. Шматступеньчатая сыстэма запалохваньня, калі першых адсякаюць і хапаюць яшчэ каля мэтро, другіх — дэманстратыўна да часу збору, а трэціх падчас яго, для таго і ўжываецца, і ўдасканальваецца мудрацамі з МУС, што дае добры эфэкт. Аднак Сяргей Пульша слушна кажа, што нешматлікасьць мае прычынай нашыя пахібкі ды бесталковасьць. Некаторыя зь іх паўтараюцца з году ў год. Паспрабуем зрабіць «работу над памылкамі».

Самая відавочная зь іх — непаважна пачынаць сьвяточныя гуляньні або маніфэстацыю а 17-й у працоўны дзень, калі большасьць людзей робіць або вучыцца да 18-й, а то й пазьней. Прыхільнікі апазыцыі — гэта ж пераважна тыя, хто шмат і сумленна працуе, а не гультаі ці бамжы. Дарэчы, на Захадзе вечаровыя дэманстрацыі ці імпрэзы, ды нават тэатральныя спэктаклі традыцыйна пачынаюцца а 20-й або нават а 21-й.

Таксама несалідна штогод прапаноўваць адны й тыя самыя формы ўрачыстасьцяў. Амаль упэўнены, што «зуброўцы», ліцэісты ці рокеры на чале аргкамітэту прыдумалі б нешта небанальнае. Аднак чамусьці на фармаваньне аргкамітэту глядзяць, як на подпісы да нэкралёгаў «Советской Белоруссии».

Чаму сьвята адзначалася больш сьціпла, чым у папярэднія гады, патлумачыў і сустаршыня аргкамітэту Аляксей Марачкін: «Вырашылі, што найбольш масавым шэсьцем, дзе прагучыць і сёньняшняя праблема жыцьця кожнага беларуса, і праблема экалёгіі, — будзе 26 красавіка Чарнобыльскі Шлях».

І гэта, бадай, сьветапоглядная памылка. Чарнобыльскія аргумэнты апазыцыі не спрацоўваюць. Лукашэнка Чарнобылю не ўзрываў і не прыхоўваў. Чарнобыльская тэма людзей не хвалюе. Мы ў 2004-м, а не ў 1990-м ці 96-м. Цяпер ясна, што, на шчасьце, наступствы Чарнобылю аказаліся не такімі страшнымі, як мы ўсе баяліся.

Сьвяткаваньню Дня Волі ўладам няма чаго проціпаставіць. Бо гэта не «маніфэстацыя супраць», а «маніфэстацыя за».

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0