25 сакавіка будзе заўсёды, Пакуль людзі думаюць аб свабодзе. Гэта — урывак зь верша паэта М.Авер’якаса, напісанага ў часы чорных палкоўнікаў.

З Грэцыяй нашу краіну зьвязвае мноства падзей. Некаторыя лічаць, што гэтыя сувязі сягаюць яшчэ ў часы «бацькі гісторыі» Герадота, пісаўшага пра народ ваўкалакаў-неўраў. Археалягічныя зьвесткі гавораць, што гандляры з Элады здаўна наведвалі наш край. У Візантыі нарадзілася ідэя уніі — злучэньня хрысьціянскіх цэркваў дзеля супрацьстаяньня турэцкай пагрозе. Злучэньня не атрымалася, і над Эладай апусцілся доўгая ноч турэцкага панаваньня.

Толькі на пачатку ХІХ ст. нацыянальная рэвалюцыя прынесла свабоду радзіме дэмакратыі. Рух пачаўся ў Малдове на пачатку сакавіка 1821 г. і быў зарганізаваны патаемнай арганізацыяй «Філікі Этрэя». І хоць даволі хутка наступ пастаўнцаў захлынуўся — з-за спрадвечнай варожасьці грэкаў і малдаван і двудушша расейскага ўраду, які ў апошнюю хвіліну адмовіў інсургентам у падтрымцы.

Неўзабаве паўстаньне перакінулася на ўласна грэцкія землі. Пачаткам лічыцца стварэньне 25 сакавіка 1821 г. часовага ўраду — Пэляпанэскага сэнату. Уся Эўропа і Амэрыка напружана сачыла за гэтымі падзеямі. Агульнавядомы ўчынак лорда Байрана, які адплыў змагацца за волю Элады. Але, як пісаў “наўздагон” Байрану Ўладзімер Дубоўка: «Вы ішлі бараніць ня грэкаў, а грэцкія міты»...

І сапраўды, калі стала відавочна, што наноў паўсталая Грэцыя — не другая Элада клясычнага ўзору, а бедная нехлямажая краіна, да грэкаў пачалі ставіцца з пагардай. Ім адмаўлялі ў сувязях са старажытнымі элінамі. Яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя адзін кіеўскі прафэсар адхіляў саму магчымасьць літаратуры на навагрэцкай мове. Гэта не перашкодзіла пазьней Нобэлеўскаму камітэту двойчы адзначыць прастаўнікоў гэтай літаратуры — Георгаса Сэфэрыса ў 1963 г. і Адысэаса Эліціса ў 1979 г. Можна згадаць яшчэ Нікаса Казандакіса, чые творы леглі ў аснову фільмаў «Грэк Зорба» і скандальнага «Апошняга спакушэньня Хрыста».

Змагаючыся з іміджам адсталае краіны, улады Грэцыі рабілі ўсё, каб засьведчыць пераемнасьць з Эладай і Візантыяй. Краіна атрымала свой старажытны назоў, літаратурная мова была падагнаная пад старажытны ўзор, зьнешнюю палітыку вызначала «вялікая ідэя» — рэстаўрацыя імпэрый візантыйскіх часоў. У час першай сусьветнай вайны грэкі блізка падышлі да гэтай мэты, бо ім, як хаўруснікам Антанты, была дазволеная акупацыя Турцыі — сябра Нямеччыны. Скончылася трагічна: раззлаваныя туркі зрабілі страшэнную разьню «былых рабоў».

Гэтая падзея, вядомая ў Грэцыі як «малаазійская катастрофа», пазбавіла грэкаў іх спрадвечных этнічных земляў. Тых, дзе знаходзіліся, да прыкладу, старажытны Эфэс, Сінопа, прывяла да росту сацыяльнай напружанасьці й духоўнага крызысу. Бо «вялікая ідэя» была цяпер страчаная. Таму палітычнае жыцьцё міжваеннай Грэцыі характарызуецца палітычнай нетрываласьцю: абвяшчэньне рэспублікі, рэстаўрацыя манархіі, дыктатура ...Толькі зьнешняя пагроза аб’яднала грэкаў. 28 кастрычніка 1940 г. Грэцыя адхіліла ультыматум Мусаліні і нанесла паразу італьянскім войскам у Альбаніі. Супрацьстаяць вермахту грэцкая армія, аднак, не змагла, і краіна была падзелена між Нямеччынай, Італіяй і Баўгарыяй. Грэцыю, як і суседнія краіны, ахапіў партызанскі рух, дзе галоўную ролю адыгравалі камуністы. Аднак грэцкім таварышам не пашанцавала. У краіне зьявіліся брытанскія войскі, а падтрымка Камуністычнай партыяй Грэцыі прэтэнзіі Югаславіі й Альбаніі на грэцкія землі раззлавала народ. Не бачачы магчымасьці перамагчы на выбарах, камуністы распачалі грамадзянскую вайну, якая скончылася для іх поўнай паразай.

Грамадзянская вайна пакінула балючы сьлед у жыцьці краіны. Зноў узьнікае вострае супрацьстаяньне паміж правымі і левымі. Вынікам стаў ваенны пераварот 1967 г., які ўсталяваў рэжым «чорных палкоўнікаў». Новы рэжым жорсткасьці й дробязнай прыдзірлівасьці. На поўным сур’ёзе была распачатая, напрыклад, «барацьба зь міні-спадніцамі». Ня дзіва, што грэцкая моладзь зьненавідзела новых «бацькоў нацыі». Неўзабаве супраць улады паўстаў палітэхнічны факультэт Атэнскага ўнівэрсытэту. Крывавая расправа з паўстанцамі нанесла вялізную маральную і палітычную паразу рэжыму. Каб падняць аўтарытэт, вайсковы урад робіць спробу далучыць Кіпр, што паклала пачатак падзелу вострава на грэцкую і турэцкую часткі, і канчаткова зьнішчыла дыктатуру ў жніўні 1974 года.

Перад краінай паўстае задача грамадзянскага прымірэньня і пераадоленьня эканамічнай адсталасьці. Вырашэньне гэтых праблем аказалася наканавана Андрэасу Папандрэу, нашчадку беларускага паўстанца Жыгманта Мінэйкі, па інфармацыі грэцкага часопіса «Тахідрамус». Сям’я Мінейкі, якая пражывала ў беларускім мястэчку Зялёны Бор цяперашняга Смалявіцкага раёна, была цесна звязана з польскімі паўстанцамі. Жыгманта саслалі на 12 гадоў у Сібір. Пасля катаргі ён зьехаў ува Францыю, а потым у грэцкі горад Яніну, дзе ўзяў шлюб з грэчанкай Персэфонай Манары, ад якой у яго было 7 дзяцей. Адна з дачок — Сафія — вышла замуж за Георгія Папандрэу, а ад яго зьявіўся на сьвет будучы лідар грэцкіх сацыялістаў.

За часы кіраваньня папандрэўскай «новай дэмакратыі» Грэцыя перастала лічыцца «бедным сваяком» Еўропы. Была абвешчана амністыя ўдзельнікам камуністычных злучэньняў часоў другой сусьветнай вайны, і прызнаны іх унёсак у справу Супраціву.

Летась «новая дэмакратыя» была вымушаная саступіць кансэрватыўнай партыі Костаса Карманліса. Але, хто б не стаяў ва ўладзе, Грэцыя будзе сьвяткаваць 25 САКАВІКА.

Вацлаў Шаблінскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0