У траўні гэтага году нашы суседзі зробяцца паўнапраўнымі сябрамі Эўразьвязу. З нагоды гэтае гістарычнае падзеі шмат хто з палітыкаў ды журналістаў зьвяртае ўвагу на станоўчыя бакі «пашырэньня Эўропы» як для самога Зьвязу, так і для кандыдатаў. Аднак жа ў кожнага мэдаля ёсьць два бакі. Несумненна, уступленьне ў Зьвяз нясе з сабой і рызыкі, якія асабліва важна ўлічваць, распрацоўваючы замежнапалітычную канцэпцыю будучае вольнае Беларусі.

Дзеля нагляднасьці падзелім гэтыя рызыкі на эканамічныя, замежнапалітычныя і этнічныя.

Адным з самых важкіх аргумэнтаў на карысьць далучэньня да Зьвязу заўсёды было жаданьне новых усходнеэўрапейскіх дэмакратый дасягнуць заходняга ўзроўню жыцьця і эканамічнай разьвітасьці ў разьліку на заходнюю дапамогу. На жаль, сёньняшняя эканамічная сытуацыя ў Заходняй Эўропе не абяцае цяперашнім і тым болей будучым кандыдатам у Зьвяз «манны нябеснай». Стрыжнёвыя краіны Зьвязу — Нямеччына, Францыя і Італія — перажываюць сур’ёзны эканамічны крызыс. Усім вядома няздольнасьць гэтых краін да рэфармаваньня сацыяльных сыстэм дзеля вырашэньня праблем беспрацоўя ды старэньня насельніцтва. Часам здаецца, што заходнеэўрапейскія грамадзтвы заснулі недзе ў 60-х гадах падчас эканамічнага буму і клясавых бітваў ды прачнуліся ў пачатку ХХІ ст. са старым наборам лявацкіх ідэалістычных догмаў, непрыдатных для сёньняшняга глябалізаванага сьвету. Пра пляны Зьвязу стаць самай дынамічнай эканамічнай супольнасьцю да 2010 г. (так званы «Лісабонскі пратакол») ніхто ўжо сур’ёзна ня згадвае. Ідэалягічная зашоранасьць ды недаацэнка важнасьці эканамічных праблем будуць рабіць Эўропу ўсё болей адсталым рэгіёнам у канкурэнтнай барацьбе са Злучанымі Штатамі ды Азіяй. Адставаньне Эўропы ў тэмпах росту эканомікі ў хуткім часе адаб’ецца і на сацыяльным становішчы ды бюджэце Зьвязу. У гэтых умовах новым сябрам наўрад ці варта будзе разьлічваць на грунтоўную фінансавую дапамогу з Брусэлю, якая ў мінулым паставіла на ногі гішпанцаў ды ірляндцаў.

Акрамя таго, сацыялістычная арыентаванасьць заходнеэўрапейцаў (слова «лібэрал» у сэнсе эканамічных поглядаў успрымаецца шмат дзе ў Заходняй Эўропе як лаянка) можа прывесьці да непасрэднага сутыкненьня інтарэсаў Захаду і Ўсходу. Так, незадаволенасьць заходнікаў выклікае лібэральная падатковая палітыка краін-кандыдатак. Значна ніжэйшыя падаткі на ўсходзе Эўропы робяць гэты рэгіён больш прывабным для заходнеэўрапейскіх прадпрыемстваў, што выліваецца ў экспарт працоўных месцаў і зьмяншэньне паступленьняў у заходнеэўрапейскія бюджэты. Але замест таго каб самім зьніжаць падаткі, немцы і французы патрабуюць ад усходнеэўрапейцаў (зрэшты, як і ў Ірляндыі) спыненьня «падатковага дэмпінгу», а ў адваротным выпадку пагражаюць перагледзець пляны дапамогі Ўсходу. Вядома таксама, што грамадзяне краін-кандыдатак не адразу атрымаюць доступ да працоўных рынкаў Заходняе Эўропы. І гэта толькі пачатак. Барацьба супраць пераразьмеркаваньня працоўных месцаў яшчэ толькі набірае абароты і можа прывесьці да ўсё новых абмежаваньняў для руху капіталу і працы ў межах Зьвязу.

Другі варты згадкі аспэкт — замежная палітыка. Не зьяўляецца таямніцай, што замежнапалітычная арыентацыя нашых суседзяў трохі адрозьніваецца ад францускай і нямецкай. Усходнеэўрапейцы застаюцца вернымі стратэгічнаму партнэрству са Злучанымі Штатамі, у той час як французы і немцы распрацоўваюць пляны стрымліваньня амэрыканскага дамінаваньня. Каб пакінуць за Францыяй, Нямеччынай ды іх аднадумцамі вырашальны ўплыў на замежныя прыярытэты Зьвязу, праект новае эўрапейскае Канстытуцыі прадугледжвае «супольную замежную палітыку» і адмену прынцыпу «адна краіна — адзін голас» на карысьць прапарцыйнага прадстаўніцтва ў замежнапалітычных органах. Залішне і казаць, што такі расклад не пакідае ўсходнеэўрапейскім краінам ніякіх шанцаў на незалежную замежную пазыцыю (першай гэта зразумела Польшча, якая пакуль не прыняла праекту). Усе памятаюць камэнтар францускага прэзыдэнта Жака Шырака на падтрымку ўсходнеэўрапейцамі амэрыканскае ваеннае апэрацыі ў Іраку: маўляў, «усходнеэўрапейскія краіны страцілі добрую нагоду прамаўчаць». Колькі такіх «нагод прамаўчаць» зьявіцца ў будучыні, можна толькі здагадвацца.

