З красавіка вы больш ня купіце выданьняў холдынгу «Літаратура і мастацтва»: аднайменнай газэты й часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Всемирная литература» і «Нёман». Зараз на іх можна будзе толькі падпісацца. А беларускамоўныя выданьні ў шапіках можна будзе палічыць на пальцах.

Рэдактар тыднёвіка «ЛіМ» Анатоль Казлоў тлумачыць рашэньне эканамічнымі прычынамі: «Вырашылі распаўсюджвацца толькі праз падпіску, каб не працаваць напустую. Каму цікава, той падпішацца». На эканоміцы робіць акцэнт і кіраўнік «Белсаюздруку» Міхаіл Падгайны: «Мы — камэрцыйная структура, якая займаецца распаўсюджваньнем тавару. Што датычыць установы «ЛіМ», дык мы пагадзіліся распаўсюджваць іх прадукцыю пад гарантыі продажу. Дагэтуль у іх былі вельмі вялікія сьпісаньні».

Незалежны часопіс «Arche» праблемаў са сьпісаньнем ня мае, яно невялікае. Яго рэдактар Валер Булгакаў праводзіць паралелі з Украінай: «Там ад продажу літаратурна-мастацкіх выданьняў у шапіках адмовіліся ўжо даўно, бо яны загадзя лічацца непрыбытковымі». Рэдактар «Arche» лічыць імавернай адмову «Белсаюздруку» ад усіх літаратурна-мастацкіх выданьняў. Ад такой палітыкі пацярпеў ужо незалежны часопіс «Дзеяслоў», які ў «Белсаюздруку» адмовіліся браць на распаўсюд. «Нам сказалі, што ў шапіках утвараюцца проста горы «Полымя», «Маладосці». Маўляў, літаратурна-мастацкія выданьні не карыстаюцца попытам. Так што мы фактычна пацярпелі за тыя выданьні», — распавёў рэдактар часопісу Барыс Пятровіч.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0