Дэпутат Халопік адстойвае справу інтэграцыі з Расеяй. Ягоныя калегі па дэпутацкай групе «СЭР» лічаць гэтыя выказваньні «асабістай думкай».

Лідэр дэпутацкай групы «Спрыяньне эканамічным рэформам» (СЭР) Кірыла Халопік выступіў з крытыкай праграмы дзеяньняў ураду на 2004 год. У прапанаваным кабінэтам Сідорскага на зацьвярджэньне ППНС традыцыйным законапраекце «Аб асноўных кірунках замежнай і ўнутранай палітыкі Беларусі» «інтэграцыйны» пункт упершыню адсутнічаў. Няма і плянаў уводзіць з 2005 г. расейскі рубель. Стратэгія адносінаў з адзіным саюзьнікам уклалася ў адзін абзац: «Супрацоўніцтва з РФ у сфэры замежнаэканамічнай дзейнасьці будзе скіраванае галоўным чынам на рэалізацыю праграмы дзеяньняў РБ і РФ па рэалізацыі дамовы пра стварэньне саюзнай дзяржавы. Атрымаюць далейшае разьвіцьцё гандлёва-эканамічныя дачыненьні з рэгіёнамі Расеі. Асаблівая ўвага ўраду будзе нададзеная рэалізацыі мерапрыемстваў па супрацоўніцтве з Масквой». Вось і ўсё.

Калі б не К.Халопік, на нудны штогадовы дакумэнт, магчыма, ніхто, акрамя замежных дыпляматаў, не зьвярнуў бы ўвагі. Пункт аб прыярытэтным партнэрстве з Расеяй мусіць вярнуцца ва ўрадавы дакумэнт! Гэтую думку дэпутат агучваў публічна, і ня раз, што ў рахманай палаце здаралася рэдка. К.Халопік мяркуе, што праблема палягае ў нежаданьні беларускіх уладаў уніфікаваць заканадаўства з Расеяй.

Дэпутат ад Століншчыны Іван Пашкевіч ня схільны ўвязваць «інтэграцыйнасьць» калегі зь ягонымі выбарчымі плянамі. «Халопік зьяўляецца аўтарам альтэрнатыўнага законапраекту «Аб асноўных кірунках замежнай і ўнутранай палітыкі Беларусі», праз кожны артыкул якога чырвонай ніткай праходзяць інтэграцыйныя настроі з Расеяй. Цяпер і праект Халопіка, і ўрадавы законапраект абмяркоўваюцца ў дэпутацкіх групах. Асабіста я аддаю перавагу праекту Саўміну», — сказаў І.Пашкевіч.

Ён ня ведае, інтэграцыйны пыл — асабістая ініцыятыва дэпутата Халопіка або пазыцыя нейкай групы. Разам з тым, Іван Пашкевіч скептычна ставіцца да думкі, што калега адлюстроўвае інтарэсы расейскага бізнэсу. «Эканамічныя адносіны з Расеяй склаліся такія, што быць лабістам буйных расейскіх кампаній можа толькі адзін чалавек у краіне — кіраўнік дзяржавы», — падкрэсьліў І.Пашкевіч.

Былы дырэктар Выгалавіцкай птушкафабрыкі, сябар дэпутацкай групы «Рэспубліка» Ігар Баслык таксама лічыць, што «інтэграцыя з Расеяй — адзін з галоўных прыярытэтаў у дзейнасьці ўраду. Але не галоўны». Увогуле, лічыць сябар «Рэспублікі», «Беларусь губляе стратэгічнага партнэра ў асобе Расеі і становіцца буфэрнай зонай паміж Расеяй і NАТО. Відаць, у Халопіка былі прычыны зрабіць падобную заяву». Аднак называць тыя самыя прычыны дэпутат ня стаў.

Сябар групы «СЭР» Андрэй Нарэйка засьцерагае, што заявы кіраўніка групы — асабістая думка дэпутата К.Халопіка. «Перш чым рабіць гэтыя заявы, Кірыла Халопік не абмяркоўваў праблемы з усёй групаю, — сказаў дэпутат. — Гэта ягоныя асабістыя перакананьні». Зрэшты, і А.Нарэйка мяркуе: «Акцэнты ў адносінах з Расеяй варта расставіць».

Напярэдадні выбараў такія заявы з боку дэпутата, які зьбіраецца паўторна змагацца за мандат, выглядаюць і выклікам, і праграмным крокам. Такім чынам, прарасейская партыя фармуецца не сярод дэмакратычнае апазыцыі, чым доўга палохалі дзяржаўныя СМІ, а ў самім аплоце лукашэнкаўцаў. А на чале яе праявіўся дэпутат зь непрэзыдэнтабэльным прозьвішчам.

Глеб Хмяльніцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0