Нарэшце, этнічны чыньнік. Адной з самых балючых праблем Зьвязу застаецца павольная інтэграцыя мусульманскай меншасьці. На сёньняшні момант у Зьвязе жыве каля пятнаццаці мільёнаў мусульман. Іх колькасьць будзе ўвесь час расьці дзякуючы вялікім тэмпам нараджальнасьці. Само па сабе гэта не было б бядой, калі б толькі альжырцы ў Парыжы ці туркі ў Бэрліне адчувалі сябе грамадзянамі Эўропы. Аднак мусульманскія меншасьці ня толькі не прымаюць эўрапейскіх каштоўнасьцяў, але і нараджаюць у сваім асяродзьдзі радыкальныя ісламскія групоўкі зь іх нянавісьцю да Захаду і гатоўнасьцю да гвалту. Вядома, што тэракты 11 верасьня ў Амэрыцы рыхтаваліся жыхарамі Эўропы арабскага паходжаньня. Эўропа доўгі час прытрымлівалася думкі, што ісламскі тэрарызм яе не датычыць. На жаль, тэракты ў Гішпаніі прадэманстравалі адваротнае. З праблемамі інтэграцыі мусульманскіх меншасьцяў давядзецца сутыкнуцца і ўсходнеэўрапейцам. Турэцкія альбо мараканскія кварталы ў Вільні могуць стаць рэальнасьцю. І самае галоўнае, што ўсходнеэўрапейцы ня змогуць эфэктыўна процідзейнічаць ісламісцкай пагрозе, ня маючы рычагоў самастойнага вызначэньня эміграцыйнай палітыкі.

Праўда, сцэнар далейшага паглыбленьня інтэграцыі ў межах Эўразьвязу не зьяўляецца адзіна магчымым. Пляны далучэньня да Эўрасупольнасьці Турцыі як паўнапраўнага сябра нясуць рызыку ператварэньня Зьвязу ў «не зусім эўрапейскі» і «не зусім Зьвяз». Можна прадбачыць, што памкненьні Турцыі будуць пасьпяховымі, улічваючы стратэгічную важнасьць гэтае краіны для Захаду як прыкладу для астатняга мусульманскага сьвету. У гэтым выпадку можна прагназаваць дэградацыю Зьвязу да ўсяго толькі супольнасьці з супольнай эканамічнай прасторай ды парай–тройкай наддзяржаўных бюракратычных надбудоў накшталт «камітэту аховы помнікаў эўрапейскае ды азіяцкае даўніны».

Але ж і ў такім «друзлым» Зьвязе, і ў магчымай «Фэдэрацыі антыамэрыканскіх народаў Эўропы» Беларусі рабіць няма чаго. Для нас найважнейшым зьяўляецца эканамічнае супрацоўніцтва з Эўропай, а дзеля гэтага, як паказвае прыклад Швайцарыі, Нарвэгіі і Ісьляндыі, уступаць у Зьвяз неабавязкова. Самай зручнай формай супрацоўніцтва са Зьвязам будзе асацыяванае членства ў супольнай эканамічнай прасторы. Дасягнуць такога статусу Беларусі будзе значна прасьцей і, больш за тое, выгадней, бо Заходняя Эўропа будзе заахвочваць сваіх усходніх суседзяў рабіць выбар на карысьць менавіта «мяккага сяброўства». Прыйшоў час зразумець, што «вяртаньне Беларусі ў Эўропу» і «ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз як паўнапраўнага члена» — ня тоесныя паняцьці.

Што ж да стратэгічных інтарэсаў Беларусі ў галіне бясьпекі, то яны могуць быць забясьпечаны толькі сяброўствам у NATO. NATO на сёньняшні момант — адзіная вайскова-палітычная структура ў Паўночным паўшар’і, здольная даць адэкватныя адказы на выклікі міжнароднага тэрарызму і пры неабходнасьці абараніць беларускую незалежнасьць. Нездарма самыя «прасунутыя» ўсходнеэўрапейскія краіны Вышаградзкае групы (Польшча, Чэхія і Вугоршчына) найперш уступілі ў NATO, а потым ужо і ў Зьвяз. Беларускі шлях у NATO да стратэгічнага партнэрства са Злучанымі Штатамі будзе доўгім і цярністым, улічваючы цяперашні рэжым ды савецкае паходжаньне беларускае намэнклятурнае эліты. Але ж мы гэты шлях пройдзем. А пра мэты, як і куды ісьці, варта размаўляць ужо сёньня, тым больш што чакаць зьмен у Беларусі засталося ўжо нядоўга.

Сяржук Вінаградаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0