3 красавіка ў Менску адбыўся форум «Будучыня левых у Беларусі». Пабываўшы на ім, я нарэшце зразумеў прычыну развалу СССР.

Дэфіцыт гарэлкі, подступы ЦРУ і калдырны путч ні пры чым. Савок ляснуўся таму, што Шушкевіч, Краўчук і Ельцын былі ў душы (як гэта высьветлілася пазьней) сацыял-дэмакратамі.

Палітычная культура нашай сацыял-дэмакратыі загадкава схільная да нематываваных канфрантацый і канфліктаў. Вось і ў суботу: не пасьпеў пачацца форум, як тав.Шушкевіч зачытаў ноту пратэсту супраць пранікненьня на канфэрэнцыю прайдзісьветаў, якія прыкрываюцца партквіткамі яго БСДГ. Пасьля чаго ён эфэктна пакінуў залю.

Як і трэ было чакаць, левай Антанты не атрымалася. За адсутнасьцю Шушкевіча, форум зьвёўся да дзяжурнай канстатацыі рознагалосьсяў паміж дзьвюма фракцыямі беларускіх левацэнтрыстаў. Партыя працы, БСДГ і ПКБ мусолілі тэзыс, што рашэньне сацыяльных праблемаў магчымае выключна ў фармаце агульнадэмакратычных рэформаў. Асабліва пацешыў Калякін, які абвясьціў, што ПКБ — партыя левацэнтрыстаў. І ты, Брут, прадаўся Эбэрту!

Статкевіч прыармяніў сацыяльнае пытаньне да геапалітыкі: як увойдзем у ЭЗ — нам абломіцца сацыялізм.

На фуршэце пасьля трэцяй у галаву мне разам з градусам стукнула эўрыка. Шкада, што ў нашых левых партыях ня ўведзены пост «чалавека з народу». Нейкі суграмадзянін зь нізоў, які змог бы тэставаць усе акцыі на прадмет патрэбаў пралетарыяту. Вось бальшавікі, калі ехалі заключаць Берасьцейскі мір, не забыліся прыхапіць на плятформе Аляксандраўскага вакзалу нейкага бамжа як эманацыю працоўных масаў. Падчас перамоваў зь немцамі ён сядзеў, жраў халяўную гарэлку і ўважліва глядзеў, каб Троцкі нечага не напартачыў.

Каб такі Шарыкаў прысутнічаў на форуме, ён бы адразу паклаў канец бессэнсоўным размовам наконт аб’янаньня. Народу гэта незразумела і не патрэбна.

Наша сацыял-дэмакратычная эліта нагадвае экіпаж «Баўнці» — мяцежнага карабля, які доўгі час блукаў па прасторах Ціхага акіяну. У выніку ваяжу матросы настолькі абрыдлі адзін аднаму, што пачалася панажоўшчына. Той самы псыхалягічны эфэкт назіраецца і на левацэнтрысцкім флянгу, толькі замест кінжалаў і мачэтэ ў ход ідуць рэзалюцыі і дэмаршы.

У такой сытуацыі левыя павінны браць прыклад з правых. Паглядзеце на БНФ. Яго твар усё больш вызначаюць «зялёныя» кшталту Міхалевіча-Янукевіча і Лялькова. У той жа час маладыя «ружовыя» — што тыя мільтаны пры двары Генрыха IV. Шушкевіч, Статкевіч і Бухвостаў, дайце маладым на тры дні мандат кіраўнікоў, і ўжо праз паўгадзіны яны будуць піць шампанскае за новую «Адзіную Беларускую Сацыял-Дэмакратыю». Усіх праблемаў.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0