Міхаіл Мясьніковіч, Зянон Ломаць і намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Анфімаў выступілі ва ўнісон з А.Лукашэнкам з крытыкай «асобных дзеяньняў ураду». «Мы ўзгадавалі цэлы клас утрыманцаў», — грымеў Анфімаў. У ролі выказьніка інтарэсаў дырэктарату выступіў толькі Ўладзімер Сямашка.

У Беларусі дзяржаўная падтрымка будзе аказвацца толькі эфэктыўным прадпрыемствам і толькі пад акупныя праекты. Як паведамляе БЕЛТА, аб гэтым заявіў Аляксандар Лукашэнка 26 чэрвеня на нарадзе па пытаньнях дзяржаўнай падтрымкі рэальнаму сэктару эканомікі. «У прадпрыемстваў было больш за 10 гадоў, каб адаптавацца да новых умоў. Прадпрыемствы і калектывы, якія не змаглі гэта зрабіць, нам проста не патрэбныя», — заявіў А.Лукашэнка.

Няясна, ці гэта проста чарговыя пагрозы з мэтай заахвоціць стартныя прадпрыемствы працаваць лепей, ці падрыхтоўка да рэальнага скарачэньня бюджэтных выдаткаў. Апошнія гады ўсё абмяжоўвалася словамі.

Лукашэнка падкрэсьліў, што ўсе наяўныя сродкі павінны быць сканцэнтраваны на прарыўных напрамках, якія забясьпечваюць павышэньне канкурэнтаздольнасьці эканомікі.

Спэцыфічным тэрмінам «рэальны сэктар эканомікі» ў Беларусі акрэсьліваюць прамысловасьць і сельскую гаспадарку. Сфэру паслуг і навуковыя дасьледаваньні, доля якіх у суссьветным ВУП імкліва расьце, да «рэальнага сэктару» не адносяць. І ў прыярытэты іх ніколі не залічвалі. Беларускія ўрадоўцы дагэтуль застаюцца ў палоне савецкіх уяўленьняў пра эканоміку, паводле якіх ступень разьвіцьця краіны прама прапарцыйная маштабам прамысловай вытворчасьці, найперш — цяжкай прамысловасьці. Гэта было абумоўлена важнасьцю ВПК для дасягненьня галоўнай мэты савецкага рэжыму — сусьветнага панаваньня. Цяжка сказаць, ці адэкватны такі падыход нацыянальным інтарэсам Беларусі. Цяжкая прамысловасьць і сельская гаспадарка — энэргаёмістыя галіны. І зь іншага боку, геаграфічнае становішча Беларусі і адукацыйная інфраструктура натуральна спрыяюць пашырэньню сфэры паслуг (ад праграмаваньня да банкаўскай сфэры, ад транспарту да будаўніцтва).

Падтрымка прамысловасьці і сельскай гаспадаркі доўгія гады мела палітычную мэту: захаваць занятасьць на дзяржаўных прадпрыемствах і тым самым залежнасьць ад адміністрацыі, забясьпечыць падтрымку аўтарытарнай улады, прадэманстраваць яе перавагі перад дэмакратычнай і нацыянальнай альтэрнатывай. Але «ў прадпрыемстваў было больш за 10 гадоў, каб адаптавацца да новых умоваў. Прадпрыемствы і калектывы, якія не змаглі гэта зрабіць, нам проста не патрэбныя», — заявіў цяпер А.Лукашэнка. «Калі і абваліцеся — дзяржава ад гэтага не загіне, а раней, калі б усе абваліліся, то і дзяржава загінула б. Таму мы вымушаны былі праводзіць такую палітыку», — сказаў А.Лукашэнка.

Асабліва дасталося сельскай гаспадарцы і лёгкай прамысловасьці, дзе сытуацыя найгоршая.

«Я раблю адну выснову, што ўрад за кошт бюджэту спрабуе скрыць сваю няздатнасьць і дрэнную работу», — сказаў А.Лукашэнка.

Міхаіл Мясьніковіч, Зянон Ломаць і намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Анфімаў выступілі ва ўнісон з А.Лукашэнкам з крытыкай «асобных дзеяньняў ураду». «Мы ўзгадавалі цэлы клас утрыманцаў», — грымеў Анфімаў.

Пярэчыць наважыўся толькі віцэ‑прэм’ер Уладзімер Сямашка. Ён выказаўся за працяг практыкі дзяржпадтрымкі. Ужо ня першы раз У.Сямашка выступае ў ролі выказьніка інтарэсаў дырэктарату. Гэтак, нядаўна ён выступіў за «павышэньне сацыяльнай абароненасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў». Гэта значыць, за рост заробкаў, пэнсіяў, выгодаў для іх.

Сьмелыя, па лукашэнкаўскіх мерках, заявы У.Сямашкі адлюстроўваюць рост супярэчнасьцяў між дырэктаратам і ідэалягічна‑сілавым апаратам рэжыму. Першаму хочацца павелічэньня ўласнай ролі ў працэсе капіталізацыі. Другі імкнецца да пабудовы дзяржаўна‑манапалістычнага капіталізму.

Мікола Бугай

Здымак Беларусь-ФОТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